Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітоляг і праваабаронца пракамэнтавалі збор інфармацыі аб наяўнасьці ў беларусаў пашпартоў і дазволаў на жыхарства іншых краін


Беларускі пашпарт. Ілюстратыўнае фота
Беларускі пашпарт. Ілюстратыўнае фота

Улады Беларусі зьбіраюць інфармацыю аб наяўнасьці ў грамадзян пашпартоў і відаў на жыхарства іншых краін. Паведаміць аб іх, каб пазьбегнуць наступстваў, улады рэкамэндуюць да 10 кастрычніка.

У Беларусі сілавікі пачалі зьбіраць зьвесткі аб наяўнасьці замежных дакумэнтаў у грамадзян краіны. Размова ідзе аб дазволах на жыхарства або грамадзянствах іншых дзяржаў. У МУС не выключаюць, што тых, хто не захоча падзяліцца інфармацыяй, будуць прыцягваць да адказнасьці.

Новы закон «Аб грамадзянстве» набыў моц 11 ліпеня. Па ім беларусы, у якіх ёсьць дазвол на жыхарства або грамадзянства іншых краін, абавязаны паведаміць ад гэтым уладам. У МУС Беларусі заяўляюць, што нібыта ведаюць аб грамадзянах з замежнымі дакумэнтамі і пакуль прапануюць ім добраахвотна зьвярнуцца ў міліцыю ці консульствы Беларусі за мяжой.

Зьбіраючы падобную інфармацыю, лічыць палітоляг Вадзім Мажэйка, улады краіны працягваюць пазбаўляцца тых, хто не падтрымлівае палітыку Аляксандра Лукашэнкі:

«Усё ўкладваецца ў агульную канву таго, што, калі ты за мяжой, калі ў цябе ёсьць замежныя дакумэнты, дык і валі туды, на сваю гэтую прадажную другую радзіму, выкрэсьліваем цябе з ліку беларусаў. Відавочна, што ўсё гэта і амаральна, і антыканстытуцыйна, але, калі для кагосьці дагэтуль сюрпрыз, што рэжым Лукашэнкі паводзіць сябе і амаральна, і незаконна, то, шчыра скажам, даўно час зразумець, што тут нічога прынцыпова новага няма».


Пакуль за адмову паведаміць пра замежныя дакумэнты не прадугледжана ні адміністрацыйнай, ні крымінальнай адказнасьці. Але, як дадае Вадзім Мажэйка, гэта не перашкодзіць уладам стварыць дадатковыя праблемы сваім апанэнтам як унутры Беларусі, так і за яе межамі:

«Людзям з замежнымі ДНЖ проста можна пачаць адмаўляць ва ўезьдзе ў Беларусь. Можна стварыць для іх якія-небудзь асаблівыя рэпрэсіўныя ўмовы». Па аналёгіі з тымі, якія былі заплянаваны ў «дармаедзкім дэкрэце». Можна адмаўляць у бясплатнай мэдыцынскай дапамозе, можна падатак якой-небудзь дадаткова ўвесьці. Відавочна, што добрага нічога дакладна не ўвядуць».

У сярэдзіне верасьня ў МУС Беларусі расказалі пра нібыта 6,5 тысячы чалавек, якія ўжо паведамілі аб наяўнасьці замежных дакумэнтаў. Пра тое, што ўлады могуць распачаць рэпрэсіі ў адносінах да тых, хто гэтага не зробіць, гаворыць і праваабаронца Андрэй Стрыжак.

У зоне рызыкі найперш апынуцца беларусы, якія застаюцца ў краіне:

«Калі МУС кажа пра тое, што ў іх ёсьць нейкая база, яны карыстаюцца тымі дадзенымі, якія атрымалі ад людзей, што перасякалі мяжу і паказвалі гэтыя дазволы на жыхарства ці пашпарты падчас перасячэньня мяжы. Больш ніякіх зьвестак у іх няма, безумоўна. Яны ня маюць доступу да польскіх, літоўскіх дзяржаўных базаў. І таму, калі МУС кажа, што яны і так ведаюць, гэта, вядома ж, блеф».

Улады Беларусі, лічыць Андрэй Стрыжак, наўрад ці абмяжуюцца забаронай на выдачу пашпартоў і іншых дакумэнтаў у пасольствах і консульствах за мяжой, а таксама патрабаваньнем даць інфармацыю аб наяўнасьці замежных дакумэнтаў:

«Беларуская дзяржава можа пачаць рухацца ў бок якой-небудзь актыўнасьці ў адчужэньні маёмасьці тых людзей, якія нейкім чынам не прайшлі іхнай сыстэмы вэрыфікацыі. Бачым, што цяпер яна якраз выбудоўваецца. Па-першае, пашпарт, па-другое, ДНЖ ці грамадзянства. Я думаю і прагназую, што будуць нейкія рэпрэсіі ў дачыненьні да грамадзян, якія маюць маёмасьць у Беларусі».

Паведаміць пра наяўнасьць замежных дакумэнтаў, каб пазьбегнуць наступстваў, беларускія ўлады настойліва рэкамэндуюць да 10 кастрычніка. Як падлічылі журналісты сайту Zerkalo.io на падставе дадзеных Эўрастату, толькі летась беларусы атрымалі 309 тысяч замежных дазволаў на легальнае пражываньне ў краінах ЭЗ.

Краіна не адмаўляецца ад сваіх грамадзян і гатова садзейнічаць у вырашэньні іх пытаньняў, заявіў намесьнік дзяржсакратара Савету бясьпекі Павел Муравейка ў эфіры тэлеканала СТВ 17 верасьня.

«Прынцыповая пазыцыя нашай дзяржавы такая: людзі, якія ўчынілі злачынства (удзельнікаў пратэстаў супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў-2020 улада, якая ўстаяла з дапамогай гвалту і падтрымкі Крамля, лічыць злачынцамі. — BPN), павінны панесьці пакараньне, — сказаў ён. — Калі вы зрабілі злачынства — прыяжджайце. Існуе пэўны мэханізм праз камісію [па вяртаньні] пры Генэральнай пракуратуры. Усё будзе разгледжана аб’ектыўна, празрыста, і ўсе гэтыя пытаньні будуць вырашаныя. Ня хочаце прыяжджаць — не прыяжджайце».

Наконт астатніх грамадзян Муравейка падкрэсьліў, што ў іх не зьявілася ніякіх праблем:

«Яны як былі грамадзянамі нашай краіны, так і засталіся. Як маглі свабодна перамяшчацца, свабодна прыяжджаць у нашу дзяржаву, так і могуць гэта рабіць».

Муравейка заявіў, што ўказ «разгружае беларускія дыпляматычныя прадстаўніцтвы» і прыняты «для аптымізацыі і ўдасканаленьня адміністрацыйных працэдур і ўпарадкаваньня працы дыппрадстаўніцтваў».

4 верасьня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 278 «Аб парадку выдачы дакумэнтаў і зьдзяйсьненьня дзеяньняў». Дакумэнт пазбавіў замежныя ўстановы Беларусі магчымасьці падаўжаць тэрмін дзеяньня пашпарта беларускага грамадзяніна і выдаваць новыя дакумэнты.

Акрамя таго, скасавана права консульстваў удзельнічаць у працэдуры адчужэньня маёмасьці, у тым ліку нерухомасьці і аўтамабіляў. Такія ўгоды можна будзе ажыцьцяўляць пры асабістай яўцы ў адпаведныя дзяржаўныя органы або на падставе даверанасьці, аформленай на тэрыторыі Беларусі (раней такія даверанасьці афармляліся ў дыппрадстаўніцтвах).

Беларускія дэмакратычныя структуры, Эўразьвяз, ЗША, праваабарончыя арганізацыі раскрытыкавалі ўказ, накіраваны, на іх думку, на ўшчамленьне правоў вымушаных эмігрантаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG