Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ну як такому малому дзіцяці масаж там рабіць?». Што бацькі і псыхоляг думаюць пра агляд малых дзяўчатак гінэколягам


Мэдцэнтар. Ілюстрацыйнае фота
Мэдцэнтар. Ілюстрацыйнае фота

Новыя інструкцыі пачнуць працаваць з 2024 году. У размове са Свабодай маці дзяўчатак расказалі, што хацелі б прысутнічаць пры аглядзе, а псыхоляг патлумачыла, калі лекар можа нашкодзіць малому пацыенту.

У Беларусі зацьвердзілі новую інструкцыю аб дыспансэрызацыі. Яна набудзе моц з пачатку 2024 году. Абавязковую дыспансэрызацыю ўвялі год таму. Паводле яе, усе беларусы павінныя абсьледавацца, нават калі ня маюць захворваньняў. У дакумэнце прапісана, якога спэцыяліста і калі трэба праходзіць.

У новай інструкцыі пазначылі неабходнасьць праходзіць агляд гінэколяга дзяўчаткам у 2-3 гады, перад прыёмам у дзіцячы садок, і ў 6-7 гадоў, перад пачаткам вучобы ў школе. З 14 гадоў дзяўчаты-падлеткі абавязаныя праходзіць абсьледаваньне ў гінэколяга штогод.

Бацькі дзяўчатак расказалі Свабодзе, што такая практыка агляду гінэколягам перад садком і школай праводзіцца ўжо некалькі гадоў.

Раней галоўны пазаштатны дзіцячы гінэколяг камітэту аховы здароўя Менгарвыканкаму Лілія Сухаверка тлумачыла, навошта дзяўчатак у тры гады пры афармленьні ў дзіцячы садок аглядае гінэколяг. Гэта робяць, каб выключыць магчымыя парушэньні разьвіцьця рэпрадуктыўных органаў. Лекар таксама мае парэкамэндаваць, як правільна выконваць гігіену полавых органаў. Калі не было агляду ў 3 гады, то варта абсьледавацца ў 6-7 гадоў.

«Калі лекар сказаў, што ўсё ў парадку, можна да падлеткавага ўзросту дзіця да гэтага спэцыяліста не вадзіць. Натуральна, калі ў дзяўчынкі няма скаргаў на дыскамфорт у інтымнай зоне», — тлумачыла Сухаверка.

«Ну як такому малому дзіцяці масаж там рабіць?!»

Беларуска Марыя* (імёны суразмоўцаў зьмененыя дзеля бясьпекі. — РС) расказала, што калі яе дачку нядаўна афармлялі ў садок, то неабходна было прайсьці агляд гінэколяга. Агляд быў візуальным, мэдык не дакранаўся да дзяўчынкі. Малая сядзела на каленях у маці. Яна, са словаў маці, не напужалася. Лекарка зьвярнула ўвагу на фармаваньне ейных полавых органаў.

«Яна сказала, што шчыліна мае быць пэўнага памеру, некалькі сантымэтраў. Сказала, што трэба рабіць масаж, ванначку. Я засумнявалася: ну як такому малому дзіцяці масаж там рабіць?!», — расказвае Марыя.

Знаёмы лекар параіў Марыі нічога не рабіць дзяўчынцы, ні ванначкі, ні масажы, і ўвогуле «ня лазіць туды рукамі». На прызначаны паўторны агляд да лекара маці з малой вырашыла не ісьці. Ніякіх наступстваў гэта ня мела. У садок дзіця прынялі.

Суразмоўца прызнаецца, што яе зьдзівіла тое, што ў такім малым узросьце дзяўчынка мае паказацца гінэколягу. Жанчына ўспамінае, што ў ейным пакаленьні дзяўчат пачынаў аглядаць жаночы спэцыяліст толькі ў падлеткавым узросьце.

«Мама бы і так убачыла, калі ў дзяўчынкі нешта там ня так, і павяла б да лекаркі», — дадае Марыя.

«Ніхто не садзіў яе на крэсла»

Яшчэ адна маці малой дзяўчынкі Дар’я падзялілася, што яе ў прынцыпе абурае неабходнасьць праходзіць абавязковы мэдагляд.

«Для мяне ненармальна, калі ад цябе патрабуюць паходаў па паліклініках. Я вельмі адказная маці. Я цудоўна разумею, як мусіць разьвівацца маё дзіця. Я сачу за ейным станам здароўя», — кажа Дар’я.

Яна запэўнівае, што калі ўбачыць, што ёсьць праблемы, то сама зьвернецца да лекара.

«А гэтыя абавязковыя агляды, калі табе трэба прастаяць у чарзе з шостай ранку, каб потым пару хвілін правесьці ў кабінэце, гэта намінальныя агляды. „Ёсьць праблемы?“ — „Няма праблем“. Пастукаў малаточкам — і ўсё. Я і так ведала, што ў майго дзіцяці няма нэўралягічных праблем. Гэта ўсё робіцца для птушачкі, а не як клопат пра здароўе нацыі, здароўе дзяцей», — мяркуе суразмоўца.

Агляд дачкі Дар’і ў гінэколяга праходзіў хутка: «здымі майткі і пакажы».

«Ніхто не садзіў яе на крэсла. Толькі візуальны агляд быў. Усё было максымальна карэктна», — успамінае Дар’я.

Маці дакладна ня ведае, навошта гінэколяг аглядаў дзіця ў такім малым узросьце.

«Мяне нічога не зьбянтэжыла. Наколькі я ведаю, ёсьць асаблівасьці разьвіцьця полавых губ у дзяўчатак, якія ў гэтым узросьце яшчэ можна адкарэктаваць без апэрацыі», — успамінае Дар’я.

«Вось зайчык-лекар. Ён паглядзіць»

Беларуска Вера расказала, што дзяцей у выпускной групе дзіцячага садка перад школай аглядае гінэколяг проста ў садку.

«Нам напісала выхавальніца прынесьці пальчаткі і пялюшку. Ніхто з бацькоў не абурыўся, чаму гінэколяг глядзіць. Адна маці толькі спытала, чаму мы самі мусім прыносіць інструмэнт лекара», — расказвае Вера.

У яе такая практыка не выклікае супраціву.

«Дачка ня лезе на крэсла, кладзецца на кушэтку, прыспускае бялізну, лекар аглядае органы візуальна, вонкава», — тлумачыць маці.

Вера мяркуе, што агляды праводзяць дзеля прафіляктыкі хатняй пэдафіліі.

«У Беларусі павялічылася колькасьць выпадкаў, калі бацька або айчым гвалціць дзіця. Можа быць, гэта прэвэнтыўны захад, бо дзеці часьцей за ўсё нічога не расказваюць», — выказвае думку суразмоўца.

Маці думае, што лепей, калі пры аглядзе гінэколягам малых дзяцей будуць прысутнічаць бацькі або хаця б выхавальніца.

«Калі я сказала дачцэ, што яе цёця будзе глядзець, яна засаромелася, заціснулася: „Я не хачу“. Я ёй патлумачыла, што гэта лекар, а лекар можа глядзець любую частку цела, ёй трэба ведаць, што ў цябе ўсё добра», — расказвае яна.

На думку Веры, бацькам трэба падрыхтаваць дзяўчынку, прагаварыць, паказаць на цацках, як гэта будзе выглядаць. Тады дзіцяці будзе спакайней. Маці б хацела, каб гінэколяг размаўляў зь дзіцём добразычліва.

«Я б хацела, каб лекарка ня тузала дзіця, не крычала: „Давай хутчэй, давай кладзіся!“. Калі бачыш, што дзіця зайшло і заціскаецца, не здымаць зь яго сподняе сілай, бо ў цябе яшчэ 20 дзяцей у чарзе. Больш мякка і павольна зь ім гаварыць», — выказвае пажаданьні маці.

Яна мяркуе, што палегчыць задачу, калі лекар папярэдне прагаворыць працэдуру:

«Вось цяпер мы здымем майткі, ты ляжаш сюды, я цябе пагляджу».

«Постаць лекара асацыюецца зь фігурай бацькі»

Псыхоляг Дар’я Зьмітровіч, якая працуе зь дзецьмі і дарослымі, пракамэнтавала Свабодзе, што некарэктныя паводзіны лекара могуць выклікаць траўму псыхікі. Яна адзначыла, што ёсьць тэрмін «ятрагенія» — хваробы, скажоныя ўяўленьні пра сваё здароўе, закамплексаванасьць, трывожнасьць, якія выклікаў лекар.

«На глыбокім несьвядомым узроўні постаць лекара асацыюецца і зьліваецца зь фігурай бацькі, з той часткай, якая характарызуецца клопатам, безумоўным прыняцьцем, якая запрашае да даверу», — тлумачыць псыхоляг.

Дар’я прывяла прыклады ятрагеній і што можна рабіць тады.

  1. Калі лекар «запалохвае» дыягназам, то важна мець у сабе перакананасьць: «Гэта чалавек. Людзям уласьціва памыляцца. Я маю права зьвярнуцца да іншых спэцыялістаў».
  2. Калі лекар сарамаціць за лад жыцьця, кажа нешта, што зьвязвае погляды на жыцьцё са здароўем, то мае сэнс вяртаць дыялёг у рэчышча: «Давайце вернемся да майго дыягназу, да агляду».

Паводле псыхоляга, ёсьць шмат гісторый, калі лекар парушаў межы. Таму варта вучыць дзяцей крытычнаму мысьленьню. Варта, каб у сям’і быў прыклад, як можна ставіцца да чалавека, а як нельга.

«Калі дома ёсьць фізычная грубасьць, дзіця можа не зарыентавацца, калі ягоныя межы парушылі», — дадае суразмоўца.

Псыхоляг мяркуе, што варта вучыць сваіх дзяцей, як адносіцца да інтымных частак цела, як варта іх абараняць, каму іх паказваць і чаму. Паводле псыхоляга, важна растлумачыць 2-3-гадоваму дзіцяці за некалькі дзён, што будзе адбывацца.

«Можна паказаць на ляльцы, што будзе адбывацца. Абгаварыць, як бы яно хацела, каб вы яго абнялі, трымалі за руку. Не рабіць акцэнт, што гэта будзе інакш, чым у іншага спэцыяліста», — рэкамэндуе экспэрт.

Яна мяркуе, што варта з раньняга дзяцінства закладваць уяўленьне, што кантакт з гінэколягам можа быць негвалтоўным, зразумелым, што бацькі побач і на баку дзіцяці, што калі спэцыяліст не пасуе, то можна знайсьці іншага.

«Важна проста прагаворваць дзеяньні: „Цяпер я пакладу руку вам на жывот“ ці „Прыкладу да вас мэталічны стэтаскоп“. Гэта зьніжае ўзровень напружанасьці пацыента і памяншае імавернасьць атрымаць траўматычны досьвед», — кажа суразмоўца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG