Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта патрэбны Беларускі інстытут тэатру. Размова з ініцыятаркай


Анжаліка Крашэўская
Анжаліка Крашэўская

Прадстаўніца ініцыятыўнай групы «Беларускае тэатральнае кам’юніці» Анжаліка Крашэўская расказала, якія зараз ёсьць праблемы ў беларускіх тэатральных дзеячоў і чым будзе займацца будучы Беларускі інстытут тэатру.

7–9 верасьня ў Варшаве адбылася канфэрэнцыя, на якой быў створаны Беларускі інстытут тэатру (БІТ). У канфэрэнцыі паўдзельнічалі (онлайн і офлайн) каля 50 дзеячоў і дзяячак беларускай тэатральнай супольнасьці. Вынікам імпрэзы стаў падпісаны мэмарандум.

Анжаліка Крашэўская — прадстаўніца ініцыятыўнай групы «Беларускае тэатральнае кам’юніці», была дырэктаркай Цэнтру візуальных і выканаўчых мастацтваў «Art Corporation», дырэктаркай кінафэстывалю «Лістапад», арт-дырэктаркай Міжнароднага тэатральнага форуму «ТЕАРТ».

«На фоне 2020-га году мы аб’ядналіся ў „Беларускае тэатральнае кам’юніці“ і дапамагалі тым, хто застаўся і тым, хто зьехаў, думалі, што ім рабіць. Гісторыя трансфармавалася, і ад беларускага „камʼюніці“ мы перайшлі да наступнага кроку — стварэньня інстытуту», — кажа Анжаліка Крашэўская.

Анжаліка дадае, што шмат краін Усходняй Эўропы маюць такія інстытуцыі, яны пачыналіся са збору і фармаваньня архіву.

«Пакуль гэта ідэя стварэньня інстытуту, але важна сфармуляваць задачы, якія мы можам выконваць тут і цяпер. Першы крок — гэта акурат збор інфармацыі, архіваваньне, дасьледаваньне. Такая інстытуцыя можа быць цяпер у лятучым фармаце, а празь нейкі час яна „апусьціцца“ на тую тэрыторыю, на якой павінна быць».

БІТ таксама будзе займацца папулярызацыяй беларускага тэатру, стварэньнем умоваў для разьвіцьця беларускіх прафэсіяналаў у выканальніцкіх мастацтвах.

«Важна ўваходзіць у міжнародную тэатральную сетку»

Анжаліка пералічвае пытаньні, якія трэба вырашыць, каб запусьціць Інстытут.

«Нейкая частка людзей — у Беларусі, нейкая раскіданая за межамі. Складанае пытаньне — дагрукацца да патэнцыйных донараў, знайсьці крыніцы фінансаваньня. Бо дагэтуль каманда тры гады валянтэрыла, выконвала праекты, дапамагала беларускім тэатральным дзеячам у рэзыдэнцыях, стажах, праграмах, прэзэнтацыях, каб зьвяртаць увагу, што мы жывыя нягледзячы ні на што».

Сёньня ёсьць магчымасьць выконваць маленькія праекты, якія будуць падмуркам будучага інстытуту, кажа Анжаліка. Замежныя тэатральныя інстытуцыі і дзеячы гатовыя дапамагаць разьвівацца беларускай тэатральнай сфэры.

«Ёсьць міжнародная тэатральная сетка, у яе таксама важна ўваходзіць. Важна пра сябе нагадваць. Мы шукаем і знаходзім падтрымку, праўда, пакуль яна толькі ў фармальным пляне: „Мы гатовыя дапамагаць, кансультаваць, думаць над сумеснымі праектамі“».

«Ня быць хатай з краю»

Анжаліка заўважае, што беларускія дзеячы культуры заўсёды зьвярталіся да Польскага інстытуту, Інстытуту Гётэ, але ў самой Беларусі не было магчымасьці пазнаёміцца з тэатрамі іншых краін.

«Таму, каб сыстэмна займацца гэтай працай, неабходны інстытут як арганізацыя, а не як валянтэрскі рух ці ініцыятыва. Тут важныя сыстэмнасьць, спадчына, папулярызацыя, прасоўваньне і захаваньне. Мы павінны сабраць сьведчаньні тэатральнай гісторыі, якая ёсьць у Беларусі, захаваць нейкія рэчы, якія ўзьнікалі, узьнікаюць і будуць узьнікаць, і перадаць гэта далей».

Анжаліка дадае, што зараз не трэба дзяліць тэатар на эмігранцкі і беларускі.

«Дыскусійнае пытаньне: як назваць тэатар у эміграцыі? Гэта беларускі тэатар альбо тэатар, які знаходзіцца ў пераходным пэрыядзе? Можна толькі назіраць, што адбываецца. Але вельмі важна для беларускіх тэатральных дзеячоў ня быць адасобленымі, не кіравацца прынцыпам „мая хата з краю“. Яны павінны выкарыстоўваць магчымасьці сытуацыі, у якой яны апынуліся, зразумець той эўрапейскі тэатар, які ёсьць побач зь імі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG