Галіна Корчак, удава беларуса Зьмітра Рубашэўскага, які загінуў ва Ўкраіне, атрымала мэдаль «Гонар і годнасьць» Аб’яднанага пераходнага кабінэту. Гэтым мэдалём Зьмітра ўзнагародзілі сёлета ў чэрвені пасьмяротна.
«Мэдаль Галіне перадалі сёньня, а ўкраінскі ордэн „За мужнасьць“, якім Зьмітра ўзнагародзіў Зяленскі, яна атрымала раней», — паведаміў Свабодзе кіраўнік дабрачыннага фонду «Вольная Беларусь» Аляксей Францкевіч.
Паводле яго, цяпер беларускія актывісты плянуюць распачаць кампанію за прысваеньне Зьмітру Рубашэўскаму, які загінуў 12 красавіка 2022 году ў Луганскай вобласьці, званьня Героя Ўкраіны.
«Але спачатку трэба дабіцца, каб Зьмітру пасьмяротна далі грамадзянства Ўкраіны. З гэтага і пачнём», — удакладніў Аляксей Францкевіч.
Мэдаль «Гонар і годнасьць» заснавалі ў лютым 2023 году. З таго часу ім узнагародзілі 32 чалавек, якія ахвяравалі сабой дзеля будучыні Беларусі. Значная частка уганараваных асоб — беларускія добраахвотнікі, якія загінулі на вайне Ўкраіны з Расеяй.
У красавіку 2023 году суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў экстрэмісцкім мэдаль «Гонар і годнасьць» з надпісам на авэрсе — «Гонар і годнасьць», а на рэвэрсе — «Беларусь перадусiм!» з калодкай, абцягнутай стужкай блакітнага колеру зь бел-чырвона-белай устаўкай у цэнтры, а таксама яго лічбавыя выявы.