Мэдаль «Гонар і годнасьць» заснавалі ў лютым 2023 году. З таго часу ім ўзнагародзілі 32 чалавекі, якія ахвяравалі сабой дзеля будучыні Беларусі. Значная частка уганараваных асоб — беларускія дабраахвотнікі, якія загінулі на вайне Ўкраіны з Расеяй.
На мінулым тыдні ў Вільні мэдалём «Гонар і годнасьць» пасьмяротна ўзнагародзілі беларускіх ваяроў Міраслава Лазоўскага, Івана Марчука, Васіля Парфянкова, Зьмітра Рубашэўскага і Паўла Суслава.
14 чэрвеня ў Варшаве ўшанавалі яшчэ 9 чалавек. Сярод іх мэдалі ўручылі блізкім загінулых пасьля пратэстаў 2020 году Рамана Бандарэнкі і Мікіты Крыўцова, іншыя прозвішчы пакуль не публічныя.
«І яны, і тыя, каго мы ўзнагароджваем сёньня — людзі, якія ў найцяжэйшы за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі час сваёй мужнасьцю, сваёй бясконцай адданасьцю Радзіме і сваёй самаахвярнасьцю ўратавалі гонар і годнасьць нашага народу.
Сёньня мы ўшаноўваем сапраўдных волатаў, адданых барацьбе і незалежнай Беларусі. Для іх Беларусь была сапраўды перадусім. Рашуча стаўшы на бок дабра, яны на ўвесь свет заявілі: беларусы ёсьць, заўжды будуць, і хутка настане дзень, калі яны будуць свабодныя», — сказала Ціханоўская.
Яна зьвярнулася да сем’яў загінулых:
«Дазвольце мне запэўніць вас, мае дарагія: вы не адныя ў сваёй роспачы, і вы ніколі не застаняцеся сам-насам са сваімі цяжкасьцямі. Давайце зробім усё магчымае, каб ахвяры, прынесеныя нашымі героямі, былі не дарэмныя, і каб наша будучая перамога стала для іх найвышэйшай узнагародай».