ГУБАЗіК затрымаў беларуса з-за кампутарнай гульні
Затрыманьне адбылося за тое, што мужчына ў кампутарнай гульні World of Tanks разьмясьціў на танку «Пагоню».
Пра затрыманьне паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы. На відэа, якія сілавікі, як вядома, здымаюць пад ціскам, а часам і зь фізычнымі катаваньнямі, мужчына кажа, што нібыта пакідаў абразьлівыя камэнтары ў тэлеграм-каналах і наведаў адну з пасьлявыбарчых акцый пратэсту.
Праверыць праўдзівасьць словаў мужчыны ў журналістаў пакуль няма магчымасьці. Нярэдка людзі пад узьдзеяньнем сілавікоў агаворваюць сябе.
Жыхара Верцялішак пад Горадняй асудзілі да двух гадоў калёніі за «паклёпы» і «абразы»
7 жніўня ў судзе Горадзенскага раёна вынесьлі прысуд 55-гадоваму жыхару Верцялішак пад Горадняй Аляксандру Бірэту. Судзьдзя Віталь Сініла прысудзіў яму два гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Пракурор запытваў тры гады калёніі, піша «Вясна».
Акрамя таго, Бірэта мусіць выплаціць тысячу рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды. «Пацярпелая» супрацоўніца АМАП Марыя Мазуркевіч хацела ўдвая большую суму.
У працэсе фігуравалі шэсьць эпізодаў. Бірэту абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), ч. 2 арт. 367 (паклёп у дачыненьні да Лукашэнкі), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 188 (паклёп).
Украінца, які жыве ў Беларусі, затрымалі за камэнтары пра расейцаў
Сілавікі затрымалі грамадзяніна Ўкраіны, які жыве ў Беларусі, за камэнтары пра расейцаў. Блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал заяўляе, што ўкраінец «плюнуў у твар беларускаму народу». На відэа сілавікі дэманструюць камэнтары ад карыстальніка зь нікам Sasha Kotovskij.
На відэа мужчына кажа, што пасьля пачатку вайны быў падпісаны на мноства каналаў і «на эмоцыях» пісаў абразы на адрас грамадзян Расеі. Мужчына паведамляе, што на яго завялі крымінальную справу, яму пагражаюць тэрмін і дэпартацыя.
Жыхара Гомля абвінавачваюць ва ўдзеле ў «тэрарыстычнай арганізацыі»
Сьледчыя прад'явілі абвінавачваньне жыхару Гомля ва ўдзеле ў тэрарыстычнай арганізацыі і распальваньні нацыянальнай варожасьці і варажнечы.
Па дадзеных сьледзтва, 59-гадовы жыхар Гомля нібыта «падтрымліваў ідэі радыкальных ячэек і вырашыў далучыцца да рэалізацыі плянаў дэструктыўных элемэнтаў і экстрэмістаў»: «ён зарэгістраваўся ў тэрарыстычнай арганізацыі «Плян Перамога» і пакідаў абразьлівыя камэнтары на адрас расейскіх вайскоўцаў, якія ўдзельнічаюць у спэцапэрацыі ва Ўкраіне. Акрамя таго, затрыманы пакінуў абразьлівыя камэнтары на адрас Лукашэнкі».
Мужчыну выставілі абвінавачваньне паводле арт.130 (распальваньне нацыянальнай варожасьці і варажнечы), арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і ч. 3 арт. 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фармаваньні) Крымінальнага кодэксу Беларусі.