У Бранску дрон зноў атакаваў завод «Крэмні Эл», які выпускае камплектуючыя для сыстэм СПА «Панцыр» і ракетных комплексаў «Іскандэр».
Губэрнатар Бранскай вобласьці Аляксандар Багамаз заявіў аб чарговым нападзе бесьпілётніка на прамысловы аб'ект Бранску. Паводле яго, абломкі дрона трапілі ў адміністрацыйны будынак, пачаўся пажар. «Пацярпелых няма», — удакладніў ён. Мясцовыя тэлеграм-каналы публікуюць відэа пажару на месцы падзеньня абломкаў дрона.
Тэлеграм-канал Mash сьцьвярджае, што напад зноў быў на прадпрыемства «Крэмній Эл», якое вырабляе камплектуючыя для вайсковай тэхнікі.
Пазьней Багамаз паведаміў яшчэ пра два беспілётнікі, якія атакавалі Бранск. Адзін зь іх, як адзначыў губэрнатар, зьбілі на падлёце да гораду, а другі нэўтралізавалі сродкамі РЭБ
над самім Бранскам. У выніку падзеньня «ў адным з будынкаў чыгуначнага вакзалу Бранск I часткова пашкоджаныя шкляныя сьцены. У мэтах бясьпекі пасажыры эвакуаваныя з будынку», — напісаў ён у сваім тэлеграм-канале.
Інфармацыю пра напад бесьпілётнікаў на Бранск пацьвердзілі і ў Міністэрстве абароны Расеі.
Напярэдадні, сёмага верасьня, дрон таксама атакаваў будынак заводу «Крэмній Эл». Падчас падзеньня ён урэзаўся ў адміністрацыйны будынак прадпрыемства, узьнік пажар.
Раней у чацьвер губэрнатар Бранскай вобласьці паведамляў пра тры атакі бесьпілётнікаў на рэгіён. Усе дроны, па словах Багамаза, былі зьбітыя.