Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Заклікаю Раду Бясьпекі ўключыць у парадак дня Беларусь». Сустрэчы і выступы Ціханоўскай і міністра Алейніка на Генасамблеі ААН


Сяргей Алейнік, Сьвятлана Ціханоўская, лога ААН. Каляж
Сяргей Алейнік, Сьвятлана Ціханоўская, лога ААН. Каляж

Беларуская дэмакратычная лідэрка знаходзіцца ў Нью-Ёрку, дзе праходзіць Генэральная асамблея ААН. Яна зьвярнулася да прадстаўнікоў ААН ад імя беларусаў.

«Я прашу Арганізацыю Аб’яднаных Нацыяў захаваць Беларусь у ліку прыярытэтаў і выкарыстоўваць усе наяўныя сродкі, каб дамагчыся вызваленьня палітычных зьняволеных. Я заклікаю суды ААН пачаць разборы супраць рэжыму ў Менску. Таксама заклікаю Раду Бясьпекі ААН уключыць у парадак дня Беларусь, каб абмеркаваць пытаньне аб разьмяшчэньні ядзернай зброі і простай пагрозе нашай незалежнасьці.

Беларусь мае патрэбу ў вашай неадкладнай увазе і дзеяньні. Гэта вызначальны момант гісторыі, і я прашу сусьветную супольнасьць падтрымаць нас у барацьбе за само існаваньне нашай краіны і народу».

Таксама Ціханоўская адзначыла, што беларуская дзяржава не выконвае сваіх абавязкаў перад грамадзянамі, а Лукашэнка — не прадстаўляе беларускі народ, таму ён і яго памагатыя павінны быць выключаныя з форумаў ААН.

Сустрэча з намесьніцай дзяржаўнага сакратара ЗША

На палях Генасамблеі ААН Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з намесьніцай дзяржаўнага сакратара ЗША ў цывільнай бясьпецы, дэмакратыі і правах чалавека Узрай Зэяй, паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.

Падчас сустрэчы абмеркавалі сытуацыю з палітвязьнямі і спосабы ціску на рэжым у Беларусі, каб дабіцца іх вызваленьня. Ціханоўская адзначыла, што вызваленьне ўсіх палітвязьняў ёсьць абсалютным прыярытэтам і патрабуе сьмелай палітыкі.

Сьвятлана Ціханоўская заклікала ЗША падтрымаць праграмы рэабілітацыі былых палітвязьняў і расказала пра ідэю стварэньня гарантыйнага фонду для рэпрэсаваных, які мог бы падтрымліваць як сем’і палітвязьняў, так і тых, хто выходзіць з-за кратаў. Узра Зэя падкрэсьліла, што ЗША будуць і надалей падтрымліваць дэмакратычную Беларусь і рабіць усе намаганьні, каб дабіцца вызваленьня палітвязьняў з турмаў.

Таксама Зэя і Ціханоўская абмеркавалі працэс супраць Юрыя Гараўскага, які пачаўся ў швайцарскім судзе і можа стаць пачаткам шэрагу судоў супраць памагатых Лукашэнкі ў розных краінах сьвету. Узра Зэя запэўніла, што ЗША працягнуць падтрымліваць збор доказаў злачынстваў рэжыму Лукашэнкі супраць чалавечнасьці ў Беларусі і вывазу ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны.

Акрамя гэтага, абмеркавалі сытуацыю зь беларусамі за мяжой, якія засталіся без дакумэнтаў. Паводле Ціханоўскай, да паўмільёна беларусаў могуць апынуцца ў складанай сытуацыі і стаць дэ-факта асобамі без грамадзянства, таму сытуацыя патрабуе комплекснага рашэньня, напрыклад спрашчэньня міграцыйнага заканадаўства для беларусаў у краінах Эўропы і выдачы новых беларускіх пашпартоў.

Асобна абмяркоўвалі стратэгічны дыялёг Беларусь – ЗША, пачатак якога заплянаваны на сьнежань 2023 году. Гэты фармат дапаможа збудаваць доўгатэрміновыя партнэрскія адносіны паміж ЗША і дэмакратычнай Беларусьсю, а таксама ўмацаваць беларускую незалежнасьць.

У падсумаваньні дыялёгу бакі дамовіліся пра рэгулярную камунікацыю і супольныя дзеяньні на міжнароднай арэне.

Пра іншыя сустрэчы Ціханоўскай на палях Генэральнай асамблеі ААН

Акрамя гэтага, Ціханоўская сустрэлася з генэральнай сакратаркай Рады Эўропы Марыяй Пейчынавіч-Бурыч і абмеркавала зь ёй працу кантактнай групы па Беларусі ў Радзе Эўропы, праекты, якія рэалізоўваюцца ў яе межах (па мэдыях, праваабаронцах, жанчынах і г.д.), а таксама наступны візыт ЦІханоўскай ў Страсбур.

Падчас сустрэчы Ціханоўская распавяла Марыі Пейчынавіч-Бурыч пра рашэньне дэмакратычных сілаў працаваць на эўрапейскую пэрспэктыву для Беларусі і падзякавала генэральнай сакратарцы за тое, што Рада Эўропы стала першай на гэтым шляху.

Таксама Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася зь

  • міністрамі замежных справаў Альбаніі (Альбанія ў гэтым месяцы — прэзыдэнт Рады Бясьпекі ААН), Бэльгіі, Ісьляндыі, Італіі, Латвіі, Нідэрляндаў, Партугаліі, Эстоніі і Фінляндыі, зь лідэрамі амэрыканскай габрэйскай супольнасьці і інш.
  • Бэт Ван Схаак, кіраўніцай офісу глябальнага крымінальнага правасудзьдзя Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША,
  • віцэ-прэзыдэнткай карпарацыі Microsoft Тэрэсай Гатсан,
  • прэзыдэнтам Гватэмалы Алехандра Джаматэем.

Кіраўнік МЗС Беларусі Алейнік правёў перамовы з калегамі з Манголіі і Нікарагуа

Тымчасам міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Алейнік на палях Генэральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку правёў перамовы з кіраўнікамі МЗС Манголіі і Нікарагуа, паведамілі БелТА ў МЗС. Напярэдадні была сустрэча Алейніка зь міністрам замежных справаў і міжнароднага супрацоўніцтва Сьера-Леонэ Тымаці Мусы Кабы. Асноўнай тэмай перамоваў была супраца ў сельскай гаспадарцы. Таксама ён паўдзельнічаў у «працоўным ланчы» кіраўнікоў МЗС АДКБ.

Летась тагачасны міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімір Макей уцякаў у ААН ад каманды Сьвятланы Ціханоўскай. Яго наступнік Сяргей Алейнік — наадварот, сам падышоў і паціснуў руку дарадцу Ціханоўскай Франаку Вячорку. Пра гэта сам Франак Вячорка расказаў у эфіры «Еўрарадыё».

Размовы ў іх з Алейнікам не было, яны толькі павіталіся. Міністра пры гэтым суправаджалі прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз ды іншыя чыноўнікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG