Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 16 жніўня: хваля затрыманьняў у Жлобіне; мужчыну, які вярнуўся з Польшчы, адправілі ў калёнію на 3 гады

абноўлена

Сілавікі. Ілюстрацыйнае фота
Сілавікі. Ілюстрацыйнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

У Магілёве мужчыну, які вярнуўся з Польшчы, адправілі ў калёнію на тры гады

Як стала вядома MAYDAY TEAM, каля месяца таму суд Ленінскага раёна асудзіў магіляўчаніна Аляксандра Кулікова да трох гадоў пазбаўленьня волі з накіраваньнем у калёнію агульнага рэжыму.

Падставай для крымінальнай справы сталі камэнтары ў адным з чатаў, прызнаным сілавікамі «экстрэмісцкімі матэрыяламі» ў траўні 2021 году. На падставе камэнтароў супраць Кулікова завялі крымінальную справу па арт. 368 Крымінальнага кодэксу Беларусі (абраза Аляксандра Лукашэнкі) і па арт. 367 КК (паклёп на Аляксандра Лукашэнку).

Як паведамілі знаёмыя Аляксандра, якія знаходзяцца за мяжой, у траўні 2023 году, ужо пасьля завядзеньня крымінальнай справы, ён выехаў у Польшчу, дзе прабыў каля месяца. Потым, калі верыць словам крыніц, яму патэлефанавала састарэлая маці, якая паведаміла, што ёй тэлефанаваў сьледчы і пагражаў вышукам сына. У той жа час было абяцана, што калі Кулікоў вернецца, яму абяруць меру пакараньня, не зьвязаную з пазбаўленьнем волі.

Празь нейкі час Кулікоў вырашыў вярнуцца ў Беларусі і быў затрыманы. На сувязь ён перастаў выходзіць падчас перасячэньня мяжы.

Прыкладна ў сярэдзіне ліпеня пачаўся судовы працэс па ягонай справе, які скончыўся для мужчыны рэальным пазбаўленьнем волі тэрмінам на тры гады.

Шматдзетнага бацьку зь Берасьця асудзілі за абразу Лукашэнкі

Бацьку траіх непаўналетніх дзяцей, берасьцейцу Алегу Пракапчуку, прысудзілі адзін год калёніі агульнага рэжыму і аштрафавалі на 100 базавых велічыняў (3 700 рублёў). Яго абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі на падставе ч.1 арт.368 КК і прадстаўніка ўлады па арт.369 КК, паведамляе берасьцейская «Вясна».

Судовы працэс вёў судзьдзя Яўген Брэган. Прысуд быў агучаны ў судзе Маскоўскага раёна Берасьця 22 чэрвеня, але вынік стаў вядомы толькі сёньня.

Алега Пракапчука затрымалі 15 сакавіка 2023 году і з таго часу не выпускалі на волю. Спачатку яго асудзілі па адміністрацыйным артыкуле за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» па ч.2 арт.19.11 КаАП за тое, што ў асабістых паведамленьнях пераслаў знаёмаму пост з тэлеграм-канала «Усы Лукашенко» і арыштавалі на 10 дзён. А ўжо 22 сакавіка 2023 года мужчыну зьмясьцілі ў СІЗА № 7 Берасьця пад варту паводле крымінальнага абвінавачаньня.

На відэа сілавікоў Пракапчук кажа на камэру, што затрыманы за камэнтары пра Лукашэнку і беларускіх вайскоўцаў.

Пакуль Алег Пракапчук знаходзіўся за кратамі, у яго нарадзілася трэцяе дзіця.

Праваабаронцы: У Жлобіне прайшла хваля затрыманьняў

У Жлобіне 15 жніўня сілавікі затрымалі некалькі чалавек, паведамляе «Гомельская вясна».

Паводле зьвестак праваабаронцаў, сярод затрыманых працаўнік БМЗ Аляксей Аўдзееў і ягоная дзяўчына. Яны жывуць у вёсцы Пірэвічы. У іх дома, а таксама ў іх бацькоў прайшлі ператрусы. На дзяўчыну склалі адміністрацыйны пратакол, а пра лёс Аляксея пакуль нічога невядома.

Таксама праваабаронцам вядома аб затрыманьні сама меней трох чалавек у Жлобіне «за непадпарадкаваньне міліцыі».

Міністэрства юстыцыі пазбавіла ліцэнзіі яшчэ дваіх адвакатак

Кваліфікацыйная камісія Мінюста пазбавіла ліцэнзіі адвакатак Марыну Вараб’ёву і Сьвятлану Пятроўскую, сказана на сайце ведамства, заўважыў рэсурс «Права на абарону».

Па выніках камісіі 10 жніўня адвакатаў Сяргея Мядзьведзева, Ларысу Сусьлікаву і Міхаіла Тарасюка прызналі «недастаткова кваліфікаванымі» — ім нельга выконваць прафэсійныя абавязкі.

У чэрвені Мінюст пазбавіў ліцэнзіі адваката, які абараняў журналіста Анджэя Пачобута.

Суд над Віталём Станішэўскім

У судзе Ленінскага раёну Менску 18 ліпеня вынесьлі прысуд 41-гадоваму беларускаму блогеру, публіцысту і перакладчыку Віталю Станішэўскаму, піша «Вясна». Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў пасьлявыбарных акцыях пратэсту ў Менску ў 2020 годзе (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу) і асудзілі на 1 год і 6 месяцаў «хатняй хіміі» (абмежаваньне волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу).

Справу разглядала судзьдзя Юлія Шчоткіна.

Па матэрыялах абвінавачаньня, Станішэўскі «ў адзін зь верасьнёўскіх дзён прыехаў у гандлёвы цэнтар «Карона». Убачыўшы шмат людзей з сымболікай, далучыўся да іх, «разам зь нявызначанымі асобамі парушаў грамадзкі парадак... Затым, стоячы на праезнай частцы паміж Галоўпаштамтам і гасьцініцай „Мінск“, сфатаграфаваўся на свой тэлефон».

У судзе Станішэўскі свае ранейшыя паказаньні не пацьвердзіў і заявіў, што сапраўды падпісаў падчас сьледзтва ўсе працэсуальныя дакумэнты, якія ёсьць у справе, у тым ліку яўку з павіннай, паколькі невядомая асоба прысылала на тэлефон паведамленьні, пагражала паведаміць у праваахоўныя органы аб зьдзейсьненым ім злачынстве. А здымак быў зроблены на тратуары.

Суд таксама выключыў з абвінавачаньня ўказаньне аб прычыненьні «Менскаўтатрансу» матэрыяльнай шкоды на суму 5839 рублёў 65 капеек.

Раней Станішэўскага ўнесьлі ў сьпіс «асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасьці».

Прысуд жыхару Барані за патрыятычны вокліч

Суд Воршы і Аршанскага раёну прызначыў 15 дзён арышту жыхару Барані за пратэст, піша orsha.eu.

У нядзелю, 6 жніўня, мужчына адпачываў у адкрытай кавярні ў цэнтры Воршы, каля езуіцкага калегіюму. На разьвітаньне ён выгукнуў патрыятычны лёзунг «Жыве Беларусь!».

Сам жа мужчына не пагадзіўся з арыштам і заявіў, што выгукнуў лёзунг ня ў знак пратэсту, а таму што любіць Беларусь, а іншых лёзунгаў няма.

Тое, што мужчына любіць Беларусь, суд прызнаў «неверагодным, бо гэтыя абставіны не адпавядаюць рэчаіснасьці».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG