Падчас маратону салідарнасьці на выходныя беларусы сабралі на падтрымку палітычных зьняволеных і іхных сем’яў каля 575 тысяч эўра. Пра вынікі маратону расказалі адна зь яго арганізатарак Наста Базар і кіраўнік грамадзкай ініцыятывы ByHelp Аляксей Лявончык.
У межах маратону салідарнасьці «Нам ня ўсё адно!» сабрана 574 406 эўра. Акцыя прайшла 28–30 ліпеня, уласна маратон адбыўся 29 ліпеня з 10 да 22 гадзін.
Ахвяравалі ад 5 да 10 000 эўра. Папулярнай была сума 23 эўра 34 цэнты — артыкул папярэдняй (да сакавіка 2021 году) рэдакцыі Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў) меў нумар 23.34.