Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ прызнаў Раду БНР «экстрэмісцкім фармаваньнем», рашэньне датавалі ліпенем 2023 году


Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла. Архіўнае фота
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла. Архіўнае фота

У сьпісе ўжо 134 арганізацыі.

У сьпісе экстрэмісцкіх арганізацый, які вядзе МУС Беларусі, зьявілася Рада БНР, яе сайт і сацыяльныя сеткі.

Рада БНР уключаная ў сьпіс пад нумарам 134, прычым пазначана, што гэта зроблена рашэннем КДБ Беларусі ад 2 ліпеня 2023 году (менавіта ліпень пазначаны ў рашэньні КДБ, хоць сам сьпіс апублікавалі ў чэрвені).

Сьпіс экстрэмісцкіх арганізацый з удзелам Рады БНР
Сьпіс экстрэмісцкіх арганізацый з удзелам Рады БНР

У рашэньні пералічаныя:

Таксама ў сьпіс «экстрэмісцкіх фармаваньняў» трапілі «Штодзень Гомель» і «97% Серебрянка».

Рады БНР адказала

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ў адказ заявіла, што «прыняла да ведама інфармацыю аб сваім уключэньні ў сьпіс „экстрэмісцкіх фармаваньняў“ з боку КДБ Рэспублікі Беларусь — карнага органу, за якім яшчэ з часоў Леніна цягнецца ланцуг злачынстваў і тэрору супраць беларускага народу»:

«Гэтае рашэньне, прынятае незаконнай злачыннай арганізацыяй, якою зьяўляецца КДБ РБ, ніякім чынам не паўплывае на далейшую дзейнасьць Рады БНР, якая будзе працягваць прадстаўляць сувэрэнныя правы беларускага народу‚ выяўленыя ў праватворчым Акце 25 Сакавіка 1918 г. і зафіксаваныя Трэцяй Устаўной Граматай БНР.

Рада БНР заяўляе, што аўтарытарны палітычны рэжым, які ўсталяваўся ў Беларусі ў выніку дзяржаўнага перавароту 1995–1996 гг. і ўзурпацыі ўлады з боку групы асобаў на чале з былым прэзыдэнтам А. Лукашэнкам, зьяўляецца нелегітымным і ня мае права прамаўляць ад імя народу Беларусі».

Што такое Рада БНР

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, Рада БНР — найвышэйшы кіроўны орган Беларускай Народнай Рэспублікі, які з 1919 году дзейнічае на эміграцыі і зьяўляецца адной з ключавых палітычных арганізацый беларускай дыяспары.

Рада БНР захоўвае фармальна-працэдурную пераемнасьць з радай Усебеларускага зьезду 1917 году і станам на 2022 год застаецца самым старым у сьвеце «ўрадам у выгнаньні». Раду БНР узначальвае Івонка Сурвіла.

Што трэба ведаць пра экстрэмізм у Беларусі

14 траўня 2021 году быў падпісаны закон «Аб зьмене законаў у пытаньнях супрацьдзеяньня экстрэмізму», які набыў моц 14 чэрвеня. Раней праект у Палату прадстаўнікоў унёс урад, 2 красавіка яго прынялі ў першым чытаньні, а 16 красавіка — у другім. Нягледзячы на тое, што зьмены закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян і юрыдычных асобаў, публічныя абмеркаваньні не праходзілі.

У Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі звыш 300 тэлеграм-рэсурсаў.

Тэлеграм-канал можа прызнавацца як экстрэмісцкім матэрыялам, так і экстрэмісцкім фармаваньнем. Калі ў яго статус «экстрэмісцкага фармаваньня», ягоныя падпісчыкі таксама могуць стаць фігурантамі крымінальных спраў. У той жа час падпіска на каналы, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», не караецца — пры ўмове, што падпісчык не аказвае падтрымкі ў папулярызацыі каналу: не рэпосьціць, не пералічвае грошай, не зьлівае туды інфармацыю.

«Матэрыялы» і «фармаваньні» сілавікі разьмяжоўваюць так: «экстрэмісцкія матэрыялы» — гэта тое, што робіць чалавек, а «экстрэмісцкія фармаваньні» — тыя, хто робіць.

Пры гэтым у МУС Беларусі адзначаюць, што стваральнікам, арганізатарам і ўдзельнікам экстрэмісцкіх фармаваньняў пагражае пазбаўленьне волі да 7 гадоў.

Першыя экстрэмісцкія фармаваньні ў Беларусі вызначылі ў сярэдзіне кастрычніка — інтэрнэт-рэсурсы dze. chat і «Рабочы рух». Цяпер іх ужо дзясяткі.

Прыцягнуць да адказнасьці за «экстрэмізм» цяпер могуць па цэлым шэрагу напрамкаў.

  • Экстрэмісцкія матэрыялы — рашэньне суду, якое прымаецца ў дачыненьні да інфармацыі.
  • Экстрэмісцкая група — устойлівая кіраваная група ў колькасьці дзьвюх ці больш асоб, якія папярэдне аб’ядналіся для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці.
  • Экстрэмісцкая арганізацыя — арганізацыя, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, альбо якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята і ўступіла ў законную сілу рашэньне суду аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.
  • Экстрэмісцкае фармаваньне — група грамадзян, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, або якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята рашэньне Міністэрства ўнутраных спраў або Камітэту дзяржаўнай бясьпекі аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG