Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская ў Нью-Ёрку заявіла, што ў беларусаў «адымаюць краіну», ім патрэбная падтрымка ўсяго сьвету


Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота
Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота

Ціханоўская заявіла ў Нью-Ёрку, што беларусы поўныя рашучасьці атрымаць перамогу і захаваць нацыю.

Беларусь «перажывае гуманітарны, палітычны і крызіс у галіне бясьпекі», таму найлепшае месца для абмеркаваньня гэтай праблемы — «тыдзень высокага ўзроўню» на Генэральнай асамблеі ААН, сказала дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская 21 верасьня ў Нью-Ёрку.

Такую заяву Ціханоўская агучыла падчас дыскусіі «Пагроза незалежнасьці Беларусі і міжнародны адказ» з удзелам міністраў замежных спраў Літвы, Славакіі і Ісьляндыі, дзяржаўнага міністра МЗС Нямеччыны і іншых эўрапейскіх палітыкаў.

Паводле Сьвятланы Ціханоўскай, у беларусаў «адымаюць краіну», каб яе захаваць, «патрэбна падтрымка ўсяго сьвету».

Палітык падкрэсьліла, што Расея «вядзе ціхую агрэсію» супраць Беларусі, выкарыстоўваючы «карумпаванага, залежнага, нелегітымнага Лукашэнку ў якасьці правадніка сваіх інтарэсаў».

Крызіс у Беларусі «выходзіць за рамкі рэгіянальнай бясьпекі, закранаючы міжнароднае права і Статут ААН, харчовую бясьпеку, цэны на энэрганосьбіты, а таксама рэжымы кантролю над узбраеньнямі і нераспаўсюджваньня», дадала Ціханоўская.

На яе думку, неабходна «выкарыстоўваць даступныя інструмэнты і мэханізмы для прыцягненьня рэжыму да адказнасьці і захаваньня незалежнасьці Беларусі».

«Чым больш сьвет прызнае і падтрымлівае беларускія дэмакратычныя сілы, тым большы ціск мы аказваем на нелегітымны рэжым. Наша легітымнасьць і падтрымка большасьцю беларусаў — гэта наша мірная зброя. Захад павінен умацаваць яе, даўшы беларускім дэмакратычным сілам усю падтрымку, неабходную для перамогі, а ня проста для выжываньня», — падкрэсьліла Ціханоўская.

Дэмакратычная лідэрка пацьвердзіла далейшыя намаганьні ў прызнаньні на міжнародным узроўні «пашпарта новай Беларусі».

«Будзем прасіць аб яго афіцыйным прызнаньні. Акрамя таго, будзем працаваць з нацыянальнымі ўрадамі над спрашчэньнем працэдур легалізацыі. <...>. У гэтым пытаньні мы б віталі больш практычную ролю Міжнароднай арганізацыі па міграцыі, якая магла б ацаніць сытуацыю і распрацаваць рэкамэндацыі для ўрадаў аб тым, як адстойваць правы беларусаў», — паведаміла дэмлідэрка Беларусі.

Яна заклікала заходніх палітыкаў заняць больш актыўную пазыцыю ў дачыненьні да выкарыстаньня міжнародных мэханізмаў прыцягненьня да адказнасьці, такіх як Міжнародны крымінальны суд і разгляд спраў у рамках унівэрсальнай юрысдыкцыі.

«Сёньня вырашальны момант: будзе Беларусь свабоднай эўрапейскай краінай ці яна стане ахвярай расейскага неакаляніялізму. Беларусы поўныя рашучасьці атрымаць перамогу і захаваць сваю нацыю. Незалежнасьць і нацыянальная самабытнасьць — галоўныя скарбы кожнага народа. Яны робяць нас тымі, хто мы ёсьць у сям’і нацый. Мы заклікаем іншыя дзяржавы дапамагчы нам абараніць наша права на лепшую будучыню ў незалежнай краіне», — рэзюмавала Ціханоўская.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG