Рашэньне вынес суд Полацкага раёну і Полацку паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў). Прычынай арышту сталі камэнтары мужа і жонкі ў інтэрнэце.
Паводле слоў крыніцы, Рудаковых затрымалі ў іх доме ў вёсцы Бязьдзедавічы 24 жніўня.
«Міліцыя сказала, што іх адвязуць у горад „на размову“ гадзіны на тры, таму яны ня бралі з сабой зьменных рэчаў і сродкаў гігіены. У выніку — 30 сутак кожнаму», — сказаў суразмоўца.
Алег Рудакоў нарадзіўся ў Беларусі. Больш за 30 гадоў пражыў у Расеі, стварыў і на працягу 17 гадоў узначальваў у Іркуцку таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага. У 2020 годзе канчаткова вярнуўся ў Беларусь. Яго жонка Вольга вядзе майстар-клясы па традыцыйнай беларускай вышыўцы ў полацкім Музэі традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я. У сакавіку 2021 году дзяржаўнае інфармагенцтва апублікавала хвалебны фотарэпартаж пра сямʼю Рудаковых, якая вярнулася на радзіму.
У красавіку 2010 году ўказам Аляксандра Лукашэнкі Рудакоў быў узнагароджаны мэдалём Францыска Скарыны «за заслугі ва ўмацаваньні культурных сувязей паміж Беларусьсю і Расеяй, вялікі асабісты ўклад у захаваньне традыцыяў беларускай культуры».