Ангеліна Севярына вучылася ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце на праграме «Дызайн камунікацый», працавала ў буйных сеткавых міжнародных рэклямных агенцыях як графічная дызайнэрка, за некалькі гадоў дарасла да арт-дырэктаркі. Таксама Ангеліна — мэнтарка праекту Women in Tech, які дапамагае жанчынам рэалізоўвацца ў сфэры ІТ. Цяпер жыве ў Амстэрдаме.
У Нідэрлянды Ангеліна перабралася праз каханьне, бо там пазнаёмілася з будучым мужам.
«Я падарожнічала зь сябрамі ў Амстэрдам і сустрэла там свайго будучага мужа ў Tinder. Усё закруцілася, мы пажаніліся, потым я пераехала ў Нідэрлянды. Тут было вельмі зразумела, што графічнай дызайнэркай далёка ня пойдзеш, бо глябальныя скарачэньні ў рэклямных агенцыях па ўсім сьвеце, бюджэты на рэкляму ўразаюцца, і ўсё цікавае адбываецца ў ІТ».
Ангеліна спрабавала падавацца на шматлікія пазыцыі ў ІТ, але ніхто ня быў зацікаўлены.
«Знаёмая параіла знайсьці стажыроўку без аплаты, куды, хутчэй за ўсё, возьмуць, а ў мяне было добрае партфоліё, я ўмею ствараць прыгажосьць, проста не хапала досьведу ў ІТ. Мне пашанцавала, мяне ўзялі. Але цяпер такі спосаб ня вельмі працуе, цяпер яшчэ складаней увайсьці ў ІТ, чым раней, бо шмат скарачэньняў, крызісы, вайна».
Далей у Ангеліны быў пэрыяд фрылансу, яна працавала на розныя ІТ-кампаніі ў якасьці дызайнэркі UI/UX [карыстальніцкага інтэрфэйсу. — РС], пасьля чаго яе запрасілі ў стартап Gamgee.
«Я ўжо тут працую амаль пяць гадоў, для мяне гэта абсалютны рэкорд. Галоўная прычына, чаму я да гэтага часу тут, — вельмі ляяльнае кіраўніцтва, гнуткі працоўны графік, аддаленая праца ў асноўным, выдатная каманда. Што яшчэ трэба ў такі крызісны час?»
«Неймаверных рэчаў можна дасягнуць шляхам аналізу Wi-Fi-сыгналу»
Стартап Gamgee — гэта Wi-Fi-мэнэджар, праграма, якая дапамагае арганізаваць сетку для дома і працы, зрабіць яе абсалютна абароненай праз VPN-злучэньне. А таксама даваць прыярытэты прыладам, сачыць, які кантэнт спажываюць дзеці, абараняць іх ад зламысьнікаў, апавядае Ангеліна.
«Мы працуем над інавацыйнай тэхналёгіяй, калі Wi-Fi-сыгнал можа вызначыць голас, парамэтры цела. Напрыклад, калі нейкі злодзей у дом уломіцца, то Wi-Fi-сыгнал праскануе цела гэтага чалавека, вызначыць яго як незнаёмае (бо целы ўсіх, хто жыве ў доме, ужо прасканаваныя), што яно праяўляе дзіўную актыўнасьць. І калі ты ня дома, ты атрымліваеш сыгнал на свой тэлефон, што ў тваім доме злодзей, і будзе функцыя, каб выклікаць паліцыю на гэты адрас».
Такая тэхналёгія вельмі карысная і для сямей з малымі дзецьмі, і для тых, хто даглядае пажылых людзей, кажа Ангеліна.
«Калі пажылы чалавек у суседнім пакоі, то Wi-Fi-сыгнал можа вызначыць яго дыханьне, ці ўсё нармальна, ці няма нейкіх дзіўных рухаў цела. Калі дзіця ў суседнім пакоі, то сыгнал адразу адрэагуе, калі дзіця плача, няроўна дыхае ці, ня дай бог, задыхаецца. І такіх неймаверных рэчаў можна дасягнуць усяго толькі шляхам аналізу Wi-Fi-сыгналу безь якіх-небудзь дадатковых прыладаў у доме».
Ангеліна кажа, што яна вельмі верыць у прадукт, над якім працуе, і гэта дадае матывацыі, каб дамагацца яго посьпеху.
«Я нашыя прграмы выкарыстоўваю дома пастаянна, я галоўная іх тэставальніца, і я разумею, што людзям гэта будзе карысна. Гэта дае матывацыю і энэргію. У ІТ клясна, што прадукт увесь час эвалюцыянуе».
«Адчуваю права сябе абараніць»
Ангеліна кажа, што галоўнае адрозьненьне галяндзкіх кампаній ад беларускіх — заўжды спакойныя і паважлівыя зносіны з калегамі.
«Каб у калегаў быў нэрвовы зрыў і выявілася нейкая грубасьць на працы, я бачыла толькі пару разоў. Гэтыя людзі больш у нашай кампаніі не працуюць. Канфлікты не былі прычынай іх звальненьня, але людзі, якія не прымаюць правілы гульні, звычайна ў кампаніях не затрымліваюцца надоўга».
У Менску такіх сытуацый, дзе людзі ня стрымлівалі свой тэмпэрамэнт і пачыналі нават у нецэнзурных выразах выказвацца наўпрост на працоўных сустрэчах, было шмат, дадае Ангеліна.
«Тут са мной літаральна адзін раз адбылася такая сытуацыя, калі чалавек, які займае значную пазыцыю ў кампаніі, груба мне нешта сказаў. Але рабочая культура ўва мне так назапасілася, што я адчувала права сябе абараніць. У Менску ж даводзілася непрыемныя рэчы глытаць, бо ты дакладна ведаеш, што гэта прывядзе да твайго звальненьня. Ну і адрозьненьне, што ў Нідэрляндах за цябе не заступяцца калегі, бо кожны сам за сябе».
У Нідэрляндах з правамі чалавека, правамі супрацоўнікаў усё вельмі камфортна, кажа Ангеліна.
«У Менску я працавала вечарамі і ў выходныя, гэта было нармальна. Тут я гэтага не рабіла ніколі. А пятай гадзіне канчаецца працоўны дзень, і гарантавана ты не атрымаеш ніякіх паведамленьняў па працы ў Slack. А турбаваць калегаў у мэсэнджэрах наогул забаронена».
«Я сама вынасіла і нарадзіла двух дзяцей падчас працы ў кампаніі»
Жанчын у Беларусі пры прыёме на працу могуць пытацца пра іх пляны на сям’ю, магчымую цяжарнасьць, што ў Нідэрляндах забаронена.
«Нельга нават пытацца пра нацыянальнасьць, ня кажучы ўжо пра тое, які ў вас сямейны статус, а ці не плянуеце вы дзіця? Гэта абсалютна немагчыма. Я сама вынасіла і нарадзіла двух дзяцей падчас працы ў кампаніі, і нічога, акрамя віншаваньняў, я ніколі ў свой адрас не атрымлівала. Каляжанка толькі пачала працаваць і літаральна праз пару месяцаў сышла ў дэкрэт, і гэта нармальна».
Таксама ў стартапе, дзе працуе Ангеліна, цяпер ёсьць трэнд «сьляпых інтэрвію».
«Ты прымаеш на працу чалавека, нават ня бачачы яго, ня ведаючы полу, узросту. Ты проста чытаеш пра тое, што чалавек можа зрабіць, якія ў яго слабыя і моцныя бакі».
«У Беларусі 8-га сакавіка ты „ўпрыгожаньне калектыву“»
Каб палепшыць у Беларусі сытуацыю ў сфэры ІТ і ня толькі, трэба цалкам зьмяняць сыстэму адукацыі, мяркуе Ангеліна.
«Трэба спыніць усе гэтыя рэчы, кшталту, дзяўчынкам — лялькі і банты, а хлопчыкам — машынкі і пісталеты. Мае дзяўчынкі любяць машынкі, вялікія, самакаты. А мне ў дзяцінстве забаранялі: „Ты выпацкаеш спадніцу, упадзеш, паб’еш каленкі, і як ты як дзяўчынка будзеш выглядаць?“ Гэта ўсё будуе ў галаве непераадольныя бар’еры, ты сама сябе ставіш у пэўныя рамкі: вось сюды мне можна, а сюды нельга, туды толькі хлопчыкам можна».
Такое гендэрнае выхаваньне спараджае сэксізм на працы і ў жыцьці, лічыць Ангеліна. Таму важна зьмяняць гендэрную культуру ў нашым грамадзтве, ад чаго будзе лепш усім.
«Ты вядзеш продажы, трэніруеш каманды, выпускаеш прадукты і робіш усё! Але не, у Беларусі 8-га сакавіка ты „ўпрыгожаньне калектыву“, і гэта ўсё, што ты ёсьць: прыгожая, разумная, добрая, ласкавая. І гэта вельмі страшна».