Андрэй Лаўрухін, экспэрт у галіне адукацыі, навукі і інавацыяў, заяўляе, што ўлада хоча зрабіць з адукацыі інстытут фармаваньня ляяльнай ідэнтычнасьці (але ня вельмі атрымліваецца), аналізуе, што азначаюць сваркі ўнутры праўладных прапагандыстаў, і выказвае меркаваньне, што беларускае грамадзтва больш плюралістычнае, чым многім падаецца.
Сьцісла:
- Ва ўлады ніяк не атрымліваецца перарабіць сыстэму адукацыі на свой узор — за прыкладам войска.
- Беларускае грамадзтва больш плюралістычнае, чым многім падаецца.
- Дзяржаўнае разьмеркаваньне набліжае студэнтаў некаторых спэцыяльнасьцяў да ўзроўню пэўнага «акадэмічнага прыгону».
- Але калі даводзіцца выбіраць «меншае ліха» — улады выбіраюць варыянт «хай моладзь зьяжджае».
— Аляксандар Лукашэнка апошнія дні некалькі разоў выказваўся на тэмы адукацыі, прапаганды, выхаваньня маладога пакаленьня. Ці можна з розных выказваньняў — ранейшых і апошняга часу — зрабіць выснову, што цяперашняя ўлада хацела б атрымаць ад школьнай і вышэйшай адукацыі?
— Цалкам відавочна, што яны хочуць мець. Каб гэта быў інстытут фармаваньня ляяльнай ідэнтычнасьці, якая б адпавядала.... Але тут узьнікае пытаньне: чаму адпавядаць? Бо няма ясных крытэраў і сэнсу, якім трэба адпавядаць. Таму выхоўваецца ідэнтычнасьць, якая павінна быць ляяльная пэрсанальна Лукашэнку.
Але ж праблема ў тым, што ідэнтычнасьць самога Лукашэнкі вельмі гнуткая, таму вельмі цяжка адлюстраваць «ваду, якая хутка цячэ». Лукашэнка ж куляецца, як цыркач на памосьце. Паспрабуйце зафіксаваць і быць падобным да яго — гэта вельмі цяжкая задача. Менавіта таму ў кожнага міністра і чыноўніка — фіяска з ідэалёгіяй. Новае пакаленьне палохае яго, бо ён ня можа запраграмаваць такую адукацыю, празь якую можна рабіць патрэбных людзей будучыні.
У гэтым сэнсе ў Лукашэнкі нярэдка выяўляецца гістэрыя з прычыны таго, што ніяк не атрымліваецца зрабіць з сыстэмы адукацыі войска. Бо менавіта армейскі тып — гэта для яго той узор, на які варта арыентавацца.
— Але калі не ўдаецца стварыць пасьлядоўную ідэалёгію, то яны выбралі самы просты варыянт — падпарадкаваньне кіраўніку, нянавісьць да ворагаў і мілітарызацыя?
— Так, безумоўна. Мілітарызацыя і сэк’юрытызацыя — гэта тыя кірункі, якія яны адназначна выбіраюць. Гэта і 2000 ставак новых ваенрукоў, у якіх, дарэчы, няма ніякай пэдагагічнай адукацыі. Гэта прарэктары па кадрах у справе бясьпекі ў ВНУ: цяпер стаць выкладчыкам можа толькі той, хто пройдзе празь сіта гэтых прарэктараў.
Дарэчы, з 1 верасьня ўступае ў сілу новая вэрсія Кодэксу аб адукацыі, які быў прыняты ў сьнежні 2022 году, дзе ўведзена шмат новых істотных рэчаў. Гэта ўжо набліжае студэнтаў некаторых спэцыяльнасьцяў да ўзроўню пэўнага «акадэмічнага прыгону», бо той, хто ідзе на бясплатныя месцы ў ВНУ, потым амаль 10 гадоў вымушаны будзе аддаць дзяржаве, каб адпрацаваць гэтую так званую «бясплатную адукацыю».
— Ці не пачнуць беларускія студэнты «галасаваць нагамі», сыходзіць зь беларускіх унівэрсытэтаў, альбо проста адмаўляцца паступаць у беларускія ВНУ?
— А гэта ўжо актыўна адбываецца. Паводле маіх падлікаў, каля 7 тысяч студэнтаў за тры гады ўцяклі зь беларускіх унівэрсытэтаў — гэта тыя, хто ўжо навучаўся, і патэнцыйныя студэнты (выпускнікі, што плянавалі паступаць у ВНУ). Толькі з палітычных матываў за адзін 2021 год сышлі паўтары тысячы студэнтаў. У 2022 годзе беларускія ВНУ недалічыліся каля 5 тысяч студэнтаў — то бок заявак на паступленьне было на 5 тысячаў менш, чым бюджэтных месцаў. Многія зьехалі ў Польшчу і Літву — яшчэ да пачатку вайны.
Напрыклад, у Літве, у ЭГУ, колькасьць першакурсьнікаў другі год запар павялічваецца больш як у два разы: 800 заявак і 630 першакурсьнікаў. Адначасова з гэтым і ў Расею сталі пасьля 2022 году ўцякаць больш, бо зьявілася больш цяжкасьцяў, каб атрымаць заходнія візы і паступіць у заходнія ўнівэрсытэты.
— І ўладу гэтыя чалавечыя страты ніяк не хвалююць?
— Кагосьці хвалююць, кагосьці — не. Бо ўлада зусім не маналітная. Мы зараз бачым, як разгараюцца спрэчкі сярод прадстаўнікоў лукашэнкаўскага ядра. Нават сам Лукашэнка выказваўся, што мы не павінны страціць моладзь. Але калі даводзіцца выбіраць «меншае ліха» — то яны выбіраюць варыянт «хай зьяжджаюць».
— Як бы вы ацанілі гэтыя сваркі паміж рознымі прапагандыстамі? Ці гэта даволі дробная, часам пэрсанальная зьява, ці сьведчаньне канфлікту паміж двума падыходамі — больш прарасейскім і больш беларускацэнтрычным?
— Пакуль што мы бачым выказваньні толькі некалькіх чалавек, і цяжка меркаваць, наколькі яны рэпрэзэнтатыўныя, ці выказваюць яны сьветапогляд і ўстаноўкі значнай колькасьці асобаў. Як бы дзіўна ні гучала, але гэта сапраўды сьведчыць пра наяўнасьць пэўнага плюралізму ўнутры ўлады. Бо хватка Лукашэнкі слабее, і дзяржаўны маналіт размываецца.
Нават ва ўмовах дзяржаўнага тэрору, калі любы можа апынуцца за кратамі (нават Марзалюк), пачынаюцца бітвы за свой палітычны сьветапогляд і за сваё меркаваньне наконт таго, як будзе выглядаць краіна ў будучыні. І ў гэтым сэнсе беларускае грамадзтва больш плюралістычнае, чым нам падаецца адсюль. Да таго ж цяжка зразумець, які вобраз будучыні прапануе лідэр — «афіцыйнай» вэрсіі проста не існуе. На гэтым тле кожная з груповак адстойвае свой варыянт.