Папярэдняя сэсія Рады прайшла ў лістападзе 2019 году ў Вільні і супала з пахаваньнем Кастуся Каліноўскага і іншых лідэраў і ўдзельнікаў паўстаньня 1863 году.
Цяперашні форум распачаўся ў Дзень беларускай вайсковай славы. Рада БНР прыняла заяву, у якой канстатавала, што «мірныя сродкі барацьбы за вызваленьне Беларусі... у дадзены момант збольшага вычарпаныя. Магчымасьці для пераменаў — агульнанацыянальнага адкрытага дыялёгу па будучым разьвіцьці Беларусі, свабодных і дэмакратычных выбараў — беларусы зараз вымушаныя здабываць на полі бою».
«Рада БНР заклікае ўсіх сумленных людзей, якія засталіся ў Беларусі і перадусім у шэрагах Збройных сілаў Рэспублікі Беларусь, назапашваць сілы, інфармацыю, навыкі для будучага вызваленьня Беларусі ад дыктатуры, — гаворыцца ў заяве. — Рада БНР заклікае людзей у Беларусі берагчы сябе, захоўваць гатоўнасьць дзейнічаць у той момант, калі гэта спатрэбіцца».
Таксама па прадстаўленьні камандаваньня палку імя Кастуся Каліноўскага старшыня Рады Івонка Сурвіла ўзнагародзіла мэдалём «За адвагу» сем байцоў — «за асабістую адвагу, праяўленую ў баях супраць расейскіх акупантаў ва Ўкраіне дзеля свабоды Беларусі і Ўкраіны».
Зьвяртаючыся да ўдзельнікаў сэсіі па онлайн-сувязі, спадарыня Сурвіла адзначыла, што «наш народ перажывае найбольш нялюдзкі пэрыяд свайго жыцьця пасьля аднаўленьня незалежнасьці, найбольшую пагрозу гэтай незалежнасьці, і вайну, у якую прамаскоўская ўлада ўцягнула Беларусь. Адначасна, наш народ з годнасьцю перажыў свой найбольшы ўздым ад пачатку дыктатуры, у 2020 годзе паказаўшы сьвету, што Беларусь яшчэ жыве, і мэты сваёй — пазбыцца дыктатара — не дасягнуў толькі таму, што Масква дапамагла свайму калябаранту ў Менску».
Удзельнікі сэсіі абмеркавалі накірункі працы Рады БНР дзеяньні на бліжэйшую пэрспэктыву, а таксама ўзаемадачыненьні зь беларускімі палітычнымі і грамадзкімі арганізацыямі, з Аб'яднаным пераходным кабінэтам Сьвятланы Ціханоўскай.
Былі зацьверджаныя зьмены ў Статут Рады (у прыватнасьці, вырашана мэтазгодным склікаць сэсію Рады не радзей, як раз на тры гады), прынятыя новыя сябры Рады з Украіны, Літвы і Канады.
Удзельнікі сэсіі ўсклалі кветкі да магілаў Старшыняў Рады БНР Пётры Крэчэўскага і Васіля Захаркі на праскіх Альшанскіх могілках.
Старшынёй Рады БНР пераабраная Івонка Сурвіла.
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, Рада БНР — найвышэйшы кіроўны орган Беларускай Народнай Рэспублікі, які з 1919 году дзейнічае на эміграцыі і зьяўляецца адной з ключавых палітычных арганізацый беларускай дыяспары.
Рада БНР захоўвае фармальна-працэдурную пераемнасьць з радай Усебеларускага зьезду 1917 году і станам на 2022 год застаецца самым старым у сьвеце «ўрадам у выгнаньні».