Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве знайшлі ўнікальны аўтограф Міколы Гусоўскага


Дакумэнт, датаваны 1519 годам, знайшоў польскі гісторык, супрацоўнік Інстытуту гісторыі Польскай акадэміі навук Томаш Яшчалт у Аддзеле рукапісаў бібліятэкі імя Ўрублеўскіх Акадэміі навук Літвы. Пра гэта паведаміў дырэктар бібліятэкі Сігітас Нарбутас.

Польскі гісторык, супрацоўнік Інстытуту гісторыі Польскай акадэміі навук Томаш Яшчалт знайшоў ліст, адрасаваны віленскім ваяводам Мікалаем Радзівілам шляхцічу Яну Славінскаму наконт валоданьняў апошняга ў Падляскім ваяводзтве.

Пэргамэнтны ліст, напісаны ўласнаручна Мікалаем Гусоўскім, датаваны 16 чэрвеня 1519 году, складзены ў горадзе Гонядзь (Goniądz) на Падляшшы і замацаваны адбіткам ваяводавай пячаткі. У канцы дапісана па-лацінску: Per manus Nicolai Hussouusky notary... («Рукамі Мікалая Гусоўскага, натарыюса...»).

Нагадваючы пра творчыя заслугі Міколы Гусоўскага, найвялікшая зь якіх — паэма «Песьня пра зубра» (1523), дзе апісваецца гістарычная Літва і яе ідэальны валадар Вітаўт, Сігітас Нарбутас зьвяртае ўвагу на храналягічнае супадзеньне піку творчасьці Міколы Гусоўскага зь віленскім пэрыядам жыцьця й працы Францішка Скарыны.

Дагэтуль пра жыцьцё Гусоўскага вядома няшмат, і знаходка можа ўзбагаціць ягоную біяграфію істотнымі фактамі, лічыць Сігітас Нарбутас.

Яшчэ да 1518 году віленскі канонік Эразм Цёлак на параду Мікалая Радзівіла надаў Мікалаю Гусоўскаму тытул натарыюса, а потым узяў яго з сабой у Рым у складзе каралеўскага пасольства. Натарыяльны запіс, зроблены Гусоўскім увесну 1519 году, можа сьведчыць, што тады ён апошні раз наведаў радзіму.

Дзякуючы гэтаму адкрыцьцю, піша Нарбутас, Літва стала трэцяй краінай, дзе захоўваецца спадчына Мікалая Гусоўскага, поруч з Польшчай і Расеяй.

Мікола Гусоўскі (1470-я — пасьля 1533) — беларускі паэт-гуманіст, мысьляр і асьветнік. Лічыцца пачынальнікам жанру ліра-эпічнай паэмы ў літаратуры Ўсходняй Эўропы, заснавальнікам мастацкай рэнэсансавай рэалістычнай традыцыі ў паэзіі Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы. Яго лепшы твор — «Паэма пра выгляд, лютасьць зубра і паляваньне на яго» (1522), напісаная на лацінскай мове ў Рыме. У 1523 у Кракаве выдаў зборнік «Паэма пра зубра», які складаўся з празаічнага прысьвячэньня, аднайменнай паэмы і 11 вершаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG