Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прастой абсталяваньня, праблемы з пастаўкамі, расходнікамі», — дэпутатка  пра ўплыў санкцыяў на ахову здароўя Беларусі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Як санкцыі паўплывалі на сфэру аховы здароўя Беларусі, агенцтву «Минск-Новости» расказала старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў у ахове здароўя, фізкультуры, сямейнай і моладзевай палітыцы, доктар мэдыцынскіх навук Людміла Макарына-Кібак.

Паводле яе, зь лекамі цяпер «сытуацыя крыху прасьцейшая», бо ў Беларусі распрацавалі ўласныя аналягі і ёсьць даволі вялікія запасы імпартных прэпаратаў і складнікаў, зь якіх лекі вырабляюць у Беларусі. Што тычыцца тэхнікі і расходных матэрыялаў, дык тут, паводле Людмілы Макарынай-Кібак, «ёсьць некаторыя праблемы з пастаўкамі, аплатай, заключэньнем дамоваў і тэрмінамі».

«На сёньняшні дзень ёсьць высокатэхналягічнае абсталяваньне, якое прастойвае з прычыны павелічэньня тэрмінаў пастаўкі. Яго мала — каля 10%. Калі гаварыць пра кампутарныя тамографы ці апараты МРТ, ратуе тое, што іх даволі шмат», — кажа Людміла Макарына-Кібак.

Паводле яе, у Беларусі цяпер ёсьць таксама праблемы з пастаўкамі падвойнага прызначэньня, напрыклад сыстэмаў кандыцыянаваньня для апэрацыйных. На сёньняшні дзень яны прыпыненыя, але, паводле дэпутаткі, «сытуацыя пакуль не крытычная».

«Больш падрабязна спынюся на расходных матэрыялах. Нямецкія кампаніі адмовіліся пастаўляць пратэзы тазасьцегнавых суставаў, прычым нават лякалы, на аснове якіх такія вырабы выраблялі ў нас. Вядуцца перамовы. Ёсьць надзея на аднаўленьне супрацоўніцтва. Таксама цяпер ідзе пераарыентацыя на Кітай і Індыю, якія разглядаем у якасьці партнэраў і пастаўшчыкоў, у тым ліку высокатэхналягічнага абсталяваньня», — дадала дэпутатка.

Прэм’ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка назваў складанай сытуацыю з імпартам мэдыцынскага абсталяваньня з Захаду яшчэ ў красавіку 2022 году, пасьля ўвядзеньня чарговага пакета санкцыяў Эўразьвязу. Тады ж беларусы пачалі скардзіцца на дэфіцыт у аптэках імпартных лекаў і рост цэнаў на іх. Дзяржаўныя чыноўнікі ў адказ сьцьвярджалі, што ў аптэках у наяўнасьці заўсёды ёсьць айчынныя аналягі і прапаноўвалі «купляць беларускае».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG