Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Напісаная лацінай паэма Мікалая Гусоўскага — пра нас». 500 гадоў таму пабачыла сьвет «Песьня пра зубра»


Жанна Некрашэвіч
Жанна Некрашэвіч

Доктар філялягічных навук, прафэсар унівэрсытэту імя Адама Міцкевіча ў Познані, дасьледчыца старажытнай літаратуры, перакладчыца літаратурных твораў з лацінскай, польскай, царкоўнаславянскай і старабеларускай моваў Жанна Некрашэвіч-Кароткая разважае пра «Песьню пра зубра».

«Гусоўскі — не Мікола, а Мікалай»

— Наша гутарка прымеркаваная да 500-годзьдзя выданьня паэмы Міколы Гусоўскага «Песьня пра зубра». І тут мы адразу абмовімся, што называем той варыянт імя знакамітага паэта-лацініста, да якога ўжо прызвычаеная публіка пасьля выхаду беларускіх перакладаў ягонай паэмы — Мікола. Але вы называеце яго Мікалаем.

— Аўтар «Песьні пра зубра», «Перамогі над туркамі» і паэмы пра сьвятога Гіяцынта падпісваў сваё імя толькі на лацінскай мове. Прычым калі яго катайконім (онім паводле месца нараджэньня) сустракаецца ў двух варыянтах — Hussovianus і Ussovius, адсюль — Гусоўскі, то імя заўсёды перадаецца аднастайна — Nicolaus. Гэта агульнапрынятая літаратурная форма сусьветна пашыранага імя, якое ў хрысьціянскай традыцыі набыло папулярнасьць асабліва на землях усходніх славянаў, дзякуючы надзвычайнаму пашырэньню культу сьвятога Мікалая Мірлікійскага. Афіцыйная літаратурная форма імя — Мікалай. Мікола — народная форма. Наш лацінамоўны паэт нідзе ў субскрыпцыях народнай формы не ўжываў. Таму лічу карэктным у адносінах да яго самога ўжываць афіцыйную літаратурную форму імя — Мікалай.

Яшчэ адна рэмарка: паколькі «Hussovianus» — гэта катайконім, а ня прозьвішча, некарэктна ўжываць яго без імя — так, як у выпадку з манаскімі імёнамі. Мы не гаворым «Полацкая», а толькі «Еўфрасіньня Полацкая». І нават скарот «Е. Полацкая» выглядае недарэчна. Тое самае адносіцца да Мікалая Гусоўскага. Трэба паважаць культурныя традыцыі той эпохі, пра якую мы пішам або гаворым.

Мікалай Гусоўскі, аўтар Уладзімер Скамарошчанка.
Мікалай Гусоўскі, аўтар Уладзімер Скамарошчанка.

«Дакладная дата надрукаваньня зборніка „Песьня пра зубра“ з аднайменнай паэмай невядомая»

— Вы вельмі шмат працавалі ў архівах у гарадах, зьвязаных з творчым і жыцьцёвым шляхам Гусоўскага. Ці ўдалося вам высьветліць дакладную дату надрукаваньня ў Кракаве ягонай «Carmen de statura, feritate, ac venatione Bisontis» («Песьні пра выгляд, лютасьць зубра і паляваньне на яго»)?

— Я працавала ў асноўным не ў архівах, а ў аддзелах старадрукаў (аддзелах рэдкіх кніг). У архівах я, можна сказаць, і не была, бо рукапісы мяне цікавілі менш, чым старадрукаваныя кнігі. А нават тыя рукапісы, якія мяне цікавілі, я знаходзіла менавіта ў аддзелах рэдкіх кніг (напрыклад, у Вільні, Кракаве, Курніку).

Што да гарадоў, зьвязаных з творчым і жыцьцёвым шляхам Мікалая Гусоўскага, то дакладна вядома, што ён жыў і працаваў у Рыме, а таксама (хутчэй за ўсё) у Кракаве. Мне пашчасьціла даволі доўгі час працаваць у бібліятэках Кракава, а ў Папскай бібліятэцы Ватыкану я працавала ўсяго дзьве гадзіны, але ня ў сувязі з кнігамі Мікалая Гусоўскага. Але менавіта ў кракаўскай бібліятэцы Чартарыйскіх я ўпершыню ўзяла ў рукі той самы надзвычай рэдкі асобнік кнігі 1523 году з гравюрнай выявай і надпісамі на трох сьвяшчэнных мовах на апошняй старонцы.

Так ці іначай, дакладная дата надрукаваньня зборніка «Песьня пра зубра» з аднайменнай паэмай невядомая. У калафоне (кароткім пасьляслоўі) першадруку чытаем: A.D. MDXXIII Mense Octob. Гэта значыць: у год Панскі 1523, у кастрычніку.

«Творчасьць Мікалая Гусоўскага належыць у першую чаргу беларускай культуры»

— І яшчэ трохі ўдакладненьняў згодна з вашымі навуковымі росшукамі і высновамі. Калі і дзе нарадзіўся паэт і калі і дзе завяршыўся ягоны зямны шлях?

— Час нараджэньня дасьледчыкі вызначылі гіпатэтычна, бо ніякіх дакумэнтаў не захавалася. Гэта прамежак паміж 1475 і 1480 гадамі. Пра час сьмерці пішуць: пасьля 1533.

Наконт месца нараджэньня да сёньняшняга дня ідуць дэбаты. Дзьве асноўныя вэрсіі: мястэчка Гусаў Ланьцуцкага павету ў Польшчы; мясцовасьць з падобнай назвай (Гусаў або Усаў) на польска-беларускім або беларуска-ўкраінскім памежжы. Прычым за памежжа выказваліся нават польскія і літоўскія вучоныя.

Я выказалася за Буда-Кашалёўскі раён як найбольш праўдападобны рэгіён паходжаньня Мікалая Гусоўскага ў сваёй манаграфіі «Беларуская лацінамоўная паэзія: раньні Рэнэсанс» (Менск, 2009). Апошняя мая публікацыя з падрабязным аналізам розных гіпотэз адносна паходжаньня Мікалая Гусоўскага выйшла сёлета ў часопісе «Białorutenistyka Białostocka».

Але, шчыра прызнацца, я б ня стала ані ісьці ў заклад, ані брацца загрудкі, нават адстойваючы сваю ўласную вэрсію. Я пагаджуся з прафэсарам Сяргеем Кавалёвым з унівэрсытэту Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне, што на сёньняшні дзень нашмат важнейшае пытаньне пра месца таго ці іншага аўтара ў нацыянальным каноне літаратуры і ў кантэксьце нацыянальнай культуры.

І можна задаць простае пытаньне: у якой краіне «Песьня пра зубра» ўключана ў праграму па літаратуры і ў школе, і ў ВНУ? У сталіцы якой краіны ёсьць вуліца Мікалая Гусоўскага і пастаўлены помнік Мікалаю Гусоўскаму? Гэта ня Польшча і не Літва, гэта Беларусь.

Такім чынам, з пункту гледжаньня рэлевантнасьці для нацыянальнага кантэксту творчасьць Мікалая Гусоўскага належыць у першую чаргу беларускай культуры. Незалежна ад таго, дзе ён нарадзіўся.

«Інтэлектуалы Расейскай імпэрыі не маглі належным чынам ацаніць гісторыка-культурнае значэньне шэдэўру рэнэсанснай культуры Вялікага Княства Літоўскага»

— Пасьля першага выданьня «Песьні пра зубра», як сьцьвярджаюць энцыкляпэдыі, на паэму забыліся ажно да 1855 году, калі яе перавыдалі ў арыгінале ў Пецярбургу. Ці так гэта? І чаму?

— Гэта не зусім так, бо яшчэ ў XVI стагодзьдзі паэму і яе стваральніка згадвалі некаторыя аўтары, але, што праўда, тады паэма не зрабілася, як пісаў Юрый Тынянаў, літаратурным фактам. У 1855 расейскія аматары прыроды зрабілі храналягічна першае перавыданьне тэксту, тады ў Расейскай імпэрыі быў якраз усплёск этнаграфічных штудый, гэта было модна, і перавыданьне ажыцьцявілася на гэтай хвалі. Што праўда, інтэлектуалы Расейскай імпэрыі не маглі належным чынам ацаніць гісторыка-культурнае значэньне шэдэўра рэнэсанснай культуры Вялікага Княства Літоўскага. Адбылося гэта пазьней.

Мэдаль, прысьвечаная Мікалаю Гусоўскаму. Аўтар Генадзь Асташонак.
Мэдаль, прысьвечаная Мікалаю Гусоўскаму. Аўтар Генадзь Асташонак.

«Беларусы да сёньня ня выдалі поўны збор твораў Мікалая Гусоўскага»

— У 1894 годзе «Песьня...» пабачыла сьвет па-польску ў тым самым горадзе, дзе зьявілася ўпершыню ў 1523-м. На радзіме паэта, на ўсёй расейска-імпэрскай, а потым і савецкай прасторы яе доўга яшчэ працягвалі не заўважаць. У чым прычына?

— Не, гэта зусім няправільна. У 1894 годзе ў Кракаве выйшаў друкам поўны збор твораў Мікалая Гусоўскага на мове арыгіналу, г. зн. на лаціне, у выдавецкай сэрыі «Corpus antiquissimorum poetarum Poloniae latinorum usque ad Joannem Kochanovium». Гэты том падрыхтаваў выдатны філёлаг-клясык Ян Пельчар. Храналягічна першы пераклад «Песьні пра зубра» на польскую мову зрабіў таленавіты польскі пісьменьнік і вучоны Ян Каспровіч.

Гісторыя апублікаваньня перакладу — вельмі паказальны прыклад таго, якой недарэчнай і разбуральнай для чалавецтва справай зьяўляецца вайна. Каспровіч скончыў свой пераклад у 1913 годзе, але праз пачатак першай сусьветнай вайны не пасьпеў яго апублікаваць. Новую вэрсію перакладу ён падрыхтаваў у 1939 годзе... Няцяжка здагадацца, якая падзея ізноў перашкодзіла апублікаваньню.

Толькі ў 1994 годзе пераклад Каспровіча быў надрукаваны ў кнізе, выдадзенай намаганьнямі сябраў белавескай суполкі «Uroczysko». У гэтай жа кнізе была апублікавана перакладчыцкая адаптацыя Натальлі Арсеньневай па-беларуску, пераклад на літоўскую мову Бенядзіктаса Казлаўскаса, пераклад на расейскую мову Якава Парэцкага і Язэпа Семяжона, а таксама фрагмэнты ў перастварэньні на ангельскай мове Майкла Мікася.

Чаму «не заўважалі» «Песьню пра зубра» ў Савецкім Саюзе, няцяжка здагадацца. Паэма напісаная на лацінскай мове, якая асацыявалася з заходнімі культурнымі ўплывамі і культурай каталіцкага касьцёла. Такія асацыяцыі ва ўмовах панаваньня савецкай дзяржаўнай ідэалёгіі і атэістычнай прапаганды нікому не былі патрэбныя. А вось гісторыя вяртаньня паэмы ў кантэкст беларускай нацыянальнай культуры вельмі павучальная.

Беларусы, на жаль, у сваёй легендарнай «рахманасьці» і «памяркоўнасьці» прызвычаіліся чакаць, пакуль не атрымаюць высьпятка ад «старэйшага брата», нават у пачэснай для сваёй нацыянальнай культуры справе. Вельмі аўтарытэтны расейскі гісторык літаратуры Ільля Галянішчаў-Кутузаў, выступаючы ў 1963 годзе на Міжнародным зьезьдзе славістаў, указаў на тое, што лацінскія паэты эпохі Рэнэсансу зусім беспадстаўна выключаюцца з кантэксту гісторыі беларускай і ўкраінскай літаратур. Можна сказаць, даў кухталя беларускім і ўкраінскім гісторыкам літаратуры.

Калі была дадзена гэтая афіцыйная «адмашка» (своеасаблівы «дазвол старэйшага брата»), пачалося актыўнае вывучэньне новалацінскай паэзіі Беларусі, пачалася перакладчыцкая праца. А да гэтага чакалі дазволу...

Ці зьмяніліся беларусы ў постсавецкі пэрыяд у іх адносінах да сваёй культурнай спадчыны? Вельмі хочацца станоўча адказаць на гэтае пытаньне ў чаканьні выхаду кніжнага выданьня з гераічнай эпапэяй Яна Радвана «Радзівіліяда» ў маім перакладзе з лацінскай мовы. З ініцыятывы Зьмітра Вішнёва гэтая кніга рыхтуецца да апублікаваньня ў межах праекту «33 кнігі для іншай Беларусі».

І яшчэ адно, на жаль, сумнае супастаўленьне. Палякі, як я ўжо казала, падрыхтавалі поўны збор твораў Мікалая Гусоўскага яшчэ ў 1894 годзе. Літоўцы зрабілі гэта ў 2007 годзе, да 1000-годзьдзя першай згадкі Літвы ў гістарычных крыніцах. Беларусы не зрабілі гэтага да сёньняшняга дня. Як кажуць, no comment.

«Найлепшым на сёньня перакладам „Песьні“ лічу пераклад на ўкраінскую мову Андрыя Садаморы»

— Першы беларускі пераклад «Песьні...» быў надрукаваны толькі ў 1969 годзе. Цікава, што перакладчык Язэп Семяжон за год да гэтага разам зь Якавам Парэцкім выдалі свой расейскамоўны варыянт паэмы. Што там за моўныя праблемы былі? Дый ці моўныя?

— У часы Хрушчова і Брэжнева расейская мова павінна была набыць статус «мовы сацыялістычнага будаўніцтва». Ясна, што прыярытэт аддаваўся расейскай мове... Беларускі ж пераклад Язэпа Семяжона «Песьні пра зубра» карэктна называць не перакладам, а перастварэньнем. Або паэтычнай адаптацыяй. Ужываюць яшчэ вельмі паэтычны і зусім не навуковы тэрмін «перасьпеў».

— Цяпер вядомыя яшчэ беларускія пераклады «Песьні пра выгляд, лютасьць зубра і паляваньне на яго» Натальлі Арсеньневай і Ўладзімера Шатона. Самі вы якому з трох перастварэньняў паэмы аддаяце перавагу?

— Тэкст Натальлі Арсеньневай не зьяўляецца перакладам. Наша славутая паэтка не працавала з арыгіналам, з часоў вучобы ў гімназіі яна страціла свае веды лацінскай мовы і не магла перакладаць. Яна абапіралася на перакладчыцкую адаптацыю Язэпа Семяжона, удасканаліўшы яе ў моўных адносінах. Гэта адразу відаць пры супастаўленьні тэкстаў. Уладзімер Шатон, беларускі філёляг-клясык, стварыў на пачатку 1990-х гадоў сапраўдны, даўно чаканы пераклад. Але... Беларуская мова ў яго перакладзе гучыць так, нібыта яна заціснутая ў вузкую цясьніну гекзамэтра, няма той палётнасьці і мастацкасьці, якой валодае тэкст Язэпа Семяжона. Так бывае: адно здабылі, другое страцілі...

Вы пытаецеся ў мяне, якому перакладу я аддаю перавагу? Гэта пераклад не на беларускую, а на ўкраінскую мову. Ажыцьцявіў яго выдатны знаўца і перакладчык антычнай элегічнай паэзіі Андрый Садамора. Яго пераклад «Песьні пра зубра» выйшаў у Роўне асобнай кнігай у 2007 годзе. Я лічу, што на сёньняшні дзень гэта найлепшы ва ўсіх адносінах пераклад паэмы Мікалая Гусоўскага зь ліку ўсіх перакладаў на славянскія мовы.

«Больш чым за 400 гадоў да Ўладзімера Караткевіча ў паэме „Песьня пра зубра“ быў дадзены выключны ў сваім мастацкім выкананьні літаратурны адказ на пытаньне: дзе мой край?»

— І апошняе, што хацелася б спытацца. За што вы і мы любім «Carmen de statura, feritate, ac venatione Bisontis»? Што ў ёй такога, чаго няма ў іншых тагачасных творах пра край, які цяпер завецца Беларусь?

— Думаю, што ў адказе на гэтае пытаньне «мы» і «я» трэба разьдзяліць. Гэта ня значыць, што мяне апанаваў грэх пыхі і я аддзяляю сябе ад шырокага беларускага чытача. Але беларусам падабаецца, паўтараю яшчэ раз, тэкст Язэпа Семяжона або тэкст Натальлі Арсеньневай, выключны ў сваіх мастацкіх якасьцях, магчыма, падабаецца таксама сухаваты і больш блізкі да арыгіналу тэкст Уладзімера Шатона.

На жаль, наратар у гэтых перастварэньнях не паўстае ўва ўсёй сваёй шматфарбнасьці і разнастайнасьці адценьняў. Галоўнае, ва ўсіх беларускамоўных тэкстах страцілася адэкватная фармулёўка хрысьціянскага credo паэта, які выразна заявіў: мы молімся Езусу Хрысту і Багародзіцы, а вось у паэзіі можам дазволіць сабе згадаць Юнону і Зэўса. Гэта вельмі важна, і гэта, на жаль, прайшло міма айчыннага чытача.

Не заўважны ў любым перакладзе (нават у перакладзе Садаморы — у мінімальнай ступені) непараўнальны гумар паэта, яго ўменьне гуляць з рознымі значэньнямі слова, праз што фармуецца сэнсавая шматслойнасьць паэмы.

Тонкую іронію Мікалая Гусоўскага можна спасьцігнуць, толькі чытаючы арыгінал твору. Гэтыя гумар, іронію, гэтую элегантную гульню паэта з чытачом я бачу ў лацінскім тэксьце, і для мяне менавіта ў гэтым палягае неверагодная сіла мастацкага ўзьдзеяньня «Песьні пра зубра».

Калі ж чытачы спасьцігаюць паэму Мікалая Гусоўскага ў беларускамоўных перастварэньнях, яны зьвяртаюць увагу на мастацкія вынаходкі перакладчыкаў, якія (пры ўсіх цяжкасьцях перакладу) усё адно заслугоўваюць нашага найвялікшага ўхваленьня.

Пераклад і перастварэньні дазваляюць адчуць сьвет старадаўняй Беларусі, якая была тэрытарыяльным ядром Вялікага Княства Літоўскага. Але патрыятызм Мікалая Гусоўскага перасягае нават межы гэтай дзяржавы, паэт называе сябе «Polonus» — зусім не абавязкова таму, што ён быў палякам з Ланьцуцкага павету.

Ён адчуваў сваю прыналежнасьць да дзяржавы Ягелёнаў, якая ўжо тады de facto існавала як фэдэрацыя, замацаваная de jure актам Люблінскай дзяржаўнай уніі. Нездарма паэт прыбыў у Рым у складзе пасольскай місіі ад вялікага князя літоўскага і караля Польшчы Жыгімонта І. На чале пасольства стаяў біскуп плоцкі Эразм Вітэліюс, яго сакратаром і быў, хутчэй за ўсё, Мікалай Гусоўскі.

Адзначу, што першаснай мэтай пасольства былі зусім не перамовы з рымскім папам Львом Х адносна стварэньня кааліцыі эўрапейскіх дзяржаў супраць Асманскай імпэрыі, пра што пішуць падручнікі. Першым пунктам на парадку дня стаяла, канечне ж, акалічнасьць рэлігійнага жыцьця, бо гаворка ідзе пра пасольства ў Ватыкан! Легаты прыбылі ў Рым, каб перадаць у папскую курыю неабходныя дакумэнты адносна бэатыфікацыі (цяпер ужо сьвятога) Казімера Ягелёна, заўчасна памерлага брата караля Жыгімонта І.

Як важна было нашай старажытнай дзяржаве мець свайго афіцыйна прызнанага нябеснага апекуна! Культ сьвятога Казімера з даўніх часоў быў важным элемэнтам духоўнасьці беларусаў і, канечне, літоўцаў.

Падкрэсьліваю, ня толькі літоўцаў, але і беларусаў (на жаль, адзін прафэсар Віцебскага ўнівэрсытэту спрабаваў давесьці мне адваротнае і на гэтай падставе нават «зарубіў» мой артыкул з аналізам паэмы пра сьв. Казімера).

Вось чаму наратару ў «Песьні пра зубра» важна было расказаць пра тую дзяржаву, у якой калісьці правіў вялікі князь Вітаўт, які першы прыняў хрысьціянскую веру і цьвёрда трымаўся прынцыпаў хрысьціянскай маралі — нават у фармаце правядзеньня зубрыных ловаў. Вітаўт выкарыстоўваў іх як практыкаваньні для загартоўкі вайсковай моладзі і ніколі не ўчыняў чагосьці падобнага да карыды — традыцыйнага для заальпійскай культуры бою быкоў.

Са сцэны бою быкоў у Рыме, дарэчы, пачынаецца «Песьня пра зубра». Чаму? Бо адукаванаму паэту-патрыёту прыкра было глядзець на гэтае забойства магутных зьвяроў, якія зрабіліся бездапаможнымі праз чалавечае вераломства. Гэтая сцэна зрабілася ў паэтычным кантэксьце паэмы алегорыяй духоўнай спустошанасьці жыхароў Паўднёвай Эўропы, і агрэсію турак ён разглядае як божую кару за адступніцтва ад веры ў Хрыста. Наратар прыгадаў зубрыныя ловы, рыцарскія традыцыі сваёй Айчыны, прыгажосьць яе лясоў і няскораны дух яе жыхароў.

Апавядаючы пра ўсё гэта, ён ніколькі не адчуваў сваёй другаснасьці, наадварот, сьцьвярджаў уласную годнасьць творцы і гуманіста, зьлёгку пакепліваючы з вучоных італьянскіх паэтаў, для якіх родны край Мікалая Гусоўскага быў толькі «краінай вечнай зімы», а зубар — калматым велічэзным страшыдлам.

Іншымі словамі, больш як за 400 гадоў да Ўладзімера Караткевіча ў паэме «Песьня пра зубра» быў дадзены кампэтэнтны, разгорнуты, а да таго ж дасьціпны, вытанчаны, выключны ў сваім мастацкім выкананьні літаратурны адказ на пытаньне: дзе мой край?..

Вось на гэтай заключнай ноце я ўжо аб’ядноўваюся з усімі беларускімі чытачамі і адказваю на ваша пытаньне. За гэта мы і любім напісаную старажытнай лацінай паэму Мікалая Гусоўскага, якая пабачыла сьвет 500 гадоў таму, — за тое, што яна пра нас.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG