Праз скандал паміж дарослымі цярпяць беларускія дзеці
Беларускі моладзевы хаб (БМХ) — прастора ў цэнтры Варшавы на пляцы Канстытуцыі, 6. Больш за два гады таму ў Варшаве абвясьцілі дзяржаўны конкурс для некамэрцыйных арганізацый, і ў змаганьні з польскімі правымі партыямі яго выйграла маладая беларуская каманда, расказвала Свабодзе сузаснавальніца і намесьніца дырэктара БМХ Стася Гліньнік.
Тут адбывалася багата імпрэзаў, сэмінараў, канфэрэнцый. БМХ даваў сваю пляцоўку палітыкам Сьвятлане Ціханоўскай, Зянону Пазьняку, беларускім пісьменьнікам, мастакам, музыкам — штомесяц тут праводзілася да 80 імпрэз. Да таго ж тут працавалі дзіцячыя гурткі, творчыя студыі. Усяго каля 20 ініцыятываў.
Некалькі апошніх тыдняў дзьверы Беларускага моладзевага хаба зачыненыя. Колішні заснавальнік «Белага легіёну», 56-гадовы Сяргей Бульба, сьцьвярджае, што ён стаў новым кіраўніком арганізацыі. Другога жніўня ён замяніў замкі ў памяшканьні. Аляксандар Лапко, які больш за два гады кіраваў Беларускім моладзевым хабам, назваў гэтыя падзеі «рэйдэрскім захопам».
«У Моладзевым хабе ўтварылася такая «дзіцячая дыяспара»
Ганна Скрыпнікава, кіраўніца музычнай школы, расказала, што пераехала ў Варшаву два гады таму, яна настаўніца музыкі. Шукала, як выкарыстаць свае веды. Узьнікла ідэя аб’яднаць настаўнікаў, якія пераехалі, і знайсьці дзетак, які хочуць займацца музыкай. Тады Моладзевы хаб толькі-толькі адкрываўся.
«Ад самага пачатку мы там працавалі. І ўсе гэтыя два гады мы назіралі, як каманда хаба працуе. Мы ўсе прыпынілі дзейнасьць, калі пачалася вайна ва Ўкраіне, было не да заняткаў: мы валянтэрылі, па начах дзяжурылі. Гэта быў кароткі перапынак.
Увесь астатні час мы вялі заняткі, ладзілі канцэрты. У школе займаліся прыкладна 40 дзетак. Нашы дзеткі цудоўна кантактавалі зь дзецьмі зь іншых ініцыятываў — з танцавальнай школы, кінастудыі. У Моладзевым хабе ўтварылася такая „дзіцячая дыяспара“. 15 чэрвеня ў нас быў вялікі канцэрт», — дзеліцца Ганна Скрыпнікава.
Яна заўважала, што апошнім часам у БМХ узьнікла нейкае напружаньне. Аднак музычная школа плянавала наступны навучальны год, хацелі дадаць новыя кірункі, запрасіць яшчэ некалькі настаўнікаў.
«І тут такая шокавая навіна, што старой каманды хаба тут ня будзе. І замест таго каб пашырацца, мы вымушаныя шукаць прытулак, новыя месцы — па кабінэціку, паўкабінэціку ў розных частках гораду.
Маю надзею, што нейкі цуд здарыцца і мы вернемся. Бо прастора была проста цудоўная. Ніхто не хацеў разводзіць гэты „бульбас...ч“.
Рэпутацыя ў хаба бездакорная, ісьці да нейкіх новых людзей мы ня хочам», — кажа кіраўніца музычнай школы Ганна Скрыпнікава.
«Мы працавалі з задавальненьнем, зь любоўю да кіно і да дзяцей»
Арганізатарка кінашколы «4K Film School» Кацярына Касьпяровіч расказала, што ініцыятыва паўстала зь летніку — тэматычнага кіналягера, дзе былі дзеткі зь Беларусі і Ўкраіны.
«Тады і вырашылі арганізаваць фільмавую школу для дзяцей і падлеткаў. Нашымі настаўнікамі сталі маладыя кінэматаграфісты і настаўнікі, якія апынуліся ў Варшаве. БМХ стаў пляцоўкай, дзе распачаўся наш праект.
Мы працавалі з задавальненьнем, зь любоўю да кіно і да дзяцей.
Здымалі „кароткія мэтры“, самастойныя працы дзяцей. Праводзілі кастынгі, адпраўлялі заяўкі на супрацу ў беларускія і польскія кінапраекты. Ладзілі сьвяты для дзяцей», — успамінае Кацярына.
У новым навучальным годзе вырашылі пашырацца, разьвівацца і ісьці далей, адкрыць самастойныя клясы ў некалькіх раёнах Варшавы.
«Каманда БМХ надала нам тэхнічную падтрымку — дошкі, маркеры, блякноты, паперу, штатывы, сьвятлоадбівальнік, пятліцы, магчымасьці раздрукаваць тэкстаў сцэнароў. Ёсьць што паказаць: фільмы вучняў, ролікі, самастойныя „кароткія мэтры“, праект сумесна зь беларускай відэастудыяй „Раю“. У нас ёсьць пэўныя пляны, і мы працуем далей», — запэўнівае Кацярына Касьпяровіч.
«Пашылі дзецям нацыянальныя касьцюмы. І вось з пачатку ліпеня хаб закрылі»
Абураюцца закрыцьцём творчых пляцовак і бацькі дзетак, якія там займаюцца. Яны ня ведаюць, як патлумачыць дзецям, што адбываецца.
Фёдар Паўлючэнка кажа, што ягоная дачка хадзіла ў танцавальную студыю, якую арганізавала беларуска для беларускіх і ўкраінскіх дзяцей.
«Там займаліся дзеці рознага ўзросту. Вельмі невялікія грошы бяруць за заняткі. Шмат выступаюць на беларускіх падзеях. Пашылі дзецям нацыянальныя касьцюмы. І вось з пачатку ліпеня хаб закрылі.
Наша выкладчыца спрабавала выканаць свае абавязаньні, арандавала ў розных месцах памяшканьні для заняткаў, але цяпер зрабілі паўзу. Няма пакуль танцавальнай студыі», — кажа Фёдар Паўлючэнка.
Ліст прэзыдэнту Варшавы Тшаскоўскаму
Свабода зьвярнулася да Сяргея Бульбы, які называе сябе новым кіраўніком Беларускага моладзевага хаба, з пытаньнем, калі адкрыецца ўстанова.
«Хаб быў закрыты былым кіраўніцтвам. На просьбы перадаць дакумэнтацыю і тлумачэньні яны маўчаць. То як толькі атрымаем неабходную дакумэнтацыю і сам факт здачы/прыёмкі, так адразу і адкрыемся», — адказаў Сяргей Бульба.
Таксама ён паведаміў, што напісаў скаргу на былое кіраўніцтва БМХ прэзыдэнту гораду Варшавы Рафалу Тшаскоўскаму.
На пытаньне, ці размаўляў спадар Бульба з кіраўнікамі студый, гурткоў, ініцыятываў, якія працавалі пры МХБ, ці гатовыя яны вярнуцца і працаваць з новым кіраўніцтвам, ён не адказаў.
Свабода таксама зьвярнулася да Стасі Гліньнік з пытаньнем пра камунікацыю былога кіраўніцтва БМХ з новым.
«Мы так і не зразумелі, якой дакумэнтацыі ён хоча, бо ўсё ў Grand Business Hub, дзе Бульба можа ўсё запрасіць», — адказала Гліньнік.