Рада NATO дазволіла накіраваць у Косава дадатковыя сілы ў рамках узначаленай альянсам міратворчай місіі KFOR для стабілізацыі канфлікту з Сэрбіяй, які абвастрыўся. У дакумэнце не ўдакладняецца, колькі менавіта чалавек і зь якіх краін накіруюць у Косава.
Брытанскае міністэрства абароны ўжо абвясьціла, што выдзеліла ў распараджэньне сіл NATO ў Косаве адзін батальён, які, паводле зьвестак France Press, налічвае ад 500 да 650 салдат.
Столтэнбэрг заклікаў бакі канфлікту прыкласьці намаганьні для зніжэньня напружанасьці і да дыялёгу пры садзейнічаньні ЭЗ, бо гэта «адзіны спосаб вырашыць нявырашаныя праблемы» і «ключ да трывалай бясьпекі ў Косава і стабільнасьці ў рэгіёне».
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен у тэлефоннай размове з прэзыдэнтам Сэрбіі Аляксандрам Вучычам таксама заявіў пра неабходнасьць «неадкладнай дээскаляцыі і вяртаньня да дыялёгу».
Разам з тым Вашынгтон зьвярнуўся да Бялграда з заклікам адвесьці свае войскі ад мяжы з Косава. Афіцыйны прадстаўнік Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША Джон Кірбі адзначыў «беспрэцэдэнтнае разгортваньне Сэрбіяй перадавой артылерыі, танкаў і мэханізаваных пяхотных падразьдзяленьняў» на мяжы з Косава. Дарадца прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Джэйк Саліван выказаў занепакоенасьць сьцягваньнем сэрбскіх войскаў паблізу мяжы з Косава ў тэлефоннай размове з косаўскім прэм’ер-міністрам Альбінам Курці.
- Сытуацыя на поўначы Косава ўскладнілася ў мінулыя выходныя. Улады Косава заявілі, што паліцыя ўступіла ў бой з 30 узброенымі сэрбамі, якія ў ноч на 24 верасьня ўварваліся ў косаўскую вёску Банска і забарыкадаваліся ў сэрбскім праваслаўным манастыры. Завязалася перастрэлка з паліцыяй, у якой загінулі некалькі чалавек, у тым ліку паліцыянт.
- Напружанасьць паміж Бялградам і Прышцінай часта абвастралася з пачатку 2023 году. Цяжкія сутыкненьні ўспыхнулі на поўначы Косава ў траўні, пасьля чаго Бялград павялічыў ваенную прысутнасьць на мяжы паміж краінамі.
- У той час як 90% насельніцтва Косава складаюць этнічныя альбанцы, паўночную частку краіны складаюць пераважна этнічныя сэрбы. Косава абвясьціла незалежнасьць у 2008 годзе, але Бялград не прызнаў яе і зь тых часоў заахвочваў сэрбскае насельніцтва выступаць супраць цэнтральнага ўраду Косава.