Як адзначаецца ў заяве, прага беларусаў да свабоды і дэмакратыі яскрава выявілася ў масавых дэманстрацыях супраць дыктатарскага рэжыму, якіх Беларусь ня бачыла за ўсю сваю папярэднюю гісторыю.
Паводле Рады БНР, «гэты патэнцыял для дасягненьня дэмакратычных пераменаў у Беларусі ня быў скарыстаны палітычнай апазыцыяй, якая была пазбаўленая рэжымам усякіх магчымасьцяў для дзейнасьці». У заяве называюцца і прычыны: найбольш дзейныя апазыцыйныя лідэры аказаліся перад выбарамі ў турмах, шмат хто апынуўся ў выгнаньні; падтрымку і дзейсную дапамогу А. Лукашэнку ва ўтрыманьні ўлады аказала пуцінская Расея, шматгадовы палітычны і эканамічны спонсар ягонага рэжыму.
Паводле Рады БНР, падзеі 2020 і пачатку 2021 гадоў увойдуць у гісторыю Беларусі як гераічная старонка, але
«тыя падзеі прывялі і да цяжкіх, часам катастрафічных, наступстваў для нашага народу». Як адзначаецца ў заяве, незалежнасьць Беларусі апынулася пад максымальнай пагрозай за апошнія трыццаць гадоў.
Рада БНР заклікае ўсіх беларусаў адзначаць гадавіну падзеяў 2020 году і надалей ушаноўваць памяць загінулых герояў, шанаваць мужныя ўчынкі ўсіх удзельнікаў пратэстаў, а таксама «рыхтаваць сілы для далейшага змаганьня за свабоду і дзяржаўную незалежнасьць нашай Бацькаўшчыны, у тым ліку, магчыма, збройнымі і сілавымі мэтадамі».