Чацьвёрты год у Беларусі працягваецца палітычны крызіс, які закрануў многія сфэры жыцьця, у тым ліку ахову здароўя. Эўразьвяз і ЗША ня ўводзілі санкцый на пастаўкі мэдыкамэнтаў у Беларусь. Але ўсё адно зь лекамі часта ўзьнікаюць праблемы.
Эканамічныя санкцыі ўплываюць на сытуацыю, хай і ўскосна. Гэта яшчэ два гады таму, у верасьні 2021-га, прызнаваў міністар аховы здароўя Дзьмітрый Піневіч.
«Любыя эканамічныя санкцыі перш за ўсё ўплываюць на сацыяльна-эканамічную палітыку. Сыстэма аховы здароўя ў гэтых адносінах, бадай, найбольш уразьлівая», — казаў міністар.
22 верасьня 2023 году, выступаючы ў Жэнэве на 54-й сэсіі ААН па правах чалавека, пастаянны прадстаўнік Беларусі Ларыса Бельская заявіла, што фінансавыя санкцыі блякуюць пастаўкі лекаў.
Расказваем, як недахоп мэдыкамэнтаў адбіўся на канкрэтных пацыентах беларускіх шпіталяў.
«Лекі для таты з анкалёгіяй шукаем па ўсім сьвеце»
Дзяніс (імёны герояў публікацыі зьмененыя зь меркаваньняў бясьпекі. — РС) расказаў, што, па яго назіраньнях і досьведзе, у шпіталях цяпер не хапае шмат якіх лекаў. Пра сытуацыю суразмоўца ведае асабіста, у ягонага таты рак страўніка.
«Тату адправілі дахаты, паміраць. Не змаглі лячыць, бо не было лекаў. Цяпер у яго вельмі нізкі гемаглябін. Падняць ня могуць — няма лекаў. Я кажу пра імпартныя прэпараты», — кажа Дзяніс.
Ён дадае, што праз адсутнасьць прэпаратаў лекары не змаглі запаволіць разьвіцьцё мэтастазаў. Паводле суразмоўцы, лекі цяжка закупіць, таму што няма магчымасьці іх аплаціць. «Бо аплата ідзе праз банкі, якія трапілі пад санкцыі», — дадае ён.
Дзяніс і ягоныя блізкія шукаюць неабходныя мэдыкамэнты ўласнымі сіламі.
«Але і тут бываюць праблемы. Некаторыя прэпараты прадаюць толькі юрыдычным асобам. І чалавек папросту ня можа іх набыць», — тлумачыць ён.
Пошукам лекаў і перадаваньнем іх у Беларусь заняліся і сваякі Дзяніса з Ізраілю.
«Пакуль знойдзем, пакуль перададзім у Беларусь — губляецца каштоўны час. Перадалі адтуль лекі, каб падняць гемаглябін у таты. Паднялі. Але гэта на дзесяць дзён. Потым гемаглябін зноў пачаў падаць. У Беларусі такіх прэпаратаў няма», — кажа суразмоўца.
«Пераносілі апэрацыі для дзяцей»
У Марыны дзіця мае сардэчную паталёгію. Свае захворваньні маюць і бацькі. Беларуска заўважыла, што з продажу зьнік «Омнік» нідэрляндкай вытворчасьці. Яго прымаюць пры праблемах з прастатай.
«У аптэках няма, аналягі чалавеку не пасуюць. Зьнік і „Назанэкс“ — яго пры прастудзе і алергіі прызначаюць і дзецям, і дарослым. Шукалі ў Польшчы і перадавалі адтуль», — кажа Марына.
Яна сьцьвярджае, што паўгода таму былі перабоі з расходнымі матэрыяламі для дзіцячай хірургіі, таму апэрацыі пераносіліся.
«Ведаю, што лекары даставалі праз Казахстан неабходныя расходнікі, каб рабіць дзецям апэрацыі ў Менску. Цяпер, здаецца, сытуацыя зьмянілася ў лепшы бок», — кажа Марына.
Паводле яе словаў, бацькі хворых дзяцей актыўна шукаюць лекі за мяжой. Напрыклад, у Нямеччыне. І знаходзяць спосабы перадаваць іх у Беларусь.
Яшчэ адна жанчына, Алеся, мае сваяка, які ня можа цяпер атрымаць лячэньне ад віруснага гепатыту С.
«Бо яго падманулі ў інфэкцыйным шпіталі. Абяцалі шпіталізаваць. Ён увесь час тэлефануе туды, яму адказваюць, што няма месцаў. Аказалася, што месцы ёсьць, але няма імпартных лекаў!» — сьцьвярджае суразмоўца.
Жыхарка аднаго з райцэнтраў Людміла паскардзілася ў камэнтары Свабодзе, што з продажу зьніклі лекі, якія яна ўжывала ад хваробаў суставаў.
«Многія імпартныя зьніклі. Я раней набывала „Алфлутоп“ румынскай вытворчасьці. Цяпер яго няма», — кажа жанчына.
«Праблема закупу прэпаратаў — крывая і неэфэктыўная сыстэма»
Сямён, беларускі лекар з 20-гадовым стажам, кажа, што праблема з тымі ці іншымі мэдыкамэнтамі, абсталяваньнем і расходнымі матэрыяламі была ў Беларусі заўсёды. І да санкцый, і пад санкцыямі. Ён лічыць, што перабоі з пэўнымі лекамі ці абсталяваньнем — найперш вынік неэфэктыўнай сыстэмы закупак.
«Мы з гэтым сутыкаліся пастаянна, калі пад канец году „пабіраліся“ па іншых шпіталях, прасілі там катэтэры ці антыбіётыкі. Бо грошы заканчваліся, лекі ці расходныя матэрыялы не закупляліся. Сыстэмы закупак празь дзяржаўныя структуры непаваротлівыя, ня маюць гнуткасьці. Хоць яны і на ручным кіраваньні ў топавых чыноўнікаў Міністэрства аховы здароўя», — кажа лекар.
Суразмоўца лічыць, што раней даць рады з адсутнасьцю таго ці іншага прэпарату было прасьцей, бо лёгка было зьезьдзіць па яго ў Літву, Польшчу ці Украіну. Цяпер гэта цяжка. Мэдык кажа, што вайна і санкцыі даюць сябе знаць найперш праз гэта.
«Чыноўнікі ад аховы здароўя па-ранейшаму нармальна не камунікуюць зь людзьмі, не тлумачаць, як паўплывалі санкцыі на тыя ж банкаўскія разьлікі за мэдыкамэнты, на лягістыку прэпаратаў, а толькі заяўляюць, што «мы гераічна выстаялі, мы ўсіх перамаглі», — кажа ён.
Што рабіць, калі няма лекаў? Залежыць ад сытуацыі, кажа Сямён. Мэдык раіць даверліва паразмаўляць са сваім лекарам пра аналягі, пашукаць спосабы, як набыць лекі за мяжой і перадаць на Радзіму. Калі няма іншага выйсьця, можна хадзіць на асабістыя прыёмы да чыноўнікаў. Такая практыка існуе як у сталіцы, так і ў рэгіёнах.
«Сярод функцыянэраў, непасрэдна не зьвязаных з аховай здароўя, Натальля Качанава, напрыклад, прэзэнтуе сябе як „абаронца простых людзей“. Можна паспрабаваць да яе запісацца ў скрайняй сытуацыі. Важна добра падрыхтавацца — скласьці структураваны выклад скаргі, прывесьці факты, прозьвішчы і дакумэнты. Лепш таксама і ў пісьмовым выглядзе», — раіць лекар.
У сыстэме аховы здароўя ў цэлым катастрофы зь лекамі і мэдматэрыяламі пакуль што няма, лічыць суразмоўца.
«Гэта катастрофа для кожнага канкрэтнага чалавека, які сутыкаецца з тым, што ягоны рак у больш прасунутай стадыі, якую можна было бы прадухіліць дэфіцытнымі цяпер лекамі. Пакуль што можна так наладзіць лягістыку, каб забясьпечыць пацыентаў патрэбнымі мэдыкамэнтамі. Але сыстэма ці то ня хоча, ці то ня ўмее гэта рабіць. Тым больш зь яе „вымылі“ кадры, якія маглі б яе настроіць, хутчэй адаптаваць да такіх „чэленджаў“. Санкцыі — гэта стрэс-тэст для сыстэмы аховы здароўя, і мы бачым, як яна яго праходзіць. Але гэта, безумоўна, не адмяняе кожнай маленькай трагедыі беларуса», — дадаў Сямён.