«Яны паспрабавалі [...] Каманда Бабарыкі верыла, што іх зарэгіструюць. Мы ім адразу сказалі, што гэтага не адбудзецца. Яны вельмі ўпэўненыя ў сабе хлопцы. Кажуць: „Мы ўчора сустракаліся зь Ярмошынай, яна так хваліла нашы сьпісы“. Якая розьніца? Вас усё адно не зарэгіструюць. Калі гэта ўсё адбылося, то яны зьдзівіліся: „Як так?“. Ім здавалася, што можна прайсьці між струменямі дажджу. Памятаеце, яны настойвалі: „Калі ўсё рабіць паводле закону, то мы ўсё зможам“? Мы кажам: „Нічога, што Віктара Дзьмітрыевіча пасадзілі?“» — гаворыць Ганна Красуліна.
На думку прэс-сакратаркі Ціханоўскай, новыя людзі ў палітыцы ў 2020 годзе яшчэ да канца не разумелі, як дзейнічаюць дзяржаўныя мэханізмы.
«Ім здавалася, што ўсе гэтыя юрыдычныя выкруты спрацуюць. Мы мелі справу з Лукашэнкам доўга і ўсур’ёз і ведалі: як толькі перад ім узьнікнуць нейкія перашкоды і нейкі закон будзе замінаць, то ён гэты закон адсуне ў той жа момант. Мы ведалі, што ён „кіне“ заўсёды, хоць можа абяцаць што заўгодна. А яны нядаўна прыйшлі зь бізнэсу, няўрадавых арганізацый, таму не сутыкаліся і верылі ў такія моманты. Гэта АГП прынесла з сабой, бо Сьвятлана яшчэ магла на нешта такое купляцца, але мы ведалі».
Пры гэтым Красуліна падкрэсьлівае, што ў прыхільнікаў Бабарыкі былі добрыя рэсурсы і арганізаваная каманда. Яны мелі тры разборныя сцэны для выступаў.
«Мы бачылі, што яны [каманда Бабарыкі. — РС] перасьледавалі свае мэты. Гэта нармальна, гэта натуральна. Але, калі мы стваралі канфігурацыю, яны спрабавалі нас „праціснуць“. Выглядала гэта прыкладна так: „Усё будзе як [скажам] мы, прамову пішам мы, Сьвятлана тут, вы ідзіце адсюль“. Сьвятлана на гэта адказвала: „Пачакайце, у мяне тут каманда, хай тры чалавекі, але мае. А па-другое, чаму я павінна чытаць вашу прамову і сустракацца з кім вы кажаце? У мяне ёсьць сваё бачаньне гэтага“», — расказвае Красуліна.
На гэта атачэньне Ціханоўскай, як адзначае яе прэс-сакратарка, адказвала, што «самы галоўны рэсурс — кандыдат — усё ж у іх».
«Сьвятлана не была гатовая кудысьці ўлівацца. У яе вельмі добрае чуцьцё: калі ёю спрабуюць маніпуляваць, яна вельмі добра гэта адчувае. Ціханоўская, калі такое адчувала, то адразу зьвярталася да Машы Мароз, і тая як начальнік штабу вельмі дакладна ставіла межы. Мы аб’ядноўвалі рэсурсы на роўных: яны давалі ўсе матэрыяльныя, фінансавыя, людзкія рэсурсы, абсталяваньне, а мы — таксама людзкія, бо была «Краіна для жыцьця» Ціханоўскага, і іх было шмат, і кандыдата. Яны такія: «А мы Чэрачня возьмем».
Ганна Красуліна падкрэсьлівае, што патаргавацца ў такой сытуацыі і атрымаць для сваёй каманды больш — гэта нармальна. Размова пра Чэрачня вялася ўсяго аднойчы.
«Потым мы працавалі вельмі добра, яны [каманда Бабарыкі. — РС] укладаліся напоўніцу», — сказала Красуліна.