Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад Гусоўскага да Быкава. Мастак намаляваў паўсотні партрэтаў выбітных беларусаў


Берасьцейскі мастак Уладзімер Скамарошчанка і яго працы
Берасьцейскі мастак Уладзімер Скамарошчанка і яго працы

Берасьцейскі мастак Уладзімер Скамарошчанка стварыў галерэю вядомых асобаў, якія цягам тысячагодзьдзя былі славай беларускага краю. Агулам — больш за паўсотні партрэтаў. Яны зробленыя алоўкам па гістарычных апісаньнях і фотаархівах.

Галерэя выбітных асобаў, аўтар Уладзімер Скамарошчанка
Галерэя выбітных асобаў, аўтар Уладзімер Скамарошчанка

Усе партрэты можна паглядзець тут.

38-гадовы Ўладзімер Скамарошчанка — дызайнэр, мастак, фатограф, прадаўжальнік вядомай мастакоўскай дынастыі. Ён сын жывапісца Анатоля Скамарошчанкі і дызайнэркі, мастачкі Ніны Чураба. Ягоны дзед — вядомы берасьцейскі мастак Мікалай Чураба.

Уладзімер з бацькамі
Уладзімер з бацькамі

У 2006 годзе Ўладзімер скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў са спэцыялізацыяй «графічны дызайн». Сябра Беларускага саюзу дызайнэраў.

Адным зь ягоных заўважных праектаў апошняга часу стала стварэньне выяваў знакамітых гістарычных асобаў. Удакладняе, што гэта замова адной кампаніі, сам мастак на выбар пэрсонаў не ўплываў.

Дакумэнтальны стыль вобразаў

Эўфрасіньня Полацкая
Эўфрасіньня Полацкая

Партрэтная галерэя ахоплівае найважнейшыя пэрыяды станаўленьня беларускай дзяржаўнасьці. Эвалюцыя ад Полацкага княства да Вялікага Княства Літоўскага; уваходжаньне ў склад Рэчы Паспалітай і захоп Расейскай імпэрыяй; нарэшце, 70-гадовы савецкі кавалак і абвяшчэньне сувэрэнітэту.

Мікола Гусоўскі
Мікола Гусоўскі

У храналягічным парадку паводле даты нараджэньня — асьветнікі, літаратары, музыкі, мастакі,

дзяржаўныя і палітычныя дзеячы: Эўфрасіньня Полацкая, Мікола Гусоўскі, Францішак Скарына, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Леў Сапега.

Пастаяннае геапалітычнае перакройваньне межаў спрычынілася да таго, што шмат каго з нараджэнцаў Беларусі лічаць сваімі ня толькі беларусы, а і іншыя народы. Гэта такія асобы, як Міхал Клеафас Агінскі, Ян Баршчэўскі, Адам Міцкевіч, Ігнат Дамейка, Напалеон Орда, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Іван Хруцкі, Уладзіслаў Сыракомля.

Браніслаў Тарашкевіч
Браніслаў Тарашкевіч

Творцы, якія стаялі ля вытокаў новай беларускай літаратуры — Францішак Багушэвіч, Эліза Ажэшка, Янка Лучына. А таксама іх ідэйныя пасьлядоўнікі, чый талент напоўніцу раскрыўся ў ХХ стагодзьдзі — Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас, Янка Маўр. Тут жа тыя, чый лёс склаўся трагічна: рэпрэсаваныя савецкай уладай Максім Гарэцкі, Браніслаў Тарашкевіч, Уладзіслаў Галубок.

Ну і, вядома ж, сучасьнікі: Іван Мележ, Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч, Уладзімер Караткевіч, Рыгор Барадулін.

Францішак Багушэвіч
Францішак Багушэвіч

У меншасьці прадстаўленыя палітычныя дзеячы. Прэм’ер у Радзе БНР Вацлаў Ластоўскі, галава губэрнскага Менску Караль Чапскі, міністар замежных спраў СССР Андрэй Грамыка ды першы сакратар ЦК Кампартыі БССР Пётар Машэраў. А яшчэ навукоўцы, канструктары, мастакі, музыкі, кінэматаграфісты.

«Я адмыслова выбраў дакумэнтальны стыль, — кажа аўтар. — Рэальна было зрабіць больш артава, але хацелася захаваць пэўны гістарычны антураж.

Васіль Быкаў
Васіль Быкаў

Рабіў чорна-белы малюнак алоўкам на паперы фармату А3, сканаваў і затым дапрацоўваў па тоне ў кампутары, у прыватнасьці колеравую падложку. Добра, калі ёсьць візуальныя матэрыялы і можна максымальна адлюстраваць усе рысы. Але ад першых герояў, якія жылі вельмі даўно, у бальшыні выпадкаў не захавалася ні карцін, ні гравюраў. У пошуку зьвестак хадзіў у бібліятэку, але сёньня ўжо больш ёсьць у інтэрнэце».

Прыдуманы прататып асьветніка

Выявы некаторых герояў да нашага часу не дайшлі. Гэта тычыцца, напрыклад, асьветніка, друкара і літаратара эпохі ВКЛ Сьпірыдона Собаля, дзейнасьць якога прыпала на першую палову XVII стагодзьдзя. Мастак падзяліўся, якое выйсьце з тупіковай сытуацыі ён знайшоў.

Уладзімер Скамарошчанка
Уладзімер Скамарошчанка

«Адзіны пэрсанаж, якога няма на ніводным малюнку, абсалютна нічога, — працягвае Ўладзімер. — Ёсьць такая асоба, пра яго пішуць, але як выглядаў — загадка. І я проста... стварыў вобраз. У нас у Берасьці ёсьць калярытны сівавалосы барадаты мужчына, вось яго твар і паслужыў прататыпам. Сфатаграфаваў і потым ужо, уяўляючы перад вачыма вобраз Сьпірыдона Собаля, маляваў. Нешта падобнае і з Эўфрасіньняй Полацкай: нібыта шмат выяваў, але іх арыгінальнасьць досыць спрэчная. У выніку ўзяў за аснову зборны партрэт, паспрабаваўшы стварыць свой вобраз».

Сьпірыдон Собаль
Сьпірыдон Собаль

Як кажа суразмоўца, у адсутнасьць ілюстрацыйнага матэрыялу даводзілася экспэрымэнтаваць практычна з усімі героямі, якія жылі ня тое што тысячагодзьдзе таму, а нават у эпоху раньняга Сярэднявечча — няма гарантыі, што тагачасныя мастакі не прыхарошвалі выявы, каб дагадзіць замоўніку. А партрэт вайсковага інжынэра, аднаго з пачынальнікаў ракетнай справы ў Эўропе Казіміра Семяновіча наогул стаў вынікам калектыўных высілкаў сучасных творцаў.

Казімір Семяновіч
Казімір Семяновіч

«Існуе вядомая выява, на якой ён яшчэ зусім малады — безбароды студэнт, — расказвае мастак. — Але перад тым, як пачаць маляваць, я пагартаў кнігу „Айчына“ Ўладзімера Арлова з ілюстрацыямі Паўла Татарнікава. Дык вось ён паказаў Семяновіча ў іншым вобразе — больш дарослы, салідны. Мы з Паўлам сябруем, я патэлефанаваў, папрасіў дазволу на выкарыстаньне ягонага вобраза. Такім чынам, партрэт выбітнага канструктара ВКЛ створаны на падмурку працы Татарнікава».

Час сучасных «Майстроў»

Кожны мастак мае ў сваім даробку любімыя працы, а некаторыя хочацца ўдасканаліць. Прашу Ўладзімера Скамарошчанку расказаць, якія партрэты яму найбольш даспадобы.

Партрэт Марка Шагала
Партрэт Марка Шагала

«Наогул было вельмі цікава рабіць гэты праект, бо, шчыра прызнаюся, ледзь не пра палову герояў толкам нічога ня ведаў. Цяпер вельмі істотна папоўніў свае веды пра гісторыю Беларусі на розных яе этапах. Немагчыма проста ўзяць і намаляваць, трэба грунтоўна разабрацца, чым гэты чалавек адметны. Што да любімых працаў? Як ні дзіўна прагучыць, падабаецца, як атрымаўся Сьпірыдон Собаль. У гэтым шэрагу літаратар Ян Баршчэўскі, мастак Марк Шагал, артыст Мікалай Яроменка-старэйшы», — выбудоўвае ён свой рэйтынг.

Цяпер Уладзімер Скамарошчанка перанёс актыўнасьць на іншы праект, які назваў «Майстры». У пэўным сэнсе задума пераклікаецца з канцэпцыяй гістарычных асобаў — буйная выява майстра, прадстаўніка сучаснай беларускай культуры.

Праект «Майстры», мастакі Аляксандар Грышкевіч (зьлева) і Сяргей Грыневіч
Праект «Майстры», мастакі Аляксандар Грышкевіч (зьлева) і Сяргей Грыневіч

«Я здымаю дзеячаў культуры нашага часу, — тлумачыць ён. — Выкладу ў сацсеткі, потым, спадзяюся, гэта выльецца ў выставу ці яшчэ нейкі паказ. Пакуль сфатаграфаваў мастакоў Сяргея Грыневіча, Паўла Татарнікава, Юрыя Якавенку, Аляксандра Грышкевіча, Аляксандра Сільвановіча, Сяргея Рымашэўскага. Таксама ёсьць музыкі Ігар Варашкевіч і Алег Хаменка. Адзіная розьніца — хачу аб’яднаць тых, чыя творчасьць падабаецца мне самому. Вядомасьць — не галоўны крытэр. Прынамсі, так для сябе вырашыў, там паглядзім, што атрымаецца».

Зрэшты, замахнуўся мастак і на глябальны ўзровень. Якраз пачаў працу над партрэтам фронтмэна легендарнага гурту Led Zeppelin Робэрта Планта. Наступным у чарзе — яшчэ адзін брытанскі рок-музыка Іан Браўн, вядомы па камандзе The Stone Roses. У плянах зрабіць групавы партрэт удзельнікаў легендарных The Beatles.

Асобна ў ягоным творчым багажы — фотапраект пад назвай «Макра». Уладзімер буйным плянам здымаў кветкі, расьліны, якія растуць проста ў берасьцейскіх дварах.

Флёра берасьцейскіх двароў
Флёра берасьцейскіх двароў

А яшчэ ў гэты складаны час, калі беларусы разам зь іншымі народамі мінімізавалі вытворчую актыўнасьць і сядзяць у хатняй самаізаляцыі, мастак прапануе зрабіць на замову партрэт па фатаздымку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG