«Горкая навіна прыйшла сёньня ўвечары. На 55-м годзе жыцьця ня стала галоўнага рэдактара „Прэсбола“ Сяргея Лісічкіна», — паведаміла выданьне ўвечары 11 жніўня. Прычына сьмерці не ўдакладняецца.
Сяргей Лісічкін узначаліў «Прэсбол» у канцы 2020 году, зьмяніўшы на гэтай пасадзе Дзьмітрыя Герчыкава, пры якім у газэце выходзілі матэрыялы аб пратэстах супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Паводле Лісічкіна, прапанова заняць пасаду яму паступіла ад старшыні Беларускай фэдэрацыі футбола Ўладзімера Базанава.
Пасьля сустрэчы з калектывам Лісічкін спачатку адмовіўся займаць пасаду, аднак неўзабаве зьмяніў рашэньне. Пазьней ён пацьвердзіў, што на яго таксама быў ціск з боку кіраўніцтва АБФФ.
Лісічкін стаў пятым рэдактарам «Прэсбола». Да гэтага ён працаваў карэспандэнтам на тэлеканале АНТ, па сумяшчальніцтве — прэс-сакратаром клюба па хакеі на траве «Менск». Таксама ён раней пісаў для газэты «Фізкультурнік Беларусі» (цяпер «Спартыўная панарама»), супрацоўнічаў з «СБ», «Камсамольскай праўдай», «Менскім кур’ерам» і іншымі выданьнямі.
Пасьля зьмены галоўнага рэдактара выданьне перастала пісаць на вострыя тэмы, аднак на форуме сайта яшчэ заставалася прастора для свабоды слова.
У чэрвені 2023 году «па выніках маніторынгу на прадмет выкананьня нацыянальнага заканадаўства аб СМІ» Мінінфарм заблякаваў сайт «Прэсбола» pressball.by. З таго часу доступу да яго няма. 4 жніўня журналісты «Прэсбола» запусьцілі новы сайт resport.by, але яго заблякавалі на наступны дзень. Паводле інфармацыі BPN, сытуацыя, якая склалася, значна пагоршыла фінансавае становішча выданьня, якое выходзіць са студзеня 1991 году.