Аляксандар Лукашэнка: «Мы павінны выкарыстоўваць каштоўнасьць нашага суседзтва дзеля спыненьня канфрантацыі»
Аляксандар Лукашэнка перадаў віншаваньні ўкраінцам у сувязі з Днём Незалежнасьці, яго апублікавалі на ягоным сайце. У звароце ёсьць адсылкі да ІІ сусьветнай вайны.
«Многія пакаленьні беларусаў і ўкраінцаў стагодзьдзямі жылі ў згодзе і павазе. Спрадвеку нашы продкі гандлявалі, стваралі сем’і і выхоўвалі дзяцей, разам мужна змагаліся з фашызмам, адбудоўвалі агульную дзяржаву ў першыя пасьляваенныя пяцігодкі».
Чарговы раз Лукашэнка загаварыў пра мірныя перамовы.
«Мы павінны выкарыстоўваць каштоўнасьць нашага суседзтва дзеля спыненьня канфрантацыі. Беларускі бок гатовы зрабіць для гэтага ўсё неабходнае і нават больш. Веру ў тое, што нам гэта пад сілу».
Лукашэнка пры гэтым не сказаў пра свой удзел у падтрымцы Расеі ў вайне супраць Украіны. Зь лютага 2022 году зь Беларусі некалькі разоў узьляталі самалёты і выляталі ракеты па тэрыторыі Ўкраіны. Таксама Лукашэнка некалькі разоў выказваўся аб супрацоўніцтве з кіраўніцтвам акупаваных частак Украіны і крытыкаваў прэзыдэнты Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага.
У Беларусі жорстка і сыстэматычна перасьледуюць грамадзян за любыя праявы салідарнасьці з украінскім народам.
Украінскія палітыкі віншаваньня ад Лукашэнкі пакуль не камэнтавалі.
Рэакцыя Вярхоўнай Рады: Заява Лукашэнкі — палітычны цынізм
Кіраўнік Камітэту Вярхоўнай рады Ўкраіны ў зьнешняй палітыцы і міжпарлямэнцкім супрацоўніцтве Аляксандар Меражко пракамэнтаваў выданьню Зеркало выказваньні Лукашэнкі.
«Калі кіраўнік аўтарытарнага рэжыму дзяржавы-ўдзельніцы агрэсіі жадае міру народу дзяржавы-ахвяры агрэсіі, то гэта нельга разглядаць інакш, як праява палітычнага цынізму. Калі б Лукашэнка сапраўды хацеў міру, то ён зьвярнуўся б да крамлёўскага дыктатара з патрабаваньнем спыніць агрэсію супраць Украіны і неадкладна вывесьці акупацыйныя войскі.
Па-першае, каб быць пасярэднікам у якім-небудзь міжнародным канфлікце дзяржава ці палітык павінны карыстацца даверам бакоў і быць дастаткова нэўтральным. У выпадку Беларусі аб пасярэдніцтве ня можа быць і гаворкі, бо з пункту гледжаньня міжнароднага права Беларусь — гэта дзяржава-саўдзельнік агрэсіі. Па-другое, спадар Лукашэнка мае сумнеўную легітымнасьць. Ён — не дэмакратычна абраны прэзыдэнт Беларусі, а, па сутнасьці, узурпатар».
Сьвятлана Ціханоўская: «Тыя, хто ўцягнуў нашую краіну ў вайну, абавязкова панясуць адказнасць»
Са сваім віншаваньнем Украіне выступіла і лідэрка беларускай апазыцыі Сьвятлана Ціханоўская. Яна згадала беларускіх добраахвотнікаў, якія змагаюцца за Ўкраіну на вайне, і выказала перакананьне, што добрыя стасункі паміж народамі адновяцца.
«Я ганаруся тым, што ў гэтай барацьбе дапамагаюць беларусы. Ганаруся палком Каліноўскага і нашымі ваярамі-добраахвотнікамі, якія зьдзяйсьняюць подзьвіг за подзьвігам. Я ганаруся нашымі валянтэрамі, якія аднаўляюць гарады, дасылаюць інфармацыю ў „Беларускі Гаюн“. Мэдыкамі, што ратуюць жыцьці. Ганаруся ўсімі вольнымі беларусамі, якія данацяць на ўкраінскую армію і набліжаюць перамогу Ўкраіны.
Мы адновім добрыя адносіны паміж нашымі народамі, а тыя, хто ўцягнуў нашую краіну ў вайну, абавязкова панясуць адказнасьць. Дарагія ўкраінцы, зычу вам сустрэць наступны Дзень Незалежнасьці ў мірнай і свабоднай Украіне».