Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэс-сакратарка Ціханоўскай расказала пра невядомыя падрабязнасьці выбараў 2020 году і Расею


Ганна Красуліна, каляж
Ганна Красуліна, каляж

Ганна Красуліна — прэс-сакратарка Сьвятланы Ціханоўскай ад лета 2020 году. У размове са Свабодай яна расказала, як выглядалі дні 8–10 жніўня для Ціханоўскай, што адбылося ў ЦВК, пра супрацу з камандай Віктара Бабарыкі і расейскае грамадзянства.

  • «Ціханоўская вельмі сур’ёзна ставіцца да працы. Калі нехта несур’ёзна ставіцца, то яна гэтага не разумее. І яна вельмі канкрэтна можа пра гэта сказаць. Сьвятлана ўсё прагаворвае, маўляў, чаму ў нас так і так, можаце патлумачыць?».
  • «Як зьмянілася Ціханоўская? Калі я пачынаю пра гэта думаць, то гэта нейкая фантастыка. Мабыць, я гэта ня вельмі заўважаю, бо бачу яе амаль кожны дзень. Я ня ведаю больш моцнага палітыка ў Беларусі. І ня ведаю, ці ёсьць у сьвеце. За тры гады яна настолькі шмат даведалася, увабрала ў сябе, адчула, навучылася адрозьніваць».
  • «Бабарыкінцы спрабавалі цягнуць на сябе коўдру. [...] Каманда Бабарыкі верыла, што іх зарэгіструюць. Мы ім адразу сказалі, што гэтага не адбудзецца. Яны вельмі ўпэўненыя ў сабе хлопцы. Кажуць: „Мы ўчора сустракаліся зь Ярмошынай, яна так хваліла нашы сьпісы“. Якая розьніца? Вас усё адно не зарэгіструюць. Калі гэта ўсё адбылося, то яны зьдзівіліся: як так? Ім здавалася, што можна прайсьці між струменямі дажджу. Памятаеце, яны настойвалі: калі ўсё рабіць па законе, то мы ўсё зможам? Мы кажам: нічога, што Віктара Дзьмітрыевіча пасадзілі? Ім здавалася, што ўсе гэтыя юрыдычныя выкруты спрацуюць. Мы мелі справу з Лукашэнкам доўга і ўсур’ёз і ведалі: як толькі перад ім узьнікнуць нейкія перашкоды і нейкі закон будзе замінаць, то ён гэты закон адсуне ў той жа момант. Мы ведалі, што ён кіне заўсёды, хоць можа абяцаць што заўгодна. А яны нядаўна прыйшлі зь бізнэсу, няўрадавых арганізацый, таму не сутыкаліся і верылі ў такія моманты».
  • «Ранкам 9 жніўня, гадзіне а дзясятай, мы паехалі ў кватэру Ціханоўскай. Яна адмаўлялася рабіць макіяж. Яна не любіла і ня любіць макіяж, але цяпер робіць, а раней амаль ніколі не рабіла. І мы клікалі дзяўчыну, была валянтэрка, яна нам дапамагала бясплатна. Сьвятлана кажа: я ня буду. Окей, я паклікала сабе і Волі Кавальковай. І нас дзяўчынка падфарбавала. І Сьвета такая: „І што, я буду бледнай плямай цяпер?“ Я ўсё правільна зрабіла. Я казала: Сьвятлана, калі будзеш апускаць бюлетэнь, то там будзе шмат журналістаў, ты затрымайся на хвілінку, каб яны пасьпелі. Гэта адзінае, што я ёй пасьпела сказаць. Яна: „Будуць журналісты? А чаго?“ Калі мы прыехалі на ўчастак, то ледзь змаглі прапіхнуцца. Яна была ў шоку».
  • «Я ведаю, што ў ЦВК Сьвятлану прымушалі чытаць тэкст. Яна пару гадзін не згаджалася чытаць тое і тое, плакала, была ўся ў соплях і сьлязах. Яна дзьве гадзіны ўпіралася. І гэта азначала, што яны не пасьпелі да вечаровых навін выдаць гэты ролік. Яна агучыла ня ўсё, ёй удалося нешта выкінуць. Уяўляеце, яна змагалася. Яны былі ўпэўненыя, што цалкам яе разграмілі і зьнішчылі, а яна працягвала змагацца. Яны вырашылі: „Ну нічога, заўтра апублікуем“. Але вось „заўтра“ для іх не спрацавала. Бо ўсе ўжо ведалі, што яна скрадзеная. Калі яны патэлефанавалі і Маша Мароз плакала: „Мы ж усё прафукалі“ — я адказала: „Маша, усё ў парадку. Людзі разумеюць, што адбылося. Вы змагаліся як героі“. Але яны тады гэтага не разумелі».
  • «Ні за „Адзіную Расею“, ні за Пуціна я ніколі не галасавала. Я адмовілася ад расейскага грамадзянства, я ім яшчэ грошай за гэта заплаціла — збор быў 200–300 эўра. Ты павінен ім заплаціць, урэгуляваць усе моманты зь Міністэрствам фінансаў. І гэта вельмі цяжка зрабіць, бо ты павінен ім напісаць папяровы ліст і чакаць адказу „на деревню дедушке“. Я цяпер нават не хачу туды ехаць. Вось некаторыя кажуць: „Хачу ў Пецярбург“. Не-не-не. Ведаеце, вось сьцяной адгарадзіцца. Шкада там некаторую колькасьць прыстойных людзей, але ў мяне нават пытаньне так не стаіць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG