Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шосты дзень вайны ў Ізраілі: у Газе няма электрычнасьці, вайскоўцы Ізраіля нясуць новыя страты


Ізраільскія танкі каля мяжы зь Лібанам
Ізраільскія танкі каля мяжы зь Лібанам

Ізраіль атакуе сэктар Газа, заяўляючы пра намаганьні зьнішчыць вайсковы патэнцыял ХАМАС. Палестынскія баевікі працягваюць налёты на Ізраіль.

Эгіпет вядзе інтэнсіўныя перамовы з Ізраілем і ЗША аб дазволе на дастаўку дапамогі і паліва праз пункт пропуску Рафах. Тым ня менш ён адхіліў прапановы стварыць калідоры з Газы, заявіўшы, што выхад палестынцаў з анкляву будзе мець сур’ёзныя наступствы для палестынскай справы, піша Reuters.

Арганізацыя Аб’яднаных Нацый паведамляе, што 260 тысяч чалавек ужо пакінулі свае дамы. Газа мае даўжыню 40 кілямэтраў, яна знаходзіцца паміж Ізраілем, Эгіптам і Міжземным морам.

З надыходам ночы палестынцы апынуліся ў цемры ў значнай частцы гораду Газа і ў іншых месцах пасьля таго, як спынілася праца электрастанцыі.

У найбуйнейшай лякарні сэктару Газа, Аль-Шыфа, цягам некалькіх дзён скончыцца паліва, каб падтрымліваць электраэнэргію, сказаў Матыяс Канэс, прадстаўнік арганізацыі «Лекары бязь межаў», якая базуецца ў Газе. Група заявіла, што ў двух шпіталях, якімі яна кіруе ў сэктары, не хапае хірургічнага абсталяваньня, антыбіётыкаў, паліва і іншых матэрыялаў.

Ізраіль спыніў пастаўкі прадуктаў харчаваньня, паліва, электраэнэргіі і мэдыкамэнтаў у Газу. Канвоі стаялі загружаныя палівам і ежай у сераду на эгіпецкім баку пераходу Рафах, але не змаглі ўвайсьці ў Газу, сказаў высокапастаўлены эгіпецкі чыноўнік. Адзіны пункт пропуску паміж Эгіптам і Газай быў закрыты 10 кастрычніка пасьля ізраільскіх авіяўдараў паблізу.

The Jerusalem Post піша, што саудаўскі прынц Махамэд бін Сальман і прэзыдэнт Ірану Эбраім Раісі зьвязаліся па тэлефоне і гаварылі пра вайну Ізраілю з ХАМАС. Гэта іхныя першыя тэлефонныя перамовы ў гісторыі.

Па зьвестках уладаў, у Газе загінулі ня менш за 1200 чалавек. Ізраіль заяўляе, што сотні загінулых у Газе зьяўляюцца членамі ХАМАС. У адным кібуцы недалёка ад Газы ізраільскія войскі ўсё яшчэ вывозілі целы загінулых баевікоў ХАМАС, якія ўварваліся ў кібуц і забілі больш за 100 жыхароў, а затым змагаліся з салдатамі амаль тры дні.

Генэрал-маёр Ітай Веруў паведаміў журналістам, што вайскоўцы знайшлі доказы таго, што баевікі ХАМАС пераразалі горла зьвязаным палонным, шыхтавалі дзяцей і адпраўлялі 15 дзяўчатак-падлеткаў у пакой, перш чым кінуць у яго гранату.

Ізраільскія вайскоўцы заявілі, што больш за 1200 чалавек, у тым ліку 189 салдат, былі забітыя ў Ізраілі, ашаламляльная колькасьць, нябачаная з часоў вайны з Эгіптам і Сырыяй у 1973 годзе, якая доўжылася некалькі тыдняў.

Прэм’ер-міністар Ізраіля Біньямін Нэтаньягу і вядучы дзеяч апазыцыі 11 кастрычніка стварылі кабінэт на пэрыяд ваеннага часу.

Рызыка пашырэньня вайны стала відавочнай у сераду пасьля таго, як падтрыманая Іранам лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх. Ізраільскія вайскоўцы пацьвердзілі факт нападу, але ня сталі камэнтаваць магчымыя ахвяры. Вайскоўцы абстралялі раён на поўдні Лібану, адкуль была атака.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.

    «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

    «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.
  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.

    Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG