Паводле яе, сродкі будзе разьмяркоўваць адмысловая назіральная рада пад кіраўніцтвам Вольгі Гарбуновай — прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў сацыяльных пытаньнях, якая ініцыявала маратон. Ініцыятывы і фонды маюць два месяцы, каб накіраваць дапамогу палітзьняволеным і іхным блізкім.
Публічную справаздачу абнародуюць у лістападзе.
«Я дзякую кожнаму, хто ахвяраваў грошы. Дзякую актывістам, палітыкам, праваабаронцам і артыстам, якія прынялі ўдзел у маратоне. Вялікі дзякуй усім журналістам і незалежным беларускім мэдыя, якія аб’ядналіся вакол адной мэты», — напісала Сьвятлана Ціханоўская ў сацыяльных сетках.
На яе думку, маратон «зноў даў веру ў тое, што мы, беларусы, здольныя аб’яднацца», «здольныя дапамагаць адно аднаму, дзе б мы ні знаходзіліся».
«Разам мы зноў паказалі ўсяму сьвету, што нам неабыякавыя лёсы тых, хто зараз у закладніках рэжыму», — падкрэсьліла Ціханоўская.
У межах маратону салідарнасьці «Нам ня ўсё адно!» сабрана 574 406 эўра. Акцыя прайшла 28–30 ліпеня, уласна маратон адбыўся 29 ліпеня з 10 да 22 гадзін.
Памер ахвяраваньняў склаў ад 5 да 10 000 эўра. Папулярнай была сума 23 эўра 34 цэнты — артыкул папярэдняй (да сакавіка 2021 году) рэдакцыі Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў) меў нумар 23.34.