Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча плянуе разьмясьціць ля мяжы зь Беларусьсю аэрастаты для выяўленьня аб'ектаў, якія нізка лётаюць


Так выглядае аэрастат, ілюстрацыйнае фота
Так выглядае аэрастат, ілюстрацыйнае фота

Міністэрства абароны Польшчы ўказала патэнцыйныя месцы разьмяшчэньня польскіх аэрастатаў праекту «Барбара», якія павінны выяўляць аб’екты, якія нізка лётаюць, зь вялікіх адлегласьцяў, паведамляе партал Polon.pl са спасылкай на польскае Мінабароны.

Аэрастаты — вялікія паветраныя шары, напоўненыя, напрыклад, геліем, якія могуць падымацца на вышыню больш за 4000 мэтраў. Іх прывязваюць адмысловымі тросамі і расьцяжкамі. Аэрастат абсталяваны спэцыялізаваным радарам, які дазваляе бесьперапынна назіраць за космасам на адлегласьці больш за 300 км і выяўляць цэлі, якія рухаюцца на малых вышынях: напрыклад, бесьпілётнікі, верталёты, невялікія самалёты, крылатыя ракеты ці іншыя аб'екты паветранай пагрозы.

Згодна з інфармацыяй у рамках працэдуры RFI (Request for Information), накіраванай у ЗША, Польшча плянуе набыць да чатырох выведных аэрастатаў. Тры зь іх павінны кантраляваць усходнія і паўднёва-ўсходнія межы Польшчы, яшчэ адзін — ахоўваць раён Калінінграду і частку Балтыйскага мора.

Патэнцыйныя месцы для ўсталяваньня радараў: ваколіцы гораду Седльцэ (Мазавецкае ваяводзтва, каля 100 км ад Берасьця), вёскі Шчэпанкова (Вармінска-Мазурскае ваяводзтва, непадалёк ад Калініграду), Карбоўскае (Вармінска-Мазурскае ваяводзтва, прыкладна ў 80 км ад Сувалкскага калідору), вёска Кужына Велька (Падкарпацкае ваяводзтва, ля ўкраінскай мяжы, прыкладна ў 150 км ад Львова).

Апроч саміх аэрастатаў, маюць пабудаваць адпаведную інфраструктуру, якая суправаджае такія аб’екты. Як піша выданьне, згодна з прадстаўленымі плянамі, першыя радыёлякацыйныя станцыі маюць пабудаваць на працягу 14 месяцаў з моманту падпісаньня кантракту, сыстэма павінна выйсьці ў пачатковую апэратыўную гатоўнасьць да 2025 году.

Раней Польшча заявіла пра перакіданьне каля 10 тысяч вайскоўцаў у падмацаваньне аховы польска-беларускай мяжы. Гэта было зьвязана з актыўнасьцю ПВК у Беларусі і вучэньнямі вагнэраўцаў каля польскай мяжы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG