«Дзяржава не баіцца крытыкі»
Вядома, што Аляксандру Базанаву 60 гадоў. У ягонай біяграфіі напісана, што скончыў Полацкі дзяржаўны ўнівэрсытэт, але факультэт не пазначаны. Вядома таксама, што Базанаў служыў на розных пасадах у КДБ і ў дзяржаўным сакратарыяце Рады бясьпекі, у МЗС і апараце Савету міністраў.
Агулам Аляксандар Базанаў адслужыў у органах КДБ больш за 20 гадоў. Працаваў у структурах зьнешняй выведкі і контравыведкі.
У 1998 годзе яго забралі ў Раду бясьпекі, якой тады кіраваў Віктар Шэйман. У 2001 годзе Базанаў вярнуўся ў КДБ, дзе стаў прэсавым сакратаром.
На гэтай пасадзе Базанаў адзначыўся здымкамі ў фільме БТ «Павуціна», які быў прысьвечаны дзейнасьці прадстаўніцтва амэрыканскай Рады па міжнародных дасьледаваньнях і абменах (IREX). Сярод іншага Базанаў тады сказаў, што «дзейнасьць такіх арганізацый на інфармацыйным полі — заўсёды выдатная пляцоўка і плятформа для падобнай дзейнасьці, роднаснай дзейнасьці спэцыяльных органаў».
Таксама Базанаў сказаў там, што IREX стварае пагрозу нацыянальнай бясьпецы Беларусі.
«Дзяржава не баіцца крытыкі і не разглядае любое крытычнае выказваньне на свой адрас як праяву інфармацыйнай вайны. Але калі гэтая крытыка мэтанакіравана фармуецца на грошы замежнага ўраду, калі матэрыяльная дапамога мэтадычна і арганізацыйна аказваецца з пазыцыі перавагі рэсурсаў і ў асобных выпадках негалосна, узьнікае пытаньне: якая сапраўдная мэта гэтай дзейнасьці?» — казаў Базанаў у інтэрвію «Белгазеце».
У цэлым Базанаў у той пэрыяд не ігнараваў недзяржаўныя СМІ і часта даваў ім камэнтары, у тым ліку і Радыё Свабода.
«Інтэграцыя — гэта нацыянальная ідэя Беларусі»
Пасьля працы прэсавым сакратаром КДБ Базанаў зьехаў на пасаду ў амбасадзе Беларусі ў Нямеччыне. У 2010 годзе стаў дырэктарам Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру. У намесьніках у Базанава ў той час быў вядомы заходнерусіст і прыхільнік «русского мира» Леў Крыштаповіч.
Базанаў і Крыштаповіч нават выдалі некалькі сумесных артыкулаў. У 2012 у часопісе «Беларуская думка», які рэдагаваў Вадзім Гігін, выйшла публікацыя «Пад выглядам сувэрэнітэту».
«Распад СССР прывёў да крушэньня ня ўяўнай савецкай імпэрыі, а стварыў умовы для распаду дзяржаўнага цела ўсіх былых савецкіх рэспублік. (...) Постсавецкія рэспублікі вызваліліся ад свайго гістарычнага быцьця, паколькі ўсе яны ўзьніклі толькі дзякуючы саветызму», — пісалі Крыштаповіч і Базанаў.
Далей яны прыходзяць да высновы, што «інтэграцыя — гэта і ёсьць нацыянальная ідэя Расеі і Беларусі».
Іншая іх сумесная публікацыя — «Саюзная дзяржава як імпэратыў разьвіцьця Беларусі і Расеі ў сучасным сьвеце».
У 2014 годзе Базанава прызначылі намесьнікам генэральнага дырэктара РУП «Белтэлекам».
Што да асабістага жыцьця, то вядома, што Базанаў жанаты, мае дзьвюх дачок. У адным з інтэрвію ён казаў, што каханай любіць падараваць «маленькую скрыначку, у якую пакласьці маленькае сэрцайка і маленькую запісачку».