Рэпартаж «Настоящего времени».
Больш за год Андрэй Шарэнда з двума сынамі жыве ў Вільні. У студзені 2021 года жонку Андрэя, актывістку Паліну Шарэнда-Панасюк, затрымалі ва ўласнай кватэры ў Берасьці і асудзілі на тры гады калёніі. У пачатку жніўня гэтага года жанчына павінна была выйсьці на волю, але незадоўга да вызваленьня на яе завялі новую крымінальную справу.
Бытавымі пытаньнямі ў эміграцыі мужчына зараз займаецца сам, кажа, што першы час было складана, але страціць надзею ён ня меў права: «Я разумею, што жонцы зараз нашмат складаней. Паліна цярпіць разнастайныя мукі, пакуты. І я проста разумею, што не магу скардзіцца на жыцьцё, адчайвацца. Упадаць у нейкія дэпрэсіі».
Старэйшаму сыну Славаміру чатырнаццаць гадоў. Малодшы Стах сёлета ідзе ў першую клясу. Затрыманьне Паліны, расказвае Андрэй, адбылося на вачах у маленькага дзіцяці: дзьверы ў кватэру выламалі сілавікі, Паліну зьбілі і павезьлі ў кайданках. Праз убачанае ў Стаха пачаліся праблемы са здароўем.
«Ён проста перастаў гаварыць. Яму канстатавалі затрымку разьвіцьця гаворкі. Два гады мы з гэтым дыягназам жылі, зь ім змагаліся. На шчасьце, за год тут, у Вільні, дзякуючы таму, што мы хадзілі да псыхоляга, дэфэктоляга, нам удалося пераадолець гэтую сытуацыю. Стах пойдзе ў звычайную клясу. Але трэба разумець, што ў дзіцяці забралі практычна ўсё дзяцінства», — расказвае Андрэй Шарэнда.
У сьнежні 21 года кансультанта беларускай службы Радыё Свабода Ігара Лосіка прыгаварылі да пятнаццаці гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. За салідарнасьць і падтрымку мужа ягоную жонку Дар’ю ў студзені асудзілі на два гады. Іх дачка Паўліна засталася з бабулямі і дзядулямі. У архіве засталося інтэрвію, у якім Дарʼя распавядае пра дачку пасьля арышту мужа і да свайго затрыманьня:
«Калі яна раней проста брала мой мабільны тэлефон і казала: „Тата, тата, ку-ку“, то зараз яна просіць мяне ўключыць фатаграфіі Ігара, прыносіць свой дзіцячы посуд, пачынае яго карміць, гуляць у мяч. Тое, як паводзіць сябе дачка зараз... мне цяжка казаць, праўда».
Шостага сьнежня 2022 года арыштавалі журналістку з Гомля Ларысу Шчыракову, а яе сына Сьвятаслава забралі ў прытулак. Амаль месяц падлетак знаходзіўся ў дзіцячым доме, пакуль ягоны бацька, які даўно жыве ў Расеі, зьбіраў дакумэнты для апекі над сынам. Іншым сваякам забраць Сьвятаслава з прытулку не дазволілі.
Пазбаўленьне свабоды роднага чалавека, кажа псыхоляг Натальля Станкевіч, цяжка перажываюць дарослыя, а для дзяцей — гэта сапраўдная трагедыя. Вельмі важна, дадае спэцыялістка, каб побач зь дзіцем у гэты пэрыяд быў чалавек, які яго падтрымае: «Дарослы, які можа плакаць, але разам з тым можа паразмаўляць з дзіцем: „Так, я вельмі турбуюся пра маму, давай мы разам напішам ёй ліст“. Пры дзіцяці павінен быць той, хто захоўвае прысутнасьць духа. Не чалавек, які рыдае 24 на 7».
Не дазваляе сабе страціць надзею і актывіст Андрэй Шарэнда. Расказвае сынам пра маці, паказвае яе фатаграфіі. Мужчына верыць у хуткае вызваленьне жонкі і палітычныя перамены ў Беларусі, хаця і прызнаецца, што малодшы сын пачынае забываць маці.
Пакуль жа беларусы, якія засталіся на волі і зьехалі з краіны, працягваюць падтрымліваць палітвязьняў і іхнія семʼі. У канцы ліпеня падчас маратону салідарнасьці «Нам не ўсё роўна» толькі за суткі беларусы сабралі больш за паўмільёна эўра.