Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна сканфіскавала маёмасьць вайсковай часткі з Горадзенскай вобласьці. Беларусь можа падаць апэляцыю


Сымбаль украінскай юстыцыі. Ілюстрацыйнае фота
Сымбаль украінскай юстыцыі. Ілюстрацыйнае фота

Авіязапчасткі былі на рамонце ў кампаніі «Мотор Січ» (Запарожжа).

Калегія судзьдзяў Вышэйшага антыкарупцыйнага суду Ўкраіны задаволіла пазоў Міністэрства юстыцыі Ўкраіны да Міністэрства абароны Беларусі аб канфіскацыі авіярухавіка і сыстэмы электрычнага авіяцыйнага пуску, якія знайшлі ў часе ператрусаў у рамках справы супраць кіраўніка акцыянэрнага таварыства «Мотор Січ» Вячаслава Багуслаева. Апошні знаходзіцца пад вартай з кастрычніка 2022 году паводле падазрэньня ў калябарацыйнай дзейнасьці і дапамозе агрэсіі Расеі.

Міністэрства юстыцыі Ўкраіны зьвярнулася ў суд, кіруючыся законам аб санкцыях, які прадугледжвае спагнаньне ў даход дзяржавы актываў, якія належаць фізычнай або юрыдычнай асобе.

Згодна з украінскім заканадаўствам Міністэрства абароны Беларусі можа зьвярнуцца з апэляцыйнай скаргай на гэтае рашэньне цягам пяці дзён з моманту ягонага абвяшчэньня.

Што папярэднічала

У часе вобшуку аднаго з прадпрыемстваў кампаніі «Мотор Січ» знайшлі сем авіяцыйных рухавікоў. На адным зь іх (мадэль АІ-25 ТЛ) былі адбіткі пячаткі «Вайсковая частка 19764». Такая вайсковая частка дысьлякуецца ў Лідзе Горадзенскай вобласьці.

Усе рухавікі разам з паветраным стартэрам знаходзіліся ва Ўкраіне на рамонце, які ажыцьцяўляўся паводле кантракту аб аказаньні паслуг (выкананьні прац) па капітальным рамонце авіяцыйнага рухавіка АІ-25ТЛ, падпісанага паміж ПАТ «Мотор Січ» і Міністэрствам абароны Беларусі ў асобе намесьніка начальніка штабу ўзбраеньня.

Паводле сьледзтва, гэтыя рухавікі нібыта даставілі ва Ўкраіну ў 2020–2021 гадах.

Перамяшчэньне іх на рамонт ва Ўкраіну ажыцьцяўлялі праз кампанію «PM Technics (FZE)», зарэгістраваную ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, а ёй, у сваю чаргу, рухавікі перадавала расейскае ТАА «Авиакомпания Волга-Днепр».

У чым абвінавачваюць уласьніка кампаніі «Мотор Січ»

Вячаслаў Багуслаеў шмат разоў праходзіў у Вярхоўную Раду Ўкраіны ад Партыі рэгіёнаў. Лідэрам гэтай партыі быў Віктар Януковіч, які пасьля масавых акцыяў пратэсту ў 2013–2014 гадах уцёк у Расею.

Да красавіка 2018 году Вячаслаў Багуслаеў быў акцыянэрам беларускага ААТ «Аршанскі авіярамонтны завод».

Пра неабходнасьць нацыяналізацыі Аршанскага заводу Аляксандар Лукашэнка заявіў у ліпені 2018 году, калі наведваў прадпрыемства. Ён сказаў, што нібыта «ўласьнікі адмовіліся ад заводу» і няма розьніцы, «каму належаць гэтыя акцыі, гэта наша задача, каб людзі тут атрымлівалі нармальныя заробкі».

У траўні 2018 году Генпракуратура Беларусі завяла крымінальную справу ў дачыненьні да былога гендырэктара ААТ «Аршанскі авіярамонтны завод» і службовых асобаў ПАТ «Мотор Січ» (Украіна).

У лютым 2019 году праваахоўныя органы Ўкраіны расьсьледавалі справу аб тым, як украінскае абароннае прадпрыемства выкарыстоўвала ў 2018 годзе Аршанскі авіярамонтны завод для незаконных паставак прадукцыі ў Расею — для грузапасажырскіх і вайсковых самалётаў. У гэты час ва Ўкраіне былі ўведзеныя санкцыі на супрацу расейскіх і ўкраінскіх прадпрыемстваў.

У верасьні 2019 году Служба бясьпекі Ўкраіны выставіла кіраўніцтву групы «Мотор Січ» падазрэньні ў падрыхтоўцы да дывэрсіі і дзяржаўнай здрады.

У кастрычніку 2022 году Служба бясьпекі Ўкраіны паведаміла пра затрыманьне прэзыдэнта акцыянэрнага таварыства «Мотор Січ» Вячаслава Багуслаева паводле падазрэньня ў калябарацыйнай дзейнасьці і спрыяньні дзяржаве-агрэсарцы.

Як вынікае з апублікаваных Службай бясьпекі Ўкраіны ягоных тэлефонных размоў з дырэктарамі расейскіх кампаній па вытворчасьці баявых верталётаў, кампанія «Мотор Січ» у часе вайны працягвала пастаўляць у Расею рухавікі. Ігнаруючы ўрадавую забарону гандлю з Расеяй, Вячаслаў Багуслаеў прапанаваў Расеі ажыцьцяўляць пастаўкі праз Харватыю і Чарнагорыю. Расея таксама абмяркоўвала магчымасьць паставак з Украіны праз Казахстан і Кіргізстан.

У траўні 2022 году Міністэрства абароны Расеі заявіла пра зьнішчэньне заводу «Мотор Січ» у Запарожжы. У тэлефонных размовах Багуслаеў казаў, што разумее бамбаваньне расейцамі ягонага заводу, і апраўдваў уварваньне расейскіх войскаў ва Ўкраіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG