Сьвятлана Ціханоўская разам з прадстаўніком у замежных справах Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валерам Кавалеўскім сустрэлася з эўракамісаркай ўнутраных справаў Ільвай Югансан.
Пра гэта паведамяле прэс-служба Ціханоўскай.
Беларуская лідэрка падзякавала эўракамісарцы за экспэртную падтрымку ў распрацаваньні новага беларускага пашпарта і дапасаваньні яго да міжнародных стандартаў. Валер Кавалеўскі расказаў пра плян далейшых дзеяньняў: выраб узораў пашпартоў, стварэньне асобнага прадпрыемства для іх выпуску, кампанію міжнароднага прызнаньні дакумэнту.
Сьвятлана Ціханоўская таксама прапанавала эўракамісарцы правесьці двухбаковыя кансультацыі. Вынікам сумеснай працы Кабінэту з экспэртамі Эўракамісіі павінны стаць рэкамэндацыі для краін ЭЗ у спрашчэньні легалізацыі для беларусаў, у тым ліку праз падаўжэньне дзеяньня дазволаў на жыхарства і пашпартоў іншаземца. Югансан ухваліла прапанову.
Таксама Ціханоўская на палях 78-й сэсіі Генэральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку заклікала прэм’ер-міністраў Канады і Італіі падняць беларускае пытаньне на ўзроўні G7.
На сустрэчы з прэмʼер-міністрам Канады Джастынам Трудо Ціханоўская падзякавала Канадзе за падтрымку дэмакратычных сілаў.
«Дзякуючы канадзкай дапамозе праваабаронцы працягваюць зьбіраць доказы злачынстваў рэжыму, праводзяцца сацыялягічныя дасьледаваньні, некаторыя незалежныя СМІ аднавілі і працягваюць працу», — адзначыла палітык. Пры гэтым дэмакратычная лідэрка падкрэсьліла, што ёсць «яшчэ шмат чаго, што мы можам зрабіць разам».
Пасьля сустрэчы з кіраўніцай МЗС Італіі Джорджай Мэлёні Ціханоўская адзначыла гатоўнасьць гэтай краіны «больш актыўна ўключыцца ў беларускае пытаньне». Дэмакратычная лідэрка зьвярнулася да Мэлёні з просьбай падняць беларускую тэму перад Генэральным сакратаром ААН і на наступным саміце G7.
- Ціханоўская наведвае ЗША з 17 па 23 верасьня. Палітык ужо сустрэлася з віцэ-прэзыдэнткай карпарацыі Microsoft Тэрэзай Гатсан, кіраўніцай офісу глябальнага крымінальнага правасудзьдзя Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Бэт Ван Схаак, прэзыдэнтам Гватэмалы Алехандра Джаматэем, лідэрамі амэрыканскай габрэйскай грамады, кіраўнікамі МЗС цэлага шэрагу краін і інш.