«Думаю, гэта быў мікраінсульт»
Аляксандар Мілюк з Мастоў зьбіраў подпісы за Сьвятлану Ціханоўскую падчас выбарчай кампаніі 2020 году. Пасьля арышту ён пераехаў жыць у Беласток. І ў Беларусі, і ў Польшчы мужчына працаваў зваршчыкам. У першы час жонка з траімі дзецьмі заставалася на радзіме. Мужчына меўся забясьпечваць і сябе ў новай краіне, і сям’ю.
«У першыя чатыры месяцы я працаваў па 14-16 гадзін. І ў суботы рабіў, толькі ў нядзелю не рабіў», — расказвае Аляксандар.
Два гады таму, улетку, калі была сьпёка, яму падчас працы стала блага. Ён працаваў у вельмі цёплым, душным памяшканьні.
«Я адчуваў аняменьне пальцаў на адной руцэ, кончык языка пачаў нямець. Я зьнепрытомнеў. Думаю, што гэта быў мікраінсульт. Усё цягнулася каля 10 хвілін. Хлопцы мне вады прынесьлі, пасадзілі. Думаю, я і сам бы дайшоў, але адчуваў сябе кепска, мяне хістала ў бакі», — успамінае суразмоўца.
Ён перанёс такі стан на нагах, бо «мусіў дапамагаць сваёй сям’і». У той дзень начальнік адправіў Аляксандра дадому. Прапаноўваў выклікаць хуткую дапамогу, але работнік адмовіўся. Ужо на наступны дзень мужчына зноў выйшаў на працу. Кажа, што ня думаў пра тое, каб пайсьці на бальнічны, нават троху няёмка было хварэць.
«Відаць, не прыйшоў яшчэ той момант, каб я зьвяртаўся да дактароў», — думае мужчына.
Падчас працы ў дзьве зьмены ён зарабляў каля 2,5 тысячы даляраў за месяц. Цяпер працуе ў адну зьмену і зарабляе каля 2 тысяч. Кажа, што ня скардзіцца. Ужо купіў у Польшчы кватэру ў крэдыт, мае дзьве машыны.
«Спачатку мне было вельмі няёмка»
Гарадзенка Надзея Сьцепанцова працавала ў Беларусі ў будаўніцтве, была вядучым інжынэрам плянава-тэхнічнага аддзелу. За ўдзел у маршы пратэсту яе асудзілі на 3,5 года «хіміі». Разам з роднай сястрой Жаннай Захаркевіч яны ўцяклі празь лясы і балоты ў Літву, а потым пераехалі ў Польшчу.
У новай краіне працу дапамагалі знайсьці фонды і знаёмыя. Надзея памяняла за 2,5 года эміграцыі некалькі месцаў. Займалася пакаваньем тавараў, прыбірала памяшканьні на заводзе. Цяпер працуе ў аптовай гандлёвай фірме, камплектуе заказы.
Суразмоўца адзначае, што на працы ў Беларусі і ў Польшчы ў яе адрозьніваецца ўзровень адказнасьці. У Беларусі яна мела кіраўнічую пасаду, цяпер займае рабочую.
«Хаця ў Польшчы любяць беларусаў, бо мы адказна ставімся да любой працы і хутка адаптуемся», — заўважае суразмоўца.
Калі на радзіме гарадзенка працавала больш інтэлектуальна, за кампутарам, то ў эміграцыі праца мела больш фізычнай нагрузкі. За год за мяжой Надзея схуднела на 15 кіляграмаў, сярод прычынаў і фізычныя высілкі. Асабліва цяжка было ў першы час: балелі рукі, калі пакавала цяжкія тавары, і ногі, бо шмат хадзіла.
«Можа быць, быў яшчэ маральны бар’ер. Здавалася, што фізычна ўсё баліць, бо ты не займаесься любімай справай, а займаесься тым, каб выжыць. Цяпер праца ня надта цяжкая, бо я камплектую заказы. Але я цэлы дзень на нагах», — кажа Надзея.
Нават у складаныя моманты ў жанчыны не было думкі кінуць працу.
«Мне трэба было аплаціць жытло. Я ня мела права гэта кінуць. Калі б я прыехала сюды папрацаваць і магла вярнуцца ў Беларусь, то ў мяне быў бы выбар. Але ў мяне выбару не было», — кажа яна.
Надзея прызнаецца, што ў Беларусі ў апошні час зарабляла менш, чым раней. Аднойчы ёй заплацілі 200 даляраў за месяц. Грошай хапала толькі на штодзённае пражываньне сям’і. У Беластоку атрымлівае каля 500 эўра за месяц. Гэтых грошай хапае, каб аплаціць арэнду жытла плюс крыху на жыцьцё.
«Неяк я жыву. Праязны, фрызура, пазногці, усё, што неабходна жанчыне, каб добра выглядаць. Я не шыкую. Я не магу сабе дазволіць нейкія паездкі. Каб пайсьці на нейкі канцэрт, то гэта трэба загадзя заплянаваць і ў нечым сабе адмовіць», — расказвае суразмоўца.
Да таго ж Надзея за свае сродкі набывае прадукты для сем’яў палітвязьняў.
Знайсьці працу паводле адукацыі Надзея больш не спрабуе. Адзін раз яна патэлефанавала беларускаму бізнэсоўцу, які шукаў мэнэджара або бухгальтара. Той адказаў, што ня будзе вучыць новага работніка, яму быў патрэбен ужо гатовы кадар, які ведае заканадаўства Польшчы.
Надзея прызнаецца, што спачатку саромелася гаварыць, кім яна працуе ў эміграцыі.
«Мне было вельмі няёмка. А потым падумала, чаму я мушу гэтага саромецца? Вядома, я трохі зайздрошчу людзям, якія пачалі дасягаць у Польшчы крыху больш, чым я магу дасягнуць. Але я ня ведаю, ці я здолею адкрыць свой бізнэс», — разважае суразмоўца.
З галоўнай бухгальтаркі ў пакавальніцы
Беларуска Алена* (імя суразмоўцы зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) працавала ў Беларусі галоўнай бухгальтаркай у прыватнай фірме. У 2021 годзе яна разам зь сям’ёй выехала ў Польшчу.
Галоўнай прычынай пераезду стала тое, што яны з мужам не хацелі, каб іхныя дзеці выхоўваліся пры рэжыме Лукашэнкі. Баяліся, што падчас наступнай выбарчай кампаніі дзеці ўжо будуць галасаваць, выйдуць на пратэсты і пацярпяць за гэта. Да таго ж жанчыне было страшна заставацца ў Беларусі.
«Я тузалася ад кожнага званка ў дзьверы», — кажа яна.
Алена ехала за мяжу па працоўнай візе. Аднак не пайшла працаваць у тую фірму, якая яе запрашала. Цягам двух месяцаў пасьля пераезду знайшла падобную працу, але зь лепшымі ўмовамі, без начных зьменаў. Ейная пасада называецца «pracownik produkcji». Жанчына працуе на канвэеры, займаецца пакаваньнем, глядзіць, каб не было браку, наклейвае біркі. Гэта праца па зьменах па 8 гадзінаў, стоячы ці седзячы.
Шукаць працу па спэцыяльнасьці беларуска не спрабавала, бо ня ведае польскай мовы і польскага заканадаўства па сваім профілі.
«Пасьля таго, як я сядзела ў кабінэце, прыйсьці на фізычную працу, дзе трэба стаяць, нешта трымаць, падымаць, было цяжка. Балела сьпіна і цяпер, бывае, баліць. Але цяпер нельга сказаць, што мне фізычна цяжка. Я проста прывыкла», — кажа Алена.
Яна кажа, што ёй не было сорамна страціць працоўны статус, затое ейныя бацькі пераймаліся гэтым. Кінуць працу Алена не спрабавала.
«Я б мо і хацела звольніцца, але ж я нічога не знайшла іншага. Да таго ж мы мусім плаціць за кватэру», — кажа яна.
Беларуска хацела б знайсьці лепшае месца, але прывыкла і да цяперашняга, да свайго калектыву. Кажа, што нават ня хоча вяртацца ў бухгальтэрыю.
«Калі ён зваліўся, то быў яшчэ жывы»
Малады гарадзенец Раман Богдан загінуў на працы ў Польшчы. Ён жыў у Варшаве ў адным са сквотаў (закінутых памяшканьняў. — РС). Працаваў на будоўлі. Хлопцу быў 21 год. 5 верасьня ён сарваўся з вышыні чацьвёртага паверху. Выклікалі «хуткую», аднак хлопец памёр падчас рэанімаваньня.
«Ён ня быў высотнікам-мантажнікам. У яго мусіла быць страхоўка, але яе не было. Ён не працаваў афіцыйна. Калі ён зваліўся, то быў яшчэ жывы», — расказвае музыкант Алесь Дзянісаў, які ведаў Рамана.
Раман быў горадзенскім антыфашыстам. Ягоны брат Чарлі другі год ваюе за Ўкраіну.
«Гэта трагедыя. Малады хлопец, актыўны, клясны, добры, па поглядах мне блізкі», — кажа Алесь.
Ён прызнаецца, што гібель Ромы — гэта страта для ўсёй супольнасьці антыфашыстаў, скінгэдаў, панкаў, але таксама і ягоная асабістая.
«Я ўжо сталы чалавек. Такія людзі, як Рома, якія былі часткай тусоўкі, гэта была сувязь паміж пакаленьнямі. З Ромам я ня тое каб сябраваў. Але гэта быў тут у Варшаве адзін з тых людзей, зь якімі мне заўсёды было радасна ўбачыцца і пагаманіць, і на канцэрце паскакаць. Па-чалавечы гэта страшна, складана, да канца я гэтага не асэнсаваў», — кажа Дзянісаў.
Блізкія зьбіраюць сродкі, каб адправіць цела гарадзенца дадому. З 70 тысяч злотых (каля 17 тысяч даляраў) сабралі менш за палову.