Ліцэнзій пазбавілі Аляксандра Ўласевіча і Сьвятлану Якушаву зь Віцебскай абласной калегіі адвакатаў, а таксама раней выключаных зь Менскай абласной калегіі адвакатаў Юрыя Козікава і Арцёма Сям’янава. Як паведамляе «Наша Ніва», прычынай называецца «зьдзяйсьненьне імі правінаў, несумяшчальных са званьнем адваката».
Са згаданых вышэй Юры Козікаў абараняў Максіма Знака і былога сьледчага Яўгена Юшкевіча, Арцём Сямʼянаў — адвакат Валянціна Стэфановіча, Тацяны Кузінай, Ігара Лосіка, Паўла Белавуса. Абодва юрысты затрымліваліся ў сакавіку, калі ўлады зладзілі на адвакатаў сапраўдную аблаву, і адседзелі суткі.
- Адвакатам Горадзенскай абласной калегіі Сьвятлане Басалай, Сьвятлане Бірылавай, Вячаславу Сапрыку і Аксане Шупіцкай абвешчана аб няпоўнай адпаведнасьці з адтэрміноўкай атэстацыі на шэсьць месяцаў пры ўмове праходжаньня павышэньня кваліфікацыі.
За час пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году дзясяткі юрыстаў, якія былі абаронцамі ў палітычных працэсах, пазбаўленыя адвакацкіх ліцэнзіяў.
Акрамя таго, у Беларусі за кратамі знаходзяцца шасьцёра адвакатаў, якія прызнаныя палітычнымі вязьнямі:
- Максім Знак (6 верасьня 2021 г. асуджаны на 10 гадоў зьняволеньня);
- Аляксандар Данілевіч (10 красавіка 2023 г. асуджаны на 10 гадоў зьняволеньня);
- Віталь Брагінец (2 лютага 2023 г. асуджаны на 8 гадоў зьняволеньня);
- Анастасія Лазарэнка (11 траўня 2023 г. асуджаная на 6 гадоў пазбаўленьня волі);
- Юлія Юргілевіч (затрыманая 30 жніўня 2022 году; на сёньняшні дзень разгляду справы яшчэ не было);
- Аляксей Бародка (затрыманы ў студзені 2023 г., 15 траўня пачаўся разгляд справы).