Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанская выведка: ПВК «Вагнэр», праўдападобна, скарачае штат


Яўгеній Прыгожын і Аляксандар Лукашэнка, ілюстрацыя
Яўгеній Прыгожын і Аляксандар Лукашэнка, ілюстрацыя

У Лёндане мяркуюць, што плаціць расейскім наймітам можа пачаць Лукашэнка.

Пасьля няўдалай спробы мяцяжу ў чэрвені 2023 году «існуе рэальная магчымасьць таго, што Крэмль больш не фінансуе групу», гаворыцца ў штодзённай зводцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі.

У брытанскай выведцы мяркуюць, што зараз ПВК «Вагнэр» пераходзіць да скарачэньня штату і перафармаваньня ў мэтах эканоміі.

«Калі расейская дзяржава больш ня плаціць „Групе Вагнэра“, то другім найбольш верагодным плацельшчыкам зьяўляюцца ўлады Беларусі. Аднак такія значныя па маштабах сілы сталі б істотнай і патэнцыйна непажаданай нагрузкай на сьціплыя беларускія рэсурсы», — гаворыцца ў зводцы.

Што важна ведаць пра наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі

  • «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
  • Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
  • Асноўнае месца дысьлякацыі вагнэраўцаў у Беларусі — вайсковая база ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, за 90 кілямэтраў ад Менску. Вайсковую базу пачалі рыхтаваць да прыезду ПВК «Вагнэр» у канцы чэрвеня. На спадарожнікавых здымках, якія публікавала Свабода, відаць, што ў лягеры паставілі больш за 300 вайсковых намётаў.
  • Паводле інфармацыі The Washington Post, ад 22 ліпеня на базу таксама прыбылі «дзясяткі, калі ня сотні» адзінак баявой тэхнікі. Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, на 22 ліпеня колькасьць расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі магла дасягаць 5 тысяч.
  • 19 ліпеня кіраўнік «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын выступіў перад наймітамі ў вёсцы Цэль, дагэтуль ён некалькі разоў туды прылятаў.
  • Другі пункт, дзе былі найміты ПВК «Вагнэр», — палігон «Берасьцейскі» на поўдні ад абласнога цэнтру. Ён месьціцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
  • 20 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб сумесным трэнаваньні на гэтым палігоне наймітаў ПВК «Вагнэр» і Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі.
  • Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы просяцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў, а потым сказаў, што гэта быў жарт.
  • 31 ліпеня 2023 году зьявіліся фота фартыфікацыяў на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі за 15 кілямэтраў ад лягеру наймітаў «Вагнэра» ў вёсцы Цэль. На здымку сэрвісу Planet Labs відаць, што на тэрыторыі палігону ідуць актыўныя будаўнічыя працы.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG