У судзе Маладачанскага раёну 27 верасьня пачынаецца разгляд крымінальнай справы галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газэты» Аляксандра Манцэвіча, піша «Вясна». Журналіста абвінавачваюць у дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь (арт. 369-1 Крымінальнага кодэкса).
Справу вядзе судзьдзя Аляксей Іршын.
Палітзьняволенага журналіста затрымалі 15 сакавіка 2023 года пасьля ператрусу ў ягоным доме. Да суду яго зьмясьцілі ў турму № 8 у Жодзіна.
Паводле сьледзтва, Аляксандар Манцэвіч, зьяўляючыся дырэктарам рэдакцыі газэты, сумесна зь іншымі асобамі з 1 студзеня 2020 года па 15 сакавіка 2023 года нібыта «распаўсюджваў у друкаваным выданьні і яго інтэрнэт-рэсурсах загадзя лжывыя зьвесткі, якія дыскрэдытуюць Беларусь і яе органы ўлады».
А ў артыкулах выданьня, на думку абвінавачаньня, нібыта «зьмшяшчалася недакладная інфармацыя, накіраваная на прычыненьне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам, падрыў аўтарытэту краіны і яе органаў улады, нанясеньне шкоды нацыянальным інтарэсам, дэстабілізацыю абстаноўкі сярод грамадзян Беларусі, фармаваньне лжывых уяўленьняў аб незахаваньні ў Рэспубліцы правоў і свабод грамадзян».
Аляксандр Манцэвіч — галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты», вядучага незалежнага СМІ Маладэчна і рэгіёну. Ён неаднаразовы пераможца журналісцкіх конкурсаў і прэмій за высокія стандарты працы.
Скончыў Менскі радыётэхнічны інстытут, факультэт журналістыкі БДУ. Працаваў майстрам, інжынэрам на Вілейскім заводзе «Зэніт», журналістам у маладэчанскай раённай газэце. З 1995 года — заснавальнік і галоўны рэдактар тыднёвіка «Рэгіянальная газэта». Жыве ў Вялейцы.
Беларуская праваабарончая супольнасьць прызнала Аляксандра Манцэвіча палітычным вязьнем.
У ліпені 2021 года рэдакцыя «Рэгіянальнай газэты» вымушана прыпыніла выпуск друкаванага выданьня і засяродзілася на інтэрнэт-вэрсіі. У студзені 2023 года Мінінфарм на падставе рашэньня суду Маладэчанскага раёна ўнёс сайт і тэлеграм-канал «Рэгіянальнай газеты» ў «Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». Пасьля атакі сілавікоў на рэдакцыю і затрыманьня галоўнага рэдактара, той жа суд прызнаў «экстрэмісцкім» яшчэ і кантэнт выданьня ў сацсетцы «ВКонтакте».