Па тым, у якім унівэрсытэце апынецца празь некалькі тыдняў Лукашэнка-малодшы, у значнай ступені можна будзе меркаваць, якую будучыню рыхтуе яму бацька.
Верагодна, што месцам навучаньня Лукашэнкі-малодшага стане біяфак Белдзяржунівэрсытэту.
Хто ня здрадзіць, апроч сына?
Лукашэнка шмат разоў заяўляў і кляўся, што ягоныя дзеці ніколі ня будуць прэзыдэнтамі, што ён ні ў якім разе не зьбіраецца перадаваць уладу ў спадчыну сынам. Але гэтаксама ён шмат разоў запэўніваў, што «наеўся прэзыдэнцтва» — на працягу апошніх прынамсі дваццаці год (Ад «Я ўжо ўлады наеўся столькі, што вам і ня сьнілася» (2002) да «Я ўжо напрацаваўся, наеўся гэтай прэзыдэнцкай долі і не трымаюся, учапіўшыся за гэтае крэсла пасінелымі пальцамі» (2020).
Цана гэтых клятваў і гэтых запэўніваньняў прыкладна аднолькавая. Досьвед 28 апошніх год паказвае: улады ён, можа, і наеўся, але адыходзіць ад багата накрытага ўладнага стала і адрываць пасінелыя пальцы ад прэзыдэнцкага крэсла зусім не зьбіраецца. І ягоныя ранейшыя заявы пра тое, што ні ў якім разе ня будзе перадаваць уладу сынам — «Я не хачу, каб мае дзеці былі ў Беларусі прэзыдэнтамі. Я наеўся, і маім дзецям празь мяне хапіла гэтага прэзыдэнцтва» (2010) і «Ніводзін мой сын прэзыдэнтам у Беларусі ня будзе пасьля мяне» (2021) — успрымаюцца сёньня толькі як какецтва пажылога дыктатара.
У рэальнасьці гарантаваць дыктатару адносна спакойную старасьць і пасьмяротнае ўшанаваньне можа толькі роднае дзіця, — калі яму своечасова перадаць у спадчыну неабмежаваную ўладу. На вачах у Лукашэнкі на постсавецкай прасторы за мінулыя чвэрць стагодзьдзя разгортваліся некалькі такіх гісторый з роднасна блізкімі яму дыктатарскімі рэжымамі. І ён, напэўна ж, зрабіў з убачанага адпаведныя высновы. Асабліва пасьля 2020 году, калі і свой ранейшы адносна мяккі аўтарытарны рэжым перарабіў у паўнавартасную дэспатыю ўсходняга кшталту.
Ніязавы і Бердымухамедавы, Назарбаевы і Аліевы
Туркмэнскі дэспат Сапармурат Ніязаў, як вядома, быў пры жыцьці абвешчаны «Туркмэнбашы Вялікім», пажыцьцёвым правадыром, шасьціразовым Героем Туркмэністану. Па ўсёй Туркмэніі яму было пастаўлена больш за 14 тысяч помнікаў і бюстаў, у тым ліку вялікая залатая статуя ў цэнтры Ашгабату, якая дзякуючы хітраму мэханізму няспынна паварочвалася тварам усьлед за сонцам. Ніязаў раптоўна памёр у 2006 годзе ва ўзросьце 64 гадоў, не пасьпеўшы перадаць уладу дзецям.
Ужо празь некалькі месяцаў пасьля ягонай сьмерці помнікі і бюсты спакваля пачалі зьнікаць з вуліц і плошчаў. Потым дайшла чарга і да залатой статуі ў цэнтры сталіцы. Вывучэньне «бесьсьмяротнай і найвялікшай з кніг усіх часоў» «Рухнамы» перастала быць абавязковым і паўсюдным. Партрэты Туркмэнбашы зьніклі з будынкаў, вуліц, плошчаў, падручнікаў і купюр нацыянальнай валюты. А дзеці самога Ніязава не рызыкуюць вяртацца на радзіму з Заходняй Эўропы.
Новы правадыр Туркмэністану Гурбангулы Бердымухамедаў (афіцыйны тытул — «Аркадаг», што значыць апякун, абаронца) паступова выцесьніў з падуладнай дзяржавы амаль усе атрыбуты культу асобы Ніязава, замяніўшы іх на атрыбуты ўласнага культу. Уключна з узьвядзеньнем у сталіцы ўласнай коннай статуі вышынёй 21 мэтар, пакрытай 24-каратным золатам. Але, не без падстаў пабойваючыся, што з гэтай статуяй нашчадкі паступяць гэтак жа, як сам ён — са статуяй Туркмэнбашы, прадбачліва перадаў уладу сёлета ў лютым уласнаму сыну Сердару.
Дарэчы, адразу пасьля таго, як убачыў, што адбылося ў студзені ў Казахстане, дзе Елбасы (Назарбаеў), хоць і надзяліў другой па значнасьці пасадай у дзяржаве дачку Дарыгу, але фармальна перадаў трон чалавеку не са сваёй сям’і. І што ў выніку атрымаў? У Дарыгі пасаду адабралі, іншых сваякоў «раскулачылі», імя самога «Елбасы» выкрасьлілі з Канстытуцыі, зносяць прыжыцьцёвыя помнікі і ня сёньня-заўтра пераймянуюць Нурсултан назад у Астану...
Затое на супрацьлеглым ад Туркмэністану беразе Касьпія — зусім іншы прыклад. Гейдар Аліеў пасьпеў своечасова перадаць трон сыну Ільхаму. І вось ужо дваццаць год ва ўсім Азэрбайджане паўсюль узводзяцца помнікі, адкрываюцца музэі, усяляк узвышаецца і праслаўляецца памяць пра слаўныя справы бацькі і пачынальніка клана і дынастыі правадыроў незалежнага Азэрбайджану Аліевых. Вось дзе ўзорнае захаваньне памяці і працяг справы першага прэзыдэнта краіны. Але ці зрабіў бы гэта нехта іншы, апроч уласнага сына?
Куды прыстройвалі сваіх дзяцей постсавецкія дыктатары?
Партыйныя намэнклятуршчыкі ў Савецкім Саюзе імкнуліся прыстроіць сваіх дзяцей з прыцэлам на намэнклятурную чыноўніцкую будучыню. І чым вышэйшага рангу быў кіраўнік — тым на больш прэстыжную маскоўскую ВНУ быў прыцэл. Па-за канкурэнцыяй тады лічылася адзіная ў СССР вышэйшая школа, дзе рыхтавалі дыпляматаў — МГИМО. У выпускнікоў кшталту Аляксандра Лукашэнкі ўзору 1971 году шанцаў трапіць туды фактычна не было. Каб падаць дакумэнты ў МГИМО, абітурыент павінен быў здабыць рэкамэндацыю абкаму партыі, узгодненую з КДБ. Атрымаць яе без высокай пратэкцыі было амаль немагчыма. Таму студэнтамі МГИМО станавіліся пераважна дзеці высокапастаўленых партыйных і савецкіх начальнікаў. Ільхам Аліеў, напрыклад, паступіў у МГИМО ў 1977 годзе нават у 15-гадовым узросьце (ягоны бацька тады ўжо быў першым сакратаром ЦК кампартыі Азэрбайджану).
Дзеці Сапармурата Ніязава вучыліся ў 80-я і на пачатку 90-х таксама ў Расеі (дачка Ірына — у МДУ, сын Мурад скончыў Дыпляматычную акадэмію МЗС Расеі). Іхны бацька на той час займаў высокія пасады ў партыйным кіраўніцтве Туркмэнскай ССР.
Старэйшыя дочкі Назарбаева, якія скончылі яшчэ савецкія школы, таксама выправіліся на вучобу ў Маскву: Дарыга — у МДУ, Дзінара — у Маскоўскі тэатральны інстытут. (Бацька ў той час займаў ключавыя пасады ў кіраўніцтве Казаскай ССР).
Але гэта — старэйшыя дзеці, з савецкага мінулага, калі нават для самай высокапастаўленай намэнклятуры навучаньне ў Маскве было «стольлю» магчымасьцяў. Калі колішнія сакратары ЦК саюзных рэспублік сталі паўнаўладнымі аўтарытарнымі лідэрамі самастойных дзяржаў — і магчымасьці, і геаграфія значна пашырыліся.
Малодшая дачка Назарбаева, Алія, у 90-я гады вучылася на факультэце міжнародных адносін у Рычмандзкім унівэрсытэце ў Лёндане і на факультэце міжнародных адносін Унівэрсытэту Джорджа Вашынгтона ў ЗША. Пераважна ў Швайцарыі і Вялікай Брытаніі вучыліся дочкі Ільхама Аліева. Гурбангулы Бердымухамедаў, пасьля таго як стаў пераемнікам Туркмэнбашы, выправіў свайго сына (і цяперашняга прэзыдэнта) Сердара спачатку па інэрцыі — у Дыпляматычную акадэмію МЗС Расеі, потым — у Жэнэўскі цэнтар палітыкі бясьпекі. (Адметна, што, пакуль бацька ня быў на вяршыні ўлады, Сердар атрымліваў веды ўсяго толькі ў Ашгабацкім сельгасунівэрсытэце).
Дэспат з брытанскім дыплёмам
Цікава, што іншыя (не постсавецкія) дыктатары, якія рыхтавалі сваіх дзяцей для спадчыннай перадачы ўлады, выпраўлялі іх атрымліваць адукацыю, як правіла, у элітныя школы і прэстыжныя заходнія ўнівэрсытэты.
Сыны дыктатараў — амаль спрэс выпускнікі дыпляматычных акадэмій і ўнівэрсытэтаў, адмыслоўцы ў буйным бізнэсе і міжнародных адносінах. І вось якая дзіўная адметнасьць. Нават атрымаўшы адукацыю ў найлепшых ВНУ Захаду, дасканала вывучыўшы мадэлі эканомікі і кіраваньня дэмакратычных дзяржаў, шмат гадоў пражыўшы ў свабодных грамадзтвах — дзеці дыктатараў станавіліся вернымі прадаўжальнікамі дыктатарскай справы бацькоў. Прыйшоўшы да ўлады, яны капіявалі палітыку і стыль жыцьця сваіх саноўных папярэднікаў.
У Міжнароднай школе ў Бэрне вучыўся патомны паўночнакарэйскі дэспат Кім Чэн Ын. У Лёндане вывучаў мэдыцыну сырыйскі дыктатар Башар Асад, які атрымаў уладу з рук свайго бацькі, пажыцьцёвага прэзыдэнта Хафеза Асада. Тры гады атрымліваў адукацыю ў Парыжы будучы правадыр камбаджыйскіх «чырвоных кхмэраў» і адзін з самых крывавых дыктатараў сучаснасьці Пол Пот.
А сын эксцэнтрычнага лібійскага дыктатара Муамара Кадафі — Сэйф аль-Іслам — у знакамітай Лёнданскай школе эканомікі абараніў дысэртацыю на тэму «Роля грамадзянскай супольнасьці ў дэмакратызацыі інстытутаў міжнароднага рэгуляваньня». Праўда, перадаць яму ўладу бацька-дыктатар не пасьпеў: быў зрынуты і закатаваны паўстанцамі ў 2011 годзе.
«Яму няма чаго рабіць у ВНУ»
Аляксандар Лукашэнка ня раз хваліўся надзвычайнымі здольнасьцямі сына ў музыцы, хіміі, біялёгіі. Апошні раз у інтэрвію расейскаму прапагандысту Салаўёву 4 лютага г.г. расказваў: «Адмыслоўцы, якія тэстуюць яго часта (я прашу Акадэмію навук) кажуць, што ён ужо ВНУ скончыў, яму няма чаго рабіць у ВНУ».
— Вы бачыце яго навукоўцам? — удакладніў прапагандыст.
— Я, шчыра кажучы, ніяк яго ня бачу, — асьцярожна адказаў Лукашэнка.
Магчыма, і сапраўды здарыцца неверагоднае і мы ў хуткім часе ўбачым Мікалая Лукашэнку сярод навучэнцаў Гнесінкі і пачуем, як ён грае на фартэпіяна ў Канцэртнай залі Чайкоўскага. Альбо ён можа зьявіцца ў сьпісе студэнтаў хімфаку ці біяфаку БДУ альбо Маскоўскага ўнівэрсытэту. Але чамусьці інтуіцыя падказвае, што найбольш верагодна ўсё ж заўважыць яго неўзабаве сярод першакурсьнікаў МГИМО. Або дзе-небудзь у прэстыжным унівэрсытэце ці элітным каледжы Швайцарыі, дзе пад чужым імем і прозьвішчам ён будзе вывучаць усё тыя ж міжнародныя адносіны і мастацтва дзяржаўнага кіраваньня. Па-іншаму ў дзяцей дыктатараў здараецца вельмі рэдка.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.