Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чые верталёты насамрэч парушылі паветраную прастору? МУС Польшчы заяўляе пра правакацыі афіцыйнага Менску


Верталёт Мі-24. Ілюстрацыйнае фота
Верталёт Мі-24. Ілюстрацыйнае фота

Высунутыя Менскам абвінавачаньні ў парушэньні паветранай прасторы Беларусі зьяўляюцца «спробай адказаць на вельмі рэзкі пратэст» Варшавы ў сувязі з залётам у польскую прастору двух беларускіх верталётаў у жніўні, заявіў 2 верасьня міністар унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Каміньскі.

Польшча і Беларусь зараз знаходзяцца ў «стане высокай напружанасьці», канстатаваў ён. «Час ад часу мы сутыкаемся з правакацыямі рознага роду з боку рэжыму [Аляксандра Лукашэнкі]. У гэтым выпадку мы таксама маем справу з правакацыяй», — цытуе чыноўніка польскае інфармагенцтва PAP.

Паводле слоў Каміньскага, «сытуацыя патрабуе вельмі глыбокага маніторынгу таго, што адбываецца ў Беларусі», дзе гэтымі днямі праходзяць вучэньні з удзелам расейскіх войскаў, у тым ліку каля польскай мяжы — у раёне Берасьця.

«У нас сабраныя буйныя сілы, якія хутка і адэкватна адрэагуюць на сытуацыю», — папярэдзіў чыноўнік. Ён таксама нагадаў, што Польшча і краіны Балтыі дамовіліся пра «неадкладную агульную рэакцыю» у выпадку сур’ёзнага інцыдэнту на межах гэтых дзяржаў з Беларусьсю.

  • 1 верасьня Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі заявіў пра парушэньне паветранай прасторы польскім ваенным верталётам Мі-24 у Бераставіцкім раёне (Горадзенская вобласьць). Сьцьвярджалася, што баявая машына перасекла мяжу на вельмі малой вышыні, заляцела ўглыб Беларусі на адлегласьць да 1,2 км, а потым вярнулася назад.
  • Праз часовага паверанага ў справах Польшчы Войцэха Філімановіча МЗС Беларусі запатрабавала ад Варшавы тлумачэньняў і ўважлівага расьсьледаваньня інцыдэнту.
  • Намесьнік кіраўніка польскага МЗС Павел Яблоньскі заявіў, што Варшава «прааналізуе сытуацыю», не выключыўшы, што здарэньне можа быць правакацыяй.
  • 2 верасьня прэс-сакратар апэратыўнага камандаваньня Узброеных сіл Польшчы Яцэк Гарышэўскі назваў паведамленьні пра парушэньне польскім верталётам паветранай прасторы Беларусі «адкрытай хлусьнёй і правакацыяй». «Камандаваньне вывучыла сытуацыю і высьветліла, што такога інцыдэнту не было», — сказаў ён.
  • Роўна за месяц да інцыдэнту, 1 жніўня, Польшча заявіла пра парушэньне паветранай прасторы краіны двума беларускімі вайсковымі верталётамі. Міністар абароны Марыюш Блашчак у сувязі з гэтым даручыў павялічыць колькасьць вайскоўцаў на мяжы з Беларусьсю і выдзеліць дадатковыя сілы і сродкі, у тым ліку баявыя верталёты. Афіцыйны Менск факт парушэньня не прызнаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG