Як піша devby.io, кампанія зьнікла зь пераліку рэзыдэнтаў ПВТ, аднак пакуль не зьліквідавала юрыдычнай асобы.
Tango Live — сэрвіс для стрымаў, відэазванкоў і абмену паведамленьнямі. Плятформа ўваходзіць у топ-3 на заходнім рынку. У праграмы 450 млн запампованьняў і 10 млн актыўных карыстальнікаў на месяц.
Кампанія адкрыла офіс у Менску ў траўні 2020 году. Пасьля пачатку рэпрэсіяў генэральны дырэктар Аляксандар Ешчанка казаў, што пераезд супрацоўнікаў магчымы, усё залежыць ад іхнага жаданьня, а пакуль яны «спадзяюцца, што бліжэйшым часам усё наладзіцца».
У Менску ў кампаніі працавала каля 130 асобаў. Амаль уся каманда рэлякавалася ў Польшчу, частка — на Кіпр.
У варшаўскім офісе неафіцыйна называюць дзьве прычыны пераезду: патэнцыйныя праблемы з плацяжамі і інвэстарамі.
«Рэлякантам выплацілі адну зарплату і кампэнсавалі выдаткі на памагатых, якія займаліся афармленьнем ДНЖ, у памеры 2 тысяч злотых (каля $500). Пры гэтым самім даводзілася шмат разьбірацца, як і што афармляць», — кажуць супрацоўнікі.
Зь пераліку лякацыяў на сайце TangoMe зьнік ня толькі Менск, але і Санкт-Пецярбург, дзе працаваў адзіны ў Расеі офіс кампаніі. Там юрыдычную асобу зьліквідавалі.
Паводле зьвестак devby.io, з студзеня 2022 году IT-сфэра ў Беларусі страціла каля 20 тысяч праграмістаў. За апошнія гады краіну пакінула некалькі дзясяткаў кампаніяў.