Як паведаміла прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК) па сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова, выплачана ўжо 218 900 эўра, сабраных падчас ліпеньскага онлайн-маратону салідарнасьці «Нам ня ўсё роўна!», піша pn-info.online.
Паводле яе інфармацыі, сродкі накіраваныя:
- ініцыятывам «Беларуская Рада культуры» (9500 эўра),
- «Анархічны Чорны крыж Беларусі» (13 500),
- фонду дапамогі беларусам у Літве Razam (13 500),
- дабрачыннай арганізацыі Littouwin LIONS CLUB (13 500),
- праваабарончай ініцыятыве Diss (14 000),
- дабрачыннаму фонду «Краіна для жыцьця» (18 000),
- ініцыятыве ByHelp (36 900),
- фонду беларускай салідарнасьці BySol (100 000).
На 4 кастрычніка 45 семʼяў палітвязьняў атрымалі 93 707 эўра.
Усяго ініцыятары маратона сабралі 545.740,22 эўра і 12 тысяч эўра ў крыптавалюце (без уліку камісіі). Паступіла 14.135 ахвяраваньняў ад 11.208 чалавек з 86 краін, паведаміла Гарбунова. Найбольш сродкаў паступіла з Польшчы (200.563 эўра), ЗША (89.740), Літвы (55.130), ФРГ (39.131) і Вялікабрытаніі (25.790).
Прадстаўніца АПК адзначыла, што з меркаваньняў бясьпекі ня можа назваць усе краіны, адкуль паступілі грошы. «Мяне зьдзівіла шырыня геаграфіі ахвяраваньняў. Для нас было нечаканасьцю ўбачыць некаторыя краіны ў сьпісе тых, зь якіх ажыцьцяўляліся выплаты. Ахвяраваньні паступалі з усіх кантынэнтаў, з розных куткоў сьвету, з аддаленых астравоў», — сказала яна.
3 кастрычніка МУС і Сьледчы камітэт паведамілі аб узбуджэньні крымінальнай справы па ч. 2 арт. 3612 КК (фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці) у дачыненьні да арганізатараў і ўдзельнікаў маратону, ініцыятарамі якога названыя Гарбунова і беларускі дэмакратычны лідэр Сьвятлана Ціханоўская. Было заяўлена аб ідэнтыфікацыі «каля 60 датычных з ліку арганізатараў маратону і іх саўдзельнікаў», а таксама аб тым, што цяпер «устанаўліваюцца асобы, якія маюць дачыненьне да фінансаваньня экстрэмізму на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі».