Лінкі ўнівэрсальнага доступу

​​​​​​​Памяшканьне Беларускага моладзевага хабу ў Варшаве зноў працуе. Паглядзелі, што там адбываецца пры Сяргею Бульбу


Беларускі моладзевы хаб у Варшаве
Беларускі моладзевы хаб у Варшаве

Шыльды пакуль не памянялі, працуе толькі каворкінг. Партрэты палітвязьняў з фасаду прыбралі. Урачыстага адкрыцьця не было. 8 верасьня абяцаюць правесьці канцэрт-мітынг.

Колішні заснавальнік «Белага легіёну», 56-гадовы Сяргей Бульба паўтара месяца таму абвясьціў, што ён стаў новым кіраўніком Беларускага моладзевага хабу. Дзьверы прасторы на пляцы Канстытуцыі, 6 у цэнтры Варшавы ён зачыніў, 2 жніўня замяніў замкі ў памяшканьні. З таго часу БМХ не працаваў.

Аляксандар Лапко, які больш за два гады кіраваў Беларускім моладзевым хабам, назваў гэтыя падзеі «рэйдэрскім захопам».

«Сытуацыю з памяшканьнем на пляцы Канстытуцыі 6 мы трактуем як часовую акупацыю, якую пачалі са зьмены назвы на „Робім разам“.

Моцна запрашаюць беларусаў Варшавы калябараваць зь імі, рабіць у акупаваным памяшканьні хоць штосьці, бо ўжо шмат часу стаяць зачыненыя. Знаходзяць нумары прадстаўнікоў ініцыятыў, тэляць і просяць вярнуцца. Мне тыя адразу перадаюць гэтыя „прапановы, ад якіх цяжка адмовіцца“. З вольнымі людзьмі крэпкая рука і чарка-скварка не працуе. Гонар і годнасьць куды важнейшыя за квадратныя мэтры „ў самым сэрцы Варшавы“», — напісаў Аляксандар Лапко ў сваім адкрытым звароце.

Моладзевы хаб у Варшаве
Моладзевы хаб у Варшаве

Сяргей Бульба: «Проста адкрыліся і працуем без пантоў»

1 верасьня а 9-й раніцы ў памяшканьні БМХ адкрылася новая прастора «Робім разам». Урачыстасьцяў не было.

«Проста адчыніліся і працуем без пантоў. 8-га верасьня, да Дня беларускай вайсковай славы, будзе канцэрт-мітынг», — коратка пракамэнтаваў адкрыцьцё новай прасторы Сяргей Бульба.

І даслаў тэкст звароту, дзе ён расказвае пра сутнасьць канфлікту з былым кіраўніцтвам Беларускага моладзевага хабу.

«З мэтай уратаваць хаб спадар Бульба пагадзіўся прыняць пасаду. Такім чынам, ён НІЯК ня можа быць адным з бакоў канфлікту, таму што ён такі ж наёмны супрацоўнік, як і Лапко», — гаворыцца там.

Таксама ў гэтым звароце Сяргей Бульба абяцае працаваць празрыста і сумленна.

Сяргей Бульба, архіўнае фота
Сяргей Бульба, архіўнае фота

«Мы зьбіраемся зрабіць празрыстыя структуры з тымі, каму гэта цікава, незалежна ад таго, хто з кім сябраваў. Мы накіраваныя на тое, каб паказаць дэмакратычнай супольнасьці, што можна сумленна весьці сваю дзейнасьць і не злоўжываць грантавымі грашыма».

1 верасьня ў першай палове дня ў памяшканьні хабу быў толькі адзін супрацоўнік, які прадставіўся адміністратарам Паўлам. Ён паведаміў, што пакуль працуе толькі каворкінг на першым паверсе, але паступова хаб разгорне іншую дзейнасьць.

Партрэты палітвязьняў з фасаду зьнялі

На фасадзе БМХ раней вісеў білборд з колькасьцю палітзьняволеных у Беларусі, былі партрэты палітвязьняў. Новыя гаспадары гэта прыбралі.

Моладзевы хаб у Варшаве
Моладзевы хаб у Варшаве

«Ведаеце, у нас ужо склаўся цэлы пласт псэўдапакутнікаў, якім напляваць на тое, што адбываецца ў Беларусі. Таму я за тое, каб усё ж такі трансьляваць пазытыўнае. Шукаем новае афармленьне, думаем, што зрабіць, каб было пазытыўна. Каб Беларусь асацыявалася не з пакутамі і страхамі, а чымсьці пазытыўным і шчасьлівым», — так пракамэнтаваў сваё рашэньне Сяргей Бульба.

Першая вялікая імпрэза заплянаваная на 8 верасьня, на пляцоўцы перад хабам адбудзецца канцэрт з удзелам беларускіх, польскіх і ўкраінскіх музыкаў, прымеркаваны да Дня беларускай вайсковай славы. Ні Сяргей Бульба, ні адміністратар Павал складу ўдзельнікаў пакуль не называюць.

БМХ працягвае працаваць у партнэрскіх лякацыях — Free Belarus Center і Scena Chmielna

Раней у Беларускім моладзевым хабе штомесяц праводзілася да 80 імпрэзаў. Працавалі дзіцячыя гурткі, творчыя студыі — усяго каля 20 ініцыятываў. Тут адбывалася багата імпрэзаў, сэмінараў, канфэрэнцый. БМХ даваў сваю пляцоўку палітыкам Сьвятлане Ціханоўскай, Зянону Пазьняку, беларускім пісьменьнікам, мастакам, музыкам. Тут зьбіраліся інтэлектуалы на «Каву з гісторыкам», гулялі ў «Што? Дзе? Калі?».

Моладзевы хаб у Варшаве
Моладзевы хаб у Варшаве

Каманда Беларускага моладзевага хабу працягвае сваю працу і шукае іншыя часовыя памяшканьні, кажа Аляксандар Лапко.

«Пакуль БМХ працуе у партнэрскіх лякацыях, пераважна ў Free Belarus Center, у бары Scena Chmielna. Назвы сваёй мы не мяняем, дзейнічаем як афіцыйна зарэгістраваны фонд Belarusian Youth Hub. Да „Stowarzyszenia Białoruski Młodzieżowy Hub“ цяпер дачыненьня ня маем», — кажа Аляксандар Лапко.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG