У сьпіс уключаны:
Яўген Каваленка (36 гадоў, затрыманы ў кастрычніку 2022-га) — 2,5 года пазбаўленьня волі па абвінавачаньні ў публічнай абразе Аляксандра Лукашэнкі, паклёпе на Лукашэнку, публічнай абразе прадстаўніка ўлады, распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці або варажнечы, арганізацыі і актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак;
Сяргей Еўдакіменка (затрыманы ў ліпені 2023-га) — 7 гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачаньні ў дапамозе ў распальваньні варожасьці, за перадачу зьвестак аб чыноўніках пратэставым інфармацыйным рэсурсам;
Антон Дзянейка (32 гады, затрыманы ў красавіку 2023-га, унесены ў сьпіс «экстрэмістаў») — 5 гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачаньні ў пагрозах супрацоўнікам органаў унутраных спраў і службовым асобам, абразе Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады;
Павал Абозны (40 гадоў, затрыманы ў студзені 2023-га. Нарадзіўся ва Украіне. Чэмпіён Эўропы па кікбоксінгу. Як мяркуецца, быў затрыманы за жаданьне ваяваць ва Ўкраіне) — 5 гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачаньні ва ўдзеле на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні або збройным канфлікце, ваенных дзеяньнях, захоўваньні 12 патронаў, незаконным перамяшчэньні празь мяжу моцнадзейнага рэчыва;
Алена Яфрэменка (46 гадоў, затрыманая ў красавіку 2023-га) — тэрмін пазбаўленьня волі невядомы, абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, абразе прадстаўніка ўлады, абразе Лукашэнкі;
Уладзіслаў Пудзяк (38 гадоў, затрыманы ў красавіку 2023-га) — тэрмін пазбаўленьня волі невядомы, асуджаны за здраду дзяржаве;
Руслан Захарчанка (33 гады, затрыманы ў красавіку 2023-га, унесены ў сьпіс «экстрэмістаў») — 2 гады пазбаўленьня волі за камэнтары ў інтэрнэце.
Палітвязьнем прызнаны таксама Ўладзіслаў Беладзед (выпускнік Інстытуту тэалёгіі БДУ, затрыманы ў траўні 2023-га), узяты пад варту па арт. 130 КК.
Праваабаронцы зноў запатрабавалі ад уладаў неадкладна вызваліць усіх палітвязьняў, перагледзець палітычна матываваныя прысуды і спыніць рэпрэсіі.
Апроч «Вясны», адпаведную заяву падпісалі Беларускі ПЭН, «Прававая ініцыятыва», Lawtrend, Беларускі Хэльсынскі камітэт.