Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Здымкі з дронаў і раней трэба было паказваць Міністэрству абароны». Чаму ў Беларусі забаранілі бесьпілётнікі і як імі цяпер карыстацца


Дрон у цэнтры Менска, архіўнае фота
Дрон у цэнтры Менска, архіўнае фота

Адмысловым указам Лукашэнка забараніў увоз, выраб і выкарыстаньне дронаў у Беларусі для грамадзян. Цяпер імі могуць карыстацца толькі юрыдычныя асобы і прадпрымальнікі. Расказваем, як было раней і як стане цяпер.

Пасьля выхаду чарговага ўказу Лукашэнкі грамадзяне Беларусі больш ня могуць завозіць, рабіць і выкарыстоўваць бесьпілётнікі. Гэта дазволена толькі юрыдычным асобам.

Цяпер, калі ІП ці юрыдычная асоба хоча завезьці дрон на тэрыторыю Беларусі, неабходна атрымаць дазвол у дэпартамэнце авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый. Фізычным асобам улады далі 6 месяцаў, каб «рэалізаваць» (прадаць) свае дроны ІП ці юрыдычным асобам альбо перадаць дзяржаве на захоўваньне.

Таксама ўлады зьбіраюцца стварыць аўтаматызаваную базу для ўліку ўсіх дронаў юрыдычных асобаў і ІП. То бок калі такі дрон саб’юць у забароненай для палётаў зоне, сілавікі будуць ведаць, каму ён належыць.

Што раней было з дронамі

Свабода паразмаўляла на ўмовах ананімнасьці са спэцыялістам, які доўгі час лятаў на дронах у Беларусі для здымак і рабіў гэта цалкам легальна. Схема палётаў, як ён кажа, раней выглядала наступным чынам.

«Да дронаў тры гады таму была асаблівая ўвага. Патрэбна была папера ад дзяржаўнай інстытуцыі, што гэта не прылада падвойнага прызначэньня. Яе з сабой трэба было вазіць. Было вельмі шмат забароненых зонаў, трэба было атрымліваць дазвол, каб недзе палётаць. Гэта тычыцца палётаў. А калі хочаш здымаць нешта, то трэба напісаць ліст у Мінабароны па дазвол на здымкі. Чакаеш 5–7 дзён на адказ. Пасьля здымаеш і аддаеш запісы ў Генштаб Мінабароны, каб яны паглядзелі, што там няма нічога забароненага», — апісвае суразмоўца.

То бок сфатаграфаваць прыгожы заход сонца проста на дарозе было нельга. Што да цяперашніх умоваў, то, паводле суразмоўцы, «юрыдычныя асобы і ІП будуць далей рабіць здымкі з дронаў». Проста бюракратычных працэдур стане болей.

«Здымаць будуць правераныя пілёты, без адміністрацыйных і крымінальных артыкулаў. Людзям будуць дазваляць, калі гэта бясьпечныя месцы. Зьменіцца ўсё для „шэрай зоны“ — фізычных асобаў, якія проста здымалі для забавы ці для інстаграму. Напрыклад, прыехаць на бераг возера і там паздымаць», — кажа спэцыяліст.

Чаму дроны забаранілі

На думку прадстаўніка ініцыятывы былых сілавікоў Belpol Матвея Купрэйчыка, дроны для фізычных асобаў вырашылі забараніць праз вайну ва Ўкраіне.

«На вайне дроны — адзін з асноўных відаў зброі. Гэта і выведка, і баявы аб’ект. Лукашэнка вельмі баіцца, што дрон можа прыляцець да яго. Ён робіць усё, каб тая ж антыдронавая сыстэма „Гроза“ ўвесь час дапрацоўвалася. Ён думае, што няма снайпэра, які па яго можа прыйсьці. Але ведае, што нават з-за мяжы ляцець да Менску дронам нядоўга. У некаторых пунктах Менску стаяць сыстэмы „Гроза“, якія адсочваюць дроны. Амаль у кожным РАУСе ёсьць антыдронавыя стрэльбы, каб садзіць дроны. Дроны могуць перапрашыць, каб антыдронавыя гарматы іх не маглі зьбіць. Лукашэнка разумее, што пасьля гэтых забарон увезьці дрон у Беларусь будзе цяжка. Але ён не разумее, што калі трэба будзе, усё адно могуць увезьці», — кажа Матвей Купрэйчык.

Што да кантролю за юрыдычнымі асобамі і ІП, то, на думку Купрэйчыка, улады думаюць, што пасьля новага закону гэта будзе прасьцей.

«Яны спадзяюцца, што зробяць сыстэму, дзе будуць зарэгістраваныя ўсе бесьпілётнікі. Тады яны будуць выдаваць дазволы на вылеты. Гэта такія фірмы, якія здымаюць выпускныя, шлюбы, канцэрты. Калі яны пасадзяць нейкі дрон, які лётае без дазволу, адразу будуць шукаць, ці ёсьць ён у базе, ці ёсьць на ім рэгістрацыйны нумар», — кажа прадстаўнік Belpol.

Пакуль незразумела, якое пакараньне будзе для тых, хто працягне карыстацца дронамі, ня маючы статусу ІП ці юрыдычнай асобы. Вядома толькі, што дрон могуць канфіскаваць. Але гэта рабілася і раней. Напрыклад, у 2018 годзе падчас сьвяткаваньня Дня Волі, якое ўлады дазволілі, сілавікі, меркавана, сагналі ў журналістаў некалькі дронаў, іх так і не знайшлі.

«Магчыма, яны прымуць нейкія зьмены ў адміністрацыйны кодэкс наконт дронаў. Улады хацелі б зрабіць кола ўладальнікаў дронаў як мага меншым. Яны разумеюць, што калі нешта пачне адбывацца ў Беларусі, то людзі могуць дастаць гэтыя дроны, каб іх выкарыстоўваць дзеля выведкі, напрыклад. Людзі ўжо бачаць на прыкладзе вайны, наколькі гэтыя дроны карысныя. А беларусы вельмі прасунутыя ў пляне тэхналёгій. У нас шмат майстроў, якія могуць зрабіць скіды для дронаў ці самі дроны», — кажа Матвей Купрэйчык.

А што ў іншых краінах?

У краінах ЭЗ таксама дзейнічаюць свае правілы карыстаньня бесьпілётнікамі. У Літве, напрыклад, запускаць дроны можна звычайным грамадзянам. Але бесьпілётнікі, якія маюць вагу больш за 250 грамаў або нясуць камэры, трэба рэгістраваць на адмысловым сайце, тады апарату прысвойваецца адмысловы рэгістрацыйны нумар. Паводле правілаў не рэкамэндуецца лятаць блізка над прыватнымі аб’ектамі. А калі дрон важыць 900 грамаў і больш, не рэкамэндуецца лятаць над натоўпам людзей, але можна лятаць на гарызантальнай адлегласьці ад іх у 30 мэтраў. Ёсьць таксама месцы, каля якіх нельга лётаць: гэта аэрапорты, закрытыя аб’екты ды іншыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG