Як у сучаснай беларускай школе ня стаць ахвярай прапаганды, лукашэнкаўскай ідэалёгіі, а нярэдка і антынавуковых падыходаў? Што ў гэтым пляне робіцца для маладых беларусаў, якія распачынаюць у гэты дзень навучаньне ў школах па-за Беларусьсю?
Пра гэта ў эфіры Свабоды Premium расказвае прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні Аб’яднанага пераходнага кабінэта Беларусі Аліна Коўшык.
На яе думку, школа ў Беларусі становіцца інструмэнтам рэпрэсіўнага характару, і гэтая роля школы ўзмацняецца. Паводле Коўшык, яе каманда сочыць за тым, што адбываецца ў беларускай сыстэме адукацыі, і глядзіць на яе дзейнасьць зь вялікім непакоем.
Цалкам інтэрвію глядзіце ў відэафармаце на Youtube.
«З апошняга, што мы заўважылі перад пачаткам навучальнага году, — гэта тое, што ў Беларусі вельмі моцна вырасла колькасьць так званых ваенна-патрыятычных клясаў. Толькі ў Менскай вобласьці іх стала ў пяць разоў больш. Як бацькоў заахвочваюць аддаваць туды дзяцей? Усё вельмі проста. Там павялічаная колькасьць гадзінаў па матэматыцы, фізыцы. Тое, што запатрабаванае пасьля пры паступленьні. То бок дзяцей заахвочваюць ня тым, што ствараюць матэматычныя клясы. Яны ствараюць клясы, якія вельмі моцна ідэалягізаваныя. І бацькам будзе вельмі складана зрабіць выбар», — кажа Аліна Коўшык.