На агульным сходзе працоўнага калектыву Нацыянальнага гістарычнага архіву 14 жніўня дырэктар Дэпартамэнту архіваў і справаводзтва Мін'юста Алег Воінаў прадставіў работнікам новага дырэктара ўстановы — Міхаіла Глушакова.
Міхаіл Глушакоў нарадзіўся ў 1972 годзе ў Менску. У 1994 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны тэхналягічны ўнівэрсытэт.
Па зьвестках «Нашай Нівы», доўгі час служыў у КДБ.
Да прызначэньня дырэктарам НГАБ некалькі месяцаў працаваў кансультантам у аддзеле арганізацыйнай работы, інфармацыі і выкарыстаньня дакумэнтаў Дэпартамэнту архіваў і справаводзтва.
Апошнія месяцы архівы і музэі пэрыядычна зазнаюць чыстку ад нядобранадзейных супрацоўнікаў. Так, толькі з Нацыянальнага гістарычнага архіву за апошні год звольнілі каля 15 чалавек.
Папярэдні дырэктар архіву таксама быў сілавіком. Генэрал-маёр Алег Воінаў раней быў памочнікам міністра абароны па пытаньнях міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва. Яго паставілі на чале архіву летась у траўні. У студзені 2023 году яго павысілі і перавялі ў Дэпартамэнт кіраваць.