Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блізкія да ПВК «Вагнэр» тэлеграм-каналы паведамілі пра 7000 наймітаў у Беларусі


Найміты ПВК «Вагнэр» на палігоне «Берасьцейскі», фота Міністэрства абароны Беларусі
Найміты ПВК «Вагнэр» на палігоне «Берасьцейскі», фота Міністэрства абароны Беларусі

Каналы, зьвязаныя з заснавальнікам ПВК «Вагнэр» Яўгеніем Прыгожыным, паведамляюць, колькі наймітаў цяпер у Беларусі і колькі ў іншых месцах.

У прыватнасьці, пра гэта паведамляе тэлеграм-канал GreyZone.

Паводле каналу, каля 12 тысяч «вагнэраўцаў» знаходзяцца ў адпачынку. У паведамленьні сьцьвярджаецца, што 1,5 тысячы наймітаў былі перакінутыя ў Афрыку ў дадатак да ня менш чатырох з паловай тысяч, якія ўжо былі там.

«І, вядома, у новым пункце часовай дысьлякацыі на тэрыторыі Беларусі цяпер знаходзяцца каля 7000 байцоў „Групы Вагнэра“», — гаворыцца ў паведамленьні.

Пра тое, колькі наймітаў ПВК «Вагнэр» знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, беларускія ўлады афіцыйна не паведамлялі.

Выведка Ўкраіны ацэньвае іх колькасьць у 10 тысяч чалавек, у Польшчы заяўлялі пра 5 тысяч.

На гэты момант вядома найменш пра 13 калёнаў «вагнэраўцаў», якія прыбылі ў Беларусь. Апошняя прыбыла ў краіну 28 ліпеня ў складзе больш за 80 адзінак тэхнікі.

Да апрыезду 13-й калёны на тэрыторыі лягеру ў пасёлку Цэль пад Асіповічамі Свабода зафіксавала як мінімум:

  • 62 тэнтаваныя фуры;
  • 534 машыны, габарытамі падобных да пікапаў УАЗ, грузавікоў-фургонаў, мікрааўтобусаў УАЗ (так званых «буханак»), мікрааўтобусаў тыпу «Газэль», УАЗ «Патрыёт», легкавых аўтамашынаў;
  • 33 аўтобусы розных мадыфікацыяў;
  • 99 грузавыя машыны рознай мадыфікацыі, у тым ліку плятформы з тэхнікай на іх, у асноўным, падобна, будаўнічай;
  • 26 грузавых машынаў ці транспартных сродкаў, памерам падобных на іх, якія маюць вайсковую расфарбоўку. Гэта могуць быць «Уралы», «КамАЗы» ці таксама бронеаўтамабілі, пра якія, напрыклад, учора паведамляла маніторынгавая група «Беларускі Гаюн».

Што важна ведаць пра наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі

  • «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
  • Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
  • Асноўнае месца дысьлякацыі вагнэраўцаў у Беларусі — вайсковая база ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, за 90 кілямэтраў ад Менску. Вайсковую базу пачалі рыхтаваць да прыезду ПВК «Вагнэр» у канцы чэрвеня. На спадарожнікавых здымках, якія публікавала Свабода, відаць, што ў лягеры паставілі больш за 300 вайсковых намётаў.
  • Паводле інфармацыі The Washington Post, ад 22 ліпеня на базу таксама прыбылі «дзясяткі, калі ня сотні» адзінак баявой тэхнікі. Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, на 22 ліпеня колькасьць расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі магла дасягаць 5 тысяч.
  • 19 ліпеня кіраўнік «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын выступіў перад наймітамі ў вёсцы Цэль, дагэтуль ён некалькі разоў туды прылятаў.
  • Другі пункт, дзе былі найміты ПВК «Вагнэр», — палігон «Берасьцейскі» на поўдні ад абласнога цэнтру. Ён месьціцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
  • 20 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб сумесным трэнаваньні на гэтым палігоне наймітаў ПВК «Вагнэр» і Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі.
  • Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы просяцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў, а потым сказаў, што гэта быў жарт.
  • 31 ліпеня 2023 году зьявіліся фота фартыфікацыяў на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі за 15 кілямэтраў ад лягеру наймітаў «Вагнэра» ў вёсцы Цэль. На здымку сэрвісу Planet Labs відаць, што на тэрыторыі палігону ідуць актыўныя будаўнічыя працы.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG