Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зарэгістравалі ТАА «Група Вагнэра», яно зоймецца «адукацыйнай дзейнасьцю»


Яўгеній Прыгожын
Яўгеній Прыгожын

Заснавальнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын зарэгістраваў у Беларусі ўжо другую кампанію.

Зьвесткі пра яе зьявіліся ў Адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў Мін'юста Беларусі, заўважыла «Зеркало».

Таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Група Вагнэр» са статутным фондам у 200 беларускіх рублёў Асіповіцкі райвыканкам зарэгістраваў 4 жніўня 2023 году. Адрас юрыдычнай асобы — вёска Цэль Асіповіцкага раёну, дзе знаходзіцца палявы лягер наймітаў ПВК «Вагнэр».

Асноўным відам дзейнасьці новай кампаніі заяўленыя «Іншыя віды адукацыі, ня ўключаныя ў іншыя групоўкі».

Уласьнікам кампаніі пазначаны грамадзянін Расеі Максім Пятроў.

19 ліпеня Магілёўскі аблвыканкам зарэгістраваў у вёсцы Цэль ТАА «Канкорд Мэнэджмэнт і Кансалтынг», кіраўніком якога ўказаны Яўгеній Прыгожын. Асноўным відам дзейнасьці таварыства з абмежаванай адказнасьцю са статутным фондам у 200 беларускіх рублёў заяўлена «Кіраваньне нерухомай маёмасьцю». Адрас рэгістрацыі кампаніі — вёска Цэль, дзе знаходзіцца палявы лягер ПВК «Вагнэра». 100%-ы ўладальнік беларускай кампаніі — расейская фірма «Канкорд Мэнэджмэнт і Кансалтынг», у якой гендырэктарам таксама Прыгожын.

  • ПВК «Вагнэр» — неафіцыйнае расейскае ўзброенае падразьдзяленьне, не зьвязанае зь Мінабароны РФ або іншымі дзяржструктурамі. Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
  • Увечары 23 чэрвеня Прыгожын і ПВК «Вагнэр» арганізавалі ў Расеі мяцеж, які працягваўся крыху менш за суткі. Пасьля гэтага расейскія ўлады заявілі, што «Вагнэр» сыдзе ў Беларусь. Калёны ПВК «Вагнэр» пачалі прыбываць у Беларусь з 11 ліпеня.
  • Паводле апошніх ацэнак маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн» на 16 жніўня, агулам у Беларусі можа знаходзіцца 4000–4500 наймітаў ПВК «Вагнэр». Блізкія да ПВК «Вагнэр» тэлеграм-каналы на пачатку жніўня ацэньвалі колькасьць наймітаў у Беларусі прыкладна ў 7 тысяч.
  • Найміты ПВК «Вагнэр» праводзяць трэніроўкі з Узброенымі сіламі Беларусі і іншымі сілавымі структурамі рэжыму Лукашэнкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG